Вы тут

Гісторыя аднаго дарэвалюцыйнага фота


Складанне радаводу — гэта захапляльны працэс, падобны на археалагічныя раскопкі ці работу дэтэктыва. Калі знаходзіш нейкія новыя факты аб продках, узнікае ўражанне, што натрапіў на скарб. Гэтак і ёсць! 

Але, магчыма, на пачатак вывучэння сваіх каранёў вам нічога не будзе вядома пра сваіх прабабуль ці прадзядуль. Што тады рабіць?


Сямейная пара Іона і Людзьвіка Пятрыла

Зазірнуць у бабулін альбом

Каб генеалагічнае дрэва атрымалася надзвычай галінастым і максімальна інфарматыўным, неабходна сабраць пра кожнага продка пэўны набор звестак: прозвішча, імя, імя па бацьку; месца і дата нараджэння; дата і месца пахавання; род дзейнасці; атрыманая адукацыя; веравызнанне; месца і дата шлюбу; колькасць дзяцей, братоў, сясцёр з пазначэннем поўнага прозвішча, даты і месца іх нараджэння. Шукаць такую інфармацыю будзем у наступным парадку:

1. Старанна разбяром сямейны архіў. 

2. Завітаем у госці да сваякоў і правядзём апытанне. 

3. Сістэматызуем атрыманыя вынікі. 

4. Падрыхтуемся да першага візіту ў дзяржаўны архіў і даведаемся, як працаваць з дакументамі. 

5. Даследуем адкрытыя анлайн-базы ў інтэрнэце і іншыя віды крыніц па генеалогіі.

Пра кожны этап пагаворым асобна. А пачнём з вывучэння дакументаў і фотаздымкаў, якія захоўваюцца ў вашай сям’і. Здымайце з антрэсоляў і пільна разглядайце ўсе сямейныя паперы: лісты, дзённікі, паштоўкі, граматы, характарыстыкі, пасведчанні аб узнагародах, вайсковыя, прафсаюзныя ці нават... тэатральныя білеты — гэта дапаможа атрымаць шмат цікавай, часам нечаканай, інфармацыі аб тым, кім былі і як жылі вашы старэйшыя родзічы. Асабліва карыснымі будуць пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, смерці, дыпломы, атэстаты, працоўныя кніжкі — з імі лягчэй за ўсё пачынаць пошук у дзяржаўных архівах. Звяртайце ўвагу ў першую чаргу на даты: у будаванні радаводу яны — ключавыя зыходныя пункты.

Пры даследаванні фотаздымкаў уключайце інтуіцыю і выкарыстоўвайце дэдукцыю, як сапраўдны Шэрлак Холмс! Шукайце подпісы на адваротным баку фотакарткі. Часам разам з азначэннем года, калі яна зроблена, пазначаецца і ўзрост сваяка, што дазваляе вылічыць год яго нараджэння. Ускрывайце рамкі са старымі фатаграфіямі. На адвароце можна знайсці таксама каштоўныя даты і іншыя пасланні продкаў. Фотакарткі сваякоў у ваеннай форме падкажуць, у якога роду войсках і ў якім чыне яны служылі і прыблізны год, калі зроблена фота. На гэтым этапе часта выяўляюцца прабелы ў сямейнай гісторыі ці, наадварот, з дакументаў адкрываюцца загадкавыя факты, пра якія вам захочацца даведацца больш.

Усе знойдзеныя дакументы і фотаздымкі адсканіруйце і захавайце ў лічбавым фармаце. Далей выкарыстоўвайце менавіта іх. Арыгіналы вярніце на месца, каб не згубіць важныя пасведчанні жыцця продкаў.

Архангельскі з вуліцы Срэценка, 21

Ёсць шчаслівыя ўладальнікі ўнікальных дарэвалюцыйных фотаздымкаў, якія захоўваюцца ў іх сем’ях больш за сто гадоў. І менавіта такі рарытэт я трымаю ў руках (фота № 1). Фота зроблена ў фотаатэлье «Рэмбрант» прыкладна ў 1914–1917 гадах. З фатаграфіі з лёгкай усмешкай глядзіць на мяне вытанчаная, элегантна апранутая маладая жанчына. Твар трошкі адхілены, адкрыты лоб, гладкая прычоска. З-пад доўгай спадніцы, стыльна аздобленай шэрагам гузікаў, відаць модныя чаравікі з абцасамі, на руцэ — шлюбны пярсцёнак, на шыі — залочаны медальён, у якім у тыя часы захоўвалі на памяць пасмачку валасоў свайго дзіцяці.

Яе сужэнец — у чорным фраку, верхні гузік па модзе расшпілены, бездакорна белая кашуля, з бабачкай, туфлі начышчаны да бляску. Інтэлігентны, у акулярах, сабраны і падцягнуты. Быццам бліскучы лектар выступае перад публікай. Безумоўна, таленавіты фатограф выверыў да дробязяў іх позы, паварот галавы. Але позірк — далікатна мяккі, шчыра ветлівы, не спазіруеш, яго святло можа ісці толькі знутры, як і гармонія адносін паміж сабой у пары.

На адвароце — надрукаваны малюнак кветкі і надпіс: «Фатаграфія „Рэмбрант“ С. М. Архангельскага, Масква, Срэценка, д. 21, вугал былога Сухараўскага завулка, тэл. 206-84. Здымкі вырабляюцца пры дзённым і электрычным асвятленні (І. Гекъ, Масква). Негатывы захоўваюцца» (фота № 2).

Сямейная пара на фота — мае дзядуля і бабуля: Іона і Людзьвіка Пятрыла. А сам фотаздымак — шанц даведацца аб важным перыядзе іх жыцця. Абодва яны родам з Шаўляйскага павета, Іона працаваў гадзіннікавым майстрам і быў прадстаўніком у швейцарскай фірме «Tіssot». Людзьвіка служыла ў сямействе графа Нарышкіна. Прыкладна ў 1914 годзе яны пабраліся шлюбам у Рызе, а з пачаткам Першай сусветнай вайны з’ехалі ў Маскву. Потым ім давялося качаваць па Урале: Пярмі, Екацярынбургу, Нованікалаеўску. Напэўна, перад ад’ездам з Масквы Іона з Людзьвікай зайшлі ў фотаатэлье «Рэмбрант» і зрабілі тое самае фота, якое я трымаю ў руках. І вось калі я вызначу дату фотаздымка, то, магчыма, высветлю, калі дакладна яны адправіліся на Урал. І для гэтага ў мяне ёсць тры «ключыкі»: назва фотаатэлье, адрас і прозвішча фатографа.

Цікава, што фотаатэлье з назвай «Рэмбрант» у тыя часы былі фенаменальна папулярныя. Зазірнуўшы ў «Алфавітны спіс фатаграфічных фірм Расійскай Імперыі, 1839–1917 гады» на сайце: https://fototіkon, я налічыла больш за паўсотні «Рэмбрантаў»: у Архангельску, Баку, Барнауле, Бранску, Беластоку, Варшаве, Вільне, Дзвінску, Ламжэ, Екацярынбургу, Казані, Кіеве, Львове, Адэсе, Ташкенце, Томску, Чыце, Уладзікаўказе, Санкт-Пецярбургу.

У Беларусі існавала тры фотастудыі «Рэмбрант»: у Брэст-Літоўску — па вуліцы Паліцэйскай, у доме Пружана; у Магілёве-Падольскім у атэлье з такой назвай працаваў фатограф А. Брунштэйн, а ў Мінску — Восіп Бернштэйн. У кнізе «Мінск: паштоўкі і фотаздымкі» Аляксандра Вялічкі ў спісе фатографаў дарэвалюцыйнага Мінска ўдакладняецца, што ў 1905 годзе фотаатэлье «Рэмбрант» размяшчалася па вуліцы Захар’еўскай, 71, у доме Зальцмана. Яе заснавальнік — мешчанін Восіп Бернштэйн атрымаў пасведчанне на занятак прафесійнай фатаграфіяй № 178/4 ад 20 студзеня 1900 г. І працаваў па гэтым адрасе ў 1910–1912 гадах. Пазней студыя знаходзілася па Захар’еўскай вуліцы, у доме Ельскага.

У Беларусі першыя фотамайстэрні з’явіліся ў 1860-х гадах. У Мінскай губерні дазвол атрымалі калежскі сакратар Карнэлій Бржэўскі з землямерам Прохаравым (1866 г.); у Магілёўскай губерні — вольнанаёмны чарцёжнік Мендзялей Талкачэўскі (1864 г.); у Гродзенскай губерні — мешчанін Ілья Штуман (1864 г.); у Віцебскай губерні — купец Пашкоўскі (1863 г.). У канцы ХІХ стагоддзя ў Мінску працавала чатыры такія кабінеты, а ў пачатку ХХ стагоддзя — ужо 94 у 34 розных гарадах і мястэчках. У Гродне, напрыклад, фотаатэлье былі адкрыты Доўнарам-Запольскім, Ізраілем Садоўскім, Люцыянам Казлоўскім, у Слоніме — Вайнштэйнам па Параднай вуліцы, у Брэст-Літоўску — Віснеўскім па Мядовай вуліцы, у Ваўкавыску — Францам Выбраноўскім па Шпітальнай, у Кобрыне — Гольцманам Фішалем па Бабруйскай вуліцы. (Звесткі аб гэтым я атрымала з анлайн-крыніцы «Уся Расія — 1899, 1900, 1902, 1912. Адрас — Каляндар і Даведачная кніжка губерняў: 1907, 1914, 1915 гады»).

Рукапісы не гараць, а негатывы захоўваюцца!

Фотаздымкі ў тыя часы наклейваліся на паспарту (бланкі), якія рабіліся з раскошнага брыстольскага кардону, на адвароце размяшчаўся фірменны малюнак, адрас фотамайстэрні, звесткі аб фатографе і яго дасягненнях на міжнародных выставах. Але некаторыя фотаатэлье ў мэтах эканоміі ставілі на паспарту просты штамп са звесткамі аб фатографе без малюнка, іншыя наогул рабілі паспарту без звестак аб фотаатэлье, а толькі з надпісам на вонкавым баку: Cabіnet portraіt, Souvenіr ці Vіsіt portraіt.

Адваротны бок паспарту фотаатэлье «Рэмбрант»

Па даных Фатаграфічнага календара на 1891 год, фарматы паспарту мелі наступныя памеры: міньён — 40×78 мм; візітны — 65×105 ці 82×127 мм; кабінетны — 108×166 мм. Самымі распаўсюджанымі былі «кабінеткі» і «візіткі». Паспарту для іх замаўлялі ў друкарнях. Улічваць, у якой друкарні былі зроблены паспарту, нам важна для таго, каб удакладніць дату фотаздымка, які быў на іх наклеены.

Фотаздымкі маглі дазволіць сабе заможныя людзі. Фота памерам 9×12 см каштавала амаль як чайная сярэбраная лыжка. У 1861 годзе з’явілася прапанова ў «тузінах». Групавы фотаздымак каштаваў 1 рубель 50 капеек, візітны партрэт — паўтара рублі за тузін, кабінетны — 4 рублі за паўтузіна.

У фатаграфічным працэсе ўжываліся солі золата, плаціны, рэдкіх металаў, цыяніды і ўранавыя растваральнікі, ртутныя кампаненты. Іх свабодна куплялі ў аптэках і фотамагазінах. Нездарма фотаапарат называўся фатаграфічным станком: ён быў вялікага памеру і перасоўваўся па падлозе на колах. Здымаліся па значных падзеях: дні нараджэння, шлюбы, выпуск вучэбнай установы. Твары пакрывалі тлустым слоем белай пудры і нерухома сядзелі перад камерай не менш за 20 хвілін.

Негатывы ў той час уяўлялі сабой шкляныя пласціны, на іх падчас фотаздымкі праецыраваўся адбітак, затым ён праяўляўся і фіксаваўся. Негатывы ў атэлье захоўваліся, і ў любы час можна было замовіць паўторны друк.

Дык што я расследавала пра згаданае вышэй фота маіх родных, якое зрабіў С. М. Архангельскі? Ці ўдалося мне вылічыць дату? Так.

Я знайшла інфармацыю, што фотаатэлье «Рэмбрант» па вуліцы Срэценка, д. 21, працавала з 20 верасня 1902 года да 1925 года. Але, калі прагледзела крыніцу — «Уся Масква. Адрасная і даведачная кніга. М., 1917. Раздзел «Гандлёва-прамысловыя прадпрыемствы г. Масквы і яе прыгарадаў», то выявіла зарэгістраваных па гэтым адрасе ў розныя гады іншых фатографаў (Вінклер А. Ф., Папоў І. І., Зісман А. Х.). І толькі ў адным — 1917 годзе, — нарэшце, «усплывае» прозвішча нашага С. М. Архангельскага. Гэта і ёсць той запаветны год, калі фатаграфаваліся Іона і Людзьвіка.

Дарэчы, паспарту Архангельскі замаўляў у Івана Карлавіча Гека — вядомага маскоўскага літографа, які працаваў у 1902–1918 гадах. Гэты факт, як вішанька на торце, канчаткова пацвярджае год фота. А ўвогуле, гэта быў захапляльны пошук, чаго і вам вельмі зычу!

Сапраўды, рукапісы не гараць, негатывы захоўваюцца, а памяць аб іх творцах жыве!

Ала ЖУР

Фота з сямейнага архіва аўтара

(Працяг будзе)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.