Вы тут

Якія сацыяльныя ініцыятывы беларусаў атрымалі прызнанне на Sосіаl Wееkеnd


Трэнінгі для бацькоў неданошаных дзяцей, стварэнне інклюзіўнага пляжа для людзей з інваліднасцю на тэрыторыі Мінскага мора, народны маніторынг дробных часціц у паветры, якія з'яўляюцца фактарамі рызыкі развіцця сур'ёзных захворванняў, — гэтыя і яшчэ 12 праектаў-фіналістаў змагаліся за прызавы фонд у 75 000 рублёў трынаццатага сезона конкурсу сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd. Нядаўна былі названыя праекты-пераможцы.


Людзі з ДЦП хочуць вучыцца, працаваць, займацца спортам і... жыць як усе

Яна Кармаш з Брэста калісьці не магла трапіць ракеткай па мячы, а цяпер яна кандыдат у майстры інваспорту, чэмпіёнка Беларусі па настольным тэнісе сярод людзей з парушэннем апорна-рухальнага апарату. У 13-м сезоне конкурсу сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd дзяўчына прадставіла праект свайго трэнера Юрыя Лагадзюка «Рэабілітацыя дзяцей з ДЦП праз настольны тэніс», які дапамог сотням хлопчыкаў і дзяўчынак з інваліднасцю стаць на п'едэстал і адчуць сябе чэмпіёнамі. Гэты праект атрымаў Гран-пры конкурсу, а выступленне Яны — самыя бурныя і доўгія апладысменты гледачоў.

Сама Яна Кармаш у секцыю настольнага тэніса для інваспартсменаў прыйшла, калі ёй споўнілася 14 гадоў, і, як прызнаецца дзяўчына, гэта кардынальна змяніла яе жыццё. Яна пачала ездзіць на спаборніцтвы, пазнаёмілася з такімі ж людзьмі з ДЦП, як і яна, што займаюцца спортам, і ўбачыла, што тыя жывуць звычайным жыццём. Працуюць, вучацца, шукаюць каханне, ствараюць сем'і...

Зараз Яна працуе сакратаром-рэферэнтам і вучыцца на завочным аддзяленні БрДТУ на факультэце эканамічнай тэорыі і лагістыкі. Яна жыве як усе і хоча, каб навакольныя ўспрымалі яе як звычайнага чалавека, а не як чалавека «з абмежаванымі магчымасцямі». А ў будучыні марыць адвучыцца на трэнера і самой дапамагаць людзям з інваліднасцю.

Наогул, секцыя па настольным тэнісе, дзе з дзецьмі, што маюць парушэнні апорна-рухальнага апарату, займаецца прафесійны трэнер, у Брэсце працуе ўжо некалькі гадоў. Але зараз зала, у якой займаюцца дзеці, не мае безбар'ернага асяроддзя і трэнажораў, якія маглі б палепшыць якасць трэніровак і паскорыць рэабілітацыйны працэс. Мэта праекта «Рэабілітацыя дзяцей з ДЦП праз настольны тэніс» — стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб гэтым відам спорту маглі займацца хлопчыкі і дзяўчынкі з дзіцячым цэрэбральным паралічам. 10 тысяч рублёў, якія выдзеліў праекту мецэнат Ігар Жабароўскі, пойдуць на набыццё неабходнага абсталявання і інвентару.

Гатовыя працаваць і зарабляць

У гарадскім пасёлку Зэльва Гродзенскага раёна жывуць каля сямі тысяч чалавек. Жыццё тут цячэ ціха і мерна, і, мабыць, адзінае, што азмрочвае гэтую пастараль, — адсутнасць годнай працы. У пасёлку ёсць усяго адзінае вытворчае прадпрыемства — пякарня. Аднойчы школьная настаўніца хіміі і біялогіі Наталля Гром, якой надакучылі ныццё і скаргі яе знаёмых на жыццё, задумалася аб тым, якую вытворчасць можна было б запусціць у пасёлку сваімі сіламі. Як біёлага яе турбавала і такая праблема, як зарастанне мясцовых вадаёмаў трыснягом, і неяк да Наталлі прыйшло рашэнне: можна ж чысціць вадаёмы ад трыснягу і рабіць з яго потым паперу!

Ідэя спадабалася, яе падхапілі іншыя настаўнікі і школьнікі. Пазней да іх далучыліся і пенсіянеры — тыя з іх, хто хоча адчуваць сябе карысным, гатовыя працаваць і хацеўшыя б зарабляць.

«Наш праект вырашае адразу дзве экалагічныя праблемы, — расказала Наталля Гром, чыя ідэя прайшла ў фінал Sосіаl Wееkеnd. — Першая — мы чысцім вадаёмы і атрымліваем бясплатную сыравіну для вытворчасці паперы, і другая — наша прадукцыя не шкодзіць прыродзе. Напрыклад, каб абясшкодзіць макулатуру, у яе дадаюць шмат хімікатаў. А для нашай паперы патрабуецца толькі варэнне ў шчолачы і адмыванне вадой.

Пакуль вытворчасць паперы з трыснягу Znоvа з'яўляецца мануфактурай — гэта значыць усю працу супрацоўнікі робяць сваімі рукамі. У планах — аўтаматызаваць яе і даць работу як мага большай колькасці людзей. У тым ліку школьнікам і людзям на пенсіі.

У фінале Sосіаl Wееkеnd праект Znоvа атрымаў у падарунак хостынг ад кампаніі hоstеr.bу.

І космас стане бліжэй...

Прыз сімпатый гледачоў заваявала ініцыятыва «Школа бацькоўства», накіраваная на навучанне бацькоў неданошаных дзяцей навыкам догляду немаўлят у хатніх умовах на спецыяльных адукацыйных трэнінгах.

Кожны год у Беларусі нараджаецца каля 4500 неданошаных немаўлят. І іх бацькі не заўсёды ведаюць адказы на самыя простыя на першы погляд пытанні. Напрыклад, ці даваць імя свайму дзіцяці, як доўга яно прабудзе ў кювёзе (скрыня з празрыстага шкла з аўтаматычнай падачай кіслароду і з падтрыманнем аптымальнай тэмпературы, у якую змяшчаюць неданошанага або хворага нованароджанага), якія будуць наступствы і ці можна іх перамагчы. Уявіце маму, якая не можа ўзяць на рукі дзіця пасля родаў і не ведае — ці зможа наогул... У «Школе бацькоўства» бачаць два напрамкі сваёй працы: трэнінгі з удзелам дактароў і іншых спецыялістаў для тат і мам па-за аддзяленнямі і трэнінгі для бацькоў у аддзяленнях радзільных дамоў.

Мецэнаты высока ацанілі ініцыятыву па стварэнні інклюзіўнага пляжа для людзей з інваліднасцю, мабільную праграму СаtZu, якая здольная ўзяць на сябе частку функцый лагапеда і дапамагчы дзіцяці сфарміраваць правільнае вымаўленне, а таксама праект «Глуша Адамовіча» па стварэнні турыстычнай інфраструктуры ў пасёлку Глуша і іншыя праекты.

А самы вялікі прыз — 16 000 рублёў — атрымаў праект Мінскага планетарыя па арганізацыі міжнароднага фестывалю паўнакупальных фільмаў. Паўнакупальнае кіно (Fulldоmе Fіlms) — адзін з самых маладых і відовішчных напрамкаў у кінаіндустрыі. Адлюстраванне ў такім фільме выводзіцца на купал з аглядам 360 градусаў, глядач бачыць карцінку вакол сябе і атрымлівае адчуванне поўнага паглыблення ў візуальную прастору і атмасферу фільма. Паўнакупальныя фільмы ў нашай краіне магчыма пабачыць толькі ў планетарыі. Але там устаноўлены старыя праектары, якія ўжо вычарпалі свой рэсурс. На грошы, атрыманыя ў якасці прыза, у планетарый плануюць купіць чатыры праектары FullHD і абяцаюць, што космас стане для наведвальнікаў больш рэалістычным і блізкім.

* * *

Усяго на конкурс Sосіаl Wееkеnd у гэтым сезоне прыйшлі 383 заяўкі з усёй краіны. Былі праекты ў сферы культуры, экалогіі, аховы здароўя, па інфраструктуры гарадоў і вёсак. Пасля народнага галасавання ў чвэрцьфінал прайшлі 50 праектаў, з іх фіналістамі сталі 15 ініцыятыў. Пераможцаў выбіралі члены журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады краіны, міжнародных некамерцыйных арганізацый, мецэнатаў.

Рэспубліканскі конкурс сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd існуе больш за пяць гадоў. За гэты час было прадстаўлена больш за тры тысячы ўнікальных ідэй. Гэты конкурс адкрыты для любых праектаў і іх хуткай рэалізацыі ў любым кутку краіны. За ўвесь час дзякуючы конкурсу ініцыятывы атрымалі падтрымку больш чым на $300 тыс. у эквіваленце.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Ідэі для лепшага жыцця

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.