Вы тут

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?


Кожнаму даросламу хочацца, каб яго дзіця было паспяховае і шчаслівае. Па меры сваіх магчымасцяў бацькі ствараюць вакол дзіцяці камфортную атмасферу, дапамагаюць яму адаптавацца да новых умоў у садку, школе, гуртках, вучаць яго сябраваць, кантактаваць з іншымі людзьмі і атрымліваць веды.

Аднак ёсць асаблівыя дзеці, якім неабходна дапамога не толькі бацькоў, але і спецыялістаў.

Аддзяленне дзённага знаходжання для малых з асаблівымі патрэбамі ў Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання займаецца менавіта сацыяльнай адаптацыяй: дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, з дыягнаставаным аўтызмам, ДЦП, а цяпер і з сіндромам Даўна. Першыя такія наведвальнікі з'явіліся тут ужо два тыдні таму. Карэспандэнт «Звязды» паназірала за актыўным жыццём «сонечных малых», якія адаптуюць прастору незвычайнага садка пад сябе.


Плясканні ручак па кафлянай падлозе ў калідоры і дзіцячы смех — гэта тое, што я пачула адразу, увайшоўшы ў аддзяленне. Тут жа выхавальнік Саша падхоплівае двухгадовага Ілюшу, ставіць на ножкі і прыгаворвае: «Давай, малы, ножкамі, ножкамі!»

Маці хлопчыка Іна выглядвае з гульнявога пакоя і махае сыну рукой. Той вельмі старанна рухаецца на ножках да яе, але, не дайшоўшы пару метраў, зноў апускаецца на карачкі і такім чынам хуценька аказваецца каля маці. Усе смяюцца.

Надзяваю бахілы і разглядваю аддзяленне. На самай справе цяжка назваць трэці паверх будынка гэтага Цэнтра «аддзяленнем», бо ён ніяк не асацыюецца з бальніцай. Два вялікія гульнявыя пакоі з-за мноства цікавых цацак больш падобны на сучасныя забаўляльныя цэнтры. Кухня, дзе ёсць мікрахвалёўка, каб мамы маглі падагрэць ежу для малых, халадзільнік, чайнік, а таксама сталы і крэслы. У аддзяленні не арганізавана харчаванне, таму мамы прыносяць перакусы з сабой, калі гэта неабходна. Ёсць пакойчык для сну — там стаіць некалькі ложкаў, для тых, хто стаміўся. Ёсць месца для адпачынку бацькоў і кабінет для індывідуальных заняткаў з псіхолагам. У ванных пакойчыках вісяць картачкі-падказкі для дзяцей. На іх намалявана, у якой паслядоўнасці што рабіць, каб рукі сталі чыстымі: закатаць рукавы, уключыць ваду, узяць мыла... Такім чынам дзецям лягчэй навучыцца самастойна мыць рукі. Увогуле, сама атмасфера на гэтым паверсе падаецца нейкай хатняй і шчырай. Раней тут быў дзіцячы садок — будынак меў вялізныя зімовыя балконы, куды выносілі спецыяльныя маленькія ложачкі, каб дзеці падчас ціхай гадзіны адпачывалі на свежым паветры. Здаецца, самому будынку прыемна ад таго, што ў ім зноў чуецца дзіцячы смех.

— Мы дапамагаем асаблівым дзеткам арганізаваць побыт, развіць навыкі самаабслугоўвання, працуем над мысленнем, памяццю, увагай, уяўленнем, мовай і пры гэтым стараемся зрабіць так, каб кожны, хто да нас прыйшоў, змог тут расслабіцца і адчуваў сябе камфортна, — расказвае псіхолаг аддзялення Анжаліка ТРЫПУЦЕНЬ. — Кожнае дзіця, як вядома, мае сваю спецыфіку, і мы з кожным працуем індывідуальна. Бывае, што бацькі прыходзяць сюды разгубленыя, не могуць дапамагчы дзіцяці ў развіцці пэўнага навыку, і мы дапамагаем пераадолець бар'ер. У нас ёсць дзяўчынка Ліза, якая вельмі любіць хадзіць. У яе доўга не атрымлівалася адчыніць дзверы: убачыць іх — стаіць і плача. Але нам удалося навучыць яе не губляцца перад перашкодай.

У аддзяленні аказваюць псіхалагічную дапамогу і падтрымку не толькі дзецям, але і бацькам.

— Бацькі ведаюць, што іх тут выслухаюць і прафесійна дапамогуць, больш за тое яны могуць знайсці тут сяброў, — гаворыць загадчыца аддзялення Алена Варывончык. — Мамы да нас прыходзяць актыўныя, яны самі прыдумляюць мерапрыемствы, праводзім разам з імі розныя майстар-класы. Вось нядаўна вырашылі стварыць бацькоўска-дзіцячы тэатр. Спадзяюся, ужо на Каляды будзем паказваць сваю пастаноўку.

Самі бацькі лічаць, што гэтае аддзяленне больш падобна на вельмі камфортны дзіцячы садок. Малыя могуць наведваць яго і некалькі разоў на тыдзень, групы зусім маленькія, да васьмі чалавек. Падчас канікулаў аддзяленне запоўнена. Ходзяць дзеці рознага ўзросту — аж да 18 гадоў, калі ім гэта патрэбна. Часцей за ўсё маці таксама застаюцца ў аддзяленні, але бывае, што і сыходзяць, пакідаючы дзяцей на прафесіяналаў. Для некаторых мам гэта магчымасць трошкі адпачыць ад сваіх абавязкаў. Ну а мамы з дзеткамі, у якіх сіндром Даўна, такім чынам рыхтуюць іх да камфортнага пераходу ў звычайны дзіцячы садок.

У той дзень, калі я прыйшла, у групе было трое малых: Софія, Ілюша і Віктар. Яны весела гуляюць адно з адным, перыядычна вырываючыся на калідор з гульнявога пакоя, каб набраць хуткасць і бегчы далей.

— Мы ходзім сюды ўжо другі тыдзень, — расказвае Вольга, маці маленькага Віктара. — Выбралі рэжым, які не будзе траўмаваць дзіця. Прыходзім а дзявятай гадзіне раніцы, каля дванаццаці абедаем і едзем дадому спаць. Мне б хацелася каб ён адаптаваўся да чужых людзей і дзяцей. Для Віктара пакуль гэта праблема, а нам трэба рыхтавацца да пераходу ў звычайны дзіцячы садок. Больш за тое, мы тут нарэшце пачалі хадзіць па лесвіцы! Мне вельмі цяжка было яго насіць на руках. А тут пайшоў!

— Нашы дзеці маюць вялікую патрэбу ў зносінах, — дадае маці Софіі Алеся. — Ды і нам, бацькам, гэта неабходна. Мы можам падтрымліваць адзін аднаго, абмяркоўваць нейкія пытанні ў развіцці нашых дзетак. На самай справе гэта вялікая праблема — недахоп інфармацыі.

— Не проста недахоп, а сапраўдная ізаляцыя! — з горыччу дадае Віктар, муж Алесі. — Калі нарадзілася нашая дачка, мы сталі шукаць інфармацыю аб сіндроме Даўна. Божухна, чаго толькі не начыталіся!.. Было вельмі страшна. Але потым сталі знаходзіць людзей, у якіх таксама нарадзіліся «сонечныя дзеці», і ад іх сталі атрымліваць неабходную інфармацыю і падтрымку.

— Я даведалася, што ў мяне дзіця з сіндромам, толькі калі нарадзіла, — кажа Іна. — Дзіця нарадзілася раней за патрэбны тэрмін, і мне яго не прынеслі ў палату. Сама адшукала ў іншым аддзяленні. Глядзела на Ілюшу, і ён мне падаваўся нейкім чужым. Так прыходзіла да яго кожны дзень. А аднойчы ўбачыла, як ён плача. І як толькі дакранулася да яго, каб супакоіць, адчула, што гэты камячок самы лепшы, самы прыгожы, самы родны, ён — МОЙ.

Бацькі стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак, свае крыўды, пошукі і радасці. Расказвалі, як на іх рэагуюць суседзі, як узіраюцца ў тварыкі малых мінакі... Успаміны былі не заўсёды добрыя, але калі дзеці раптам нагадвалі пра сябе смехам, дарослыя адразу расслабляліся і імгненна ўключаліся ў гульню. У рухах дарослых не было скаванасці, бо «сонечныя малыя» навучылі іх быць адкрытымі, радавацца кожнаму дню, цаніць кожнае імгненне. Час праляцеў хутка. Бацькі і дзеці пачалі збірацца дадому. А выхавацелі чакалі ўжо новых наведвальнікаў. Толькі а палове дзявятай вечара ў незвычайным будынку згасла святло.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Сонечны садок

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.