Вы тут

Калі ты зрабіў свайго чалавека хоць крышачку больш шчаслівым, то дзень пражыты не дарэмна


Многія, у каго, здавалася б, ёсць самае галоўнае для шчасця — здароўе, чамусьці гэтага не цэняць і пастаянна скардзяцца на жыццё. Але ёсць іншыя, такія, як Алена і Канстанцін Цюхай, якія, нягледзячы на фізічныя перашкоды, здольныя цаніць кожны пражыты дзень, быць удзячнымі Богу за тое, што маюць, і шчыра, як дзеці, радавацца простым рэчам.


Алена і Косця падчас фотасесіі ў Нацыянальнай школе прыгажосці.

Мара пра выставу

Алена і Косця пазнаёміліся ў Нясвіжскім інтэрнаце, куды абое трапілі па волі лёсу. А ён у кожнага з іх даволі няпросты. Алена перасоўваецца на інваліднай калясцы, Косця хоць і ходзіць сам, але мае праблемы з нагой і рукой. Нягледзячы на істотную розніцу ва ўзросце (Косця на 13 гадоў малодшы за Алену), яны знайшлі адно ў адным роднасныя душы. З таго дня так і трымаюцца разам.

— Бацюшка, які быў замацаваны за інтэрнатам, бачыў, што мы не ўяўляем жыцця адно без аднаго, і параіў узаконіць адносіны і павянчацца, — распавядае Алена. — Я ўдзячная Богу, што звёў мяне з Косцем, бо аб такім клапатлівым мужу і сябру, як ён, можна толькі марыць.

...Асабіста я ўпершыню ўбачыла гэтую пару ў доме-інтэрнаце «Камфортнае жыццё», што ў Мінскім раёне, куды яны пераехалі жыць два гады таму, на занятку па маляванні. Калі я зайшла, Алена акуратна наносіла пэндзлікам асобныя мазкі на паперу.

— Алена ўпершыню менавіта ў нашым доме-інтэрнаце пачала маляваць фарбамі, а не алоўкамі. Як бачыце, у яе гэта цудоўна атрымліваецца. Хоць калі б вы толькі ведалі, колькі намаганняў ёй для гэтага патрабуецца! Па спіне цячэ пот, калі яна дамалёўвае свой чарговы пейзаж. Алена вельмі працавітая і мэтанакіраваная, — кажа кіраўнік гуртка па маляванні Арцём Гадалаў. — Дарэчы, і Косця таксама, гледзячы на жонку, захапіўся маляваннем. Яго тэма — караблі. Яны ў яго вельмі добра атрымліваюцца.

Лена любіць маляваць прыроду і кветкі, і марыць аб персанальнай выставе.

— Аленіна мэтанакіраванасць уражвае і з'яўляецца прыкладам у тым ліку і для нас з мужам, — кажа Алена Гадалава, якая працуе ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў культарганізатарам. — Мы стараемся развіваць яе талент, усяляк падтрымліваць. У прыватнасці, у нас ёсць мара зладзіць персанальную выставу яе карцін. З фуршэтам, з запрашэннем журналістаў, тэлебачання. Зрабіць для Алены сапраўднае свята. Засталося толькі знайсці спонсараў...

Прамень для мужа

Алена Гадалава расказвае, што пазнаёмілася з гэтай парай у Нясвіжы два гады таму.

— Неўзабаве пасля адкрыцця нашай установы мы ездзілі па іншых падобных інтэрнатах і запрашалі ўсіх ахвотных пераехаць да нас жыць. Памятаю, як разам з выхаванцамі Нясвіжскага інтэрната сабраліся за сталом, разам пілі гарбату і размаўлялі. Менавіта тады я ўпершыню звярнула ўвагу на Алену і Косцю. Яны ўвесь час жартавалі, усміхаліся. Але больш за ўсё мяне ўразіла тое, як Косця клапаціўся пра Алену. Гэта было настолькі натуральна і гарманічна! Было відаць, што ён гэта робіць не на публіку. Мяне да глыбіні душы кранула, што цяжка і аднаму, і другому, але можна так проста трымацца разам і не наракаць на лёс.

Алена і Косця рэгулярна наведваюць малітоўны пакой, тым самым паказваюць прыклад астатнім.

— Нягледзячы на ДЦП і звязаныя з гэтым дыягназам асаблівасці маўлення, Алена пачала вучыць да свят вершы, — працягвае культарганізатар. — Калі я першы раз ёй гэта прапанавала, яна крыху разгубілася. Але потым сама выбрала верш у інтэрнэце і вельмі добра яго вывучыла на памяць.  Цяпер у нас такая традыцыя: да ўсіх святочных канцэртаў Лена абавязкова развучвае штосьці новае. Яна сама выбірае доўгі і даволі складаны верш. А мужу і сваім сябрам-калясачнікам — карацейшыя, і кантралюе, каб яны ўсё добра вывучылі. Алена нават навучылася правільна дыхаць, калі чытае верш. Я адымаю мікрафон, каб яна зрабіла ўдых — і тады яна вымаўляе наступны радок.

Калі Косця з Аленай да нас пераехалі, першае, што ўразіла, — чысціня і ўтульнасць, якія яны падтрымліваюць у сваім пакоі. Гэтая сямейная пара з'яўляецца цэнтрам прыцягнення для іншых жыхароў. Да іх у пакой пастаянна прыходзяць госці, яны разам п'юць гарбату, каву. Алена — лідар нашай мужчынскай тусоўкі (сёння ў доме-інтэрнаце сярод маладых інвалідаў толькі адна жанчына. — Аўт.). Таму калі трэба сабрацца на нейкае мерапрыемства ці штосьці абмеркаваць, я заўсёды звяртаюся менавіта да яе, бо ведаю, што яна хуценька арганізуе астатніх. Алена вельмі адказная. Гэтую адказнасць яна прывівае і Косцю. Яна для яго як прамень, і ён на гэтае святло ідзе.

Сям'я, якую ты сам выбіраеш

Пасля абеду я зазірнула ў пакой да Алены і Косці. І сапраўды была прыемна здзіўлена — настолькі там па-дамашняму ўтульна. Алена і Косця разам са сваім сябрам сядзелі за сталом і пілі гарбату.

— Знаёмцеся, гэта Валодзя — анёл-ахоўнік нашай сям'і. Ён быў сведкам на нашым вяселлі, а цяпер жыве ў суседнім пакоі.

— Я сюды прыходжу як да сябе дадому, — усміхаецца мужчына.

— Пасля таго, як Нясвіжскі інтэрнат закрылі, мы з Косцем перае- халі ў «Камфортнае жыццё», — распавядае Алена. — Валодзю ж перавялі ў Лагойск. Але як толькі сюды завіталі прадстаўнікі з камітэта (па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама. — Аўт.), мы з мужам папрасілі, каб нашага сябра перавялі ў гэты дом-інтэрнат. Так як былі свабодныя месцы, нам пайшлі насустрач.

У пакоі сямейнай пары ўтульна як дома.

— З Аленай я знаёмы ўжо 15 гадоў, ажно з Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната. Таму наша сяброўства сапраўднае, праверанае часам. Косця з Аленай для мяне вельмі дарагія. Яны нават больш, чым сябры — гэта мая сям'я. Таму я адчуваю за іх адказнасць. Бацюшка мяне папрасіў, паколькі я быў у іх сведкам на вяселлі, рабіць усё магчымае, каб гэты шлюб не разваліўся. Алена і Косця, як вы, напэўна, заўважылі, вельмі гаспадарлівыя. Дырэктар дома-інтэрната ім як сямейнай пары выдзеліла халадзільнік, але Лена захацела, каб у іх з Косцем быў свой, — тлумачыць Валодзя. — Таму, як толькі з'явілася такая магчымасць, скінуліся і купілі яго. Ад пенсіі па інваліднасці нам застаецца 10 працэнтаў (астатняе ідзе на пражыванне), якія-ніякія грошы ёсць, і мы імі распараджаемся як хочам.

— Мне заўсёды хацелася стварыць там, дзе я жыву, дамашнюю абстаноўку, — кажа Алена. — Але ў Нясвіжы не было такой магчымасці, бо там, калі б і хацеў штосьці набыць, не было дзе паставіць, пакойчык быў маленькі. А тут інтэрнат новы, сучасны, і нам як сямейнай пары адразу ж выдзелілі самы вялікі пакой.

— Да нас тут вельмі добра ставяцца, — кажа Косця. — І кормяць вельмі добра. Але ўсё адно час ад часу заказваем дастаўку, каб Лену папесціць марожаным і сезоннай садавіной — клубніцамі, чарэшнямі, персікамі, абрыкосамі...

Духоўная еднасць

Яшчэ звярнула ўвагу, што на сценах і кніжных паліцах у пакоі Алены і Косці шмат ікон. Частку набывалі самі, іншыя атрымалі ў падарунак. У гэтай пары, паводле слоў культарганізатара, духоўнае паразуменне. Абое вераць у Бога, таму вельмі абрадаваліся, калі сёлета ў доме-інтэрнаце адкрыўся малітоўны пакой.

— Айцец Стэфан, настаяцель прыхода Храма свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі, асвяціў яго і блаславіў мяне, бо я ў свой час скончыла курсы пры Духоўнай акадэміі, чытаць тут малітвы з насельнікамі дома-інтэрната, — кажа Алена Гадалава. — Калі ў нас яшчэ не было малітоўнага пакоя, мы збіраліся ў актавай зале. Алена з Косцем не прапусцілі ніводную нашу сустрэчу. Яны ведаюць на памяць усе асноўныя малітвы і з'яўляюцца прыкладам для іншых, у тым ліку і ў духоўным жыцці. Калі бачаць, што ў кагосьці з супрацоўнікаў дома-інтэрната нейкія праблемы, абавязкова моляцца за іх. У прыватнасці, жыццёвыя абставіны склаліся так, што мы з мужам ужо збіраліся сыходзіць з дома-інтэрната. Дык яны мне нядаўна сказалі: «Мы молімся, каб вы з Арцёмам Анатольевічам не сышлі ад нас!» І што вы думаеце? Намалілі, што мы ўрэшце засталіся тут працаваць на паўстаўкі!

На сцяне над ложкам вісяць вясельныя фотаздымкі ў рамачках.

А яшчэ ў пакоі Алены і Косці шмат кветак. Яны паўсюль — на паліцах, на падаконніках, самыя вялікія — у гаршках на падлозе.

— Алена вельмі любіць кветкі, — кажа Валодзя. — І Косця, ведаючы гэта, на пяцігоддзе іх сумеснага жыцця вырашыў парадаваць каханую і зрабіць ёй сюрпрыз. Мы, сябры, таксама далучыліся. У выніку падарылі Лене 23 ружы. Яна не чакала такога. І нават расплакалася ад шчасця.

— А якога колеру ружы?

— Белага, — усміхаецца Алена. — Гэта мой любімы колер.

Для сваіх 45 гадоў Алена цудоўна выглядае, з густам апранаецца. А яшчэ Косця навучыўся вельмі добра рабіць жонцы прычоску. Некалькі месяцаў таму Алене з Косцем нават зладзілі прафесійную фотасесію ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Гэта быў для іх вельмі цікавы досвед.

Мары падаткамі не абкладаюцца

«Івашка — турыст!» — данеслася з клеткі з папугайчыкам...

— Папугай у нас незвычайны. Гэта Косця яго навучыў размаўляць. Івашка жыве ў нас ужо трэці год, а чарапашкі (Алена паказвае на акварыум) — пяты. Іх нам падарыла на гадавіну вяселля медсястра, яшчэ калі мы жылі ў Нясвіжы. Косця ў мяне наогул малайчына, — кажа Алена, і па вачах і інтанацыі відаць, як яна ганарыцца мужам, — сам навучыўся рамантаваць камп'ютары, мабільныя тэлефоны, мяняе прашыўкі. У яго гэта цудоўна атрымліваецца. Калі хтосьці папросіць штосьці адрамантаваць, Косця ніколі не адмаўляе.

Ужо потым ён прызнаўся, што марыць займацца рамонтам камп'ютараў прафесійна. Каб мець магчымасць часцей дарыць жонцы кветкі.

У Алены таксама ёсць мара. І не адна. Яна вельмі хоча, як сапраўдная гаспадыня, гатаваць ежу для сваёй сям'і. А таксама сказала, што была б самай шчаслівай, калі б пабачыла мора.

— Месяц таму мы на вадасховішча з імі выходзілі, — кажа Алена Гадалава. — Дык Алену хлопцы на руках занеслі ў ваду. Яна радавалася як дзіця! У Алены столькі пазітыву і веры ў будучыню, што Косця побач з ёй таксама свеціцца, становіцца напоўненым і ўпэўненым у сваіх сілах.

На развітанне я папрасіла Алену і Косцю падзяліцца сакрэтам сямейнага шчасця. І пачула вельмі глыбокую рэч. Многія думаюць, што галоўнае ў сям'і — грошы. Аднак без кахання, узаемнай падтрымкі і шчырага жадання радаваць адно аднаго гэтыя паперкі нічога не вартыя. Калі ты зрабіў свайго чалавека хоць крышачку больш шчаслівым, то дзень пражыты не дарэмна.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара і Вадзіма КАТКОЎСКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.