Вы тут

У Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы ў Мінску прайшоў круглы стол на тэму «Ведай і любі сваю Радзіму»


У Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Мікалая Астроўскага ў Мінску прайшоў круглы стол на тэму «Ведай і любі сваю Радзіму», падчас якога супрацоўнікі бібліятэк, педагогі, пісьменнікі і прадстаўнікі беларускіх выдавецтваў абмяркоўвалі шляхі выхавання патрыятызму ў дзяцей і моладзі.


Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Пазнякоў адзначыў ролю сям'і, школы і дзіцячых бібліятэк з якаснай літаратурай у выхаванні дзяцей. Пісьменнік прапанаваў у кожнай бібліятэцы адкрыць кабінеты пісьменнікаў, каб дзеці мелі магчымасць размаўляць з аўтарамі кніг і абмяркоўваць з імі любыя тэмы, якія іх хвалююць. На думку Міхаіла Пазнякова жывыя бяседы дапамогуць юнаму пакаленню ўсвядоміць важнасць любові да Радзімы і каштоўнасць міру ў грамадстве.

Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірына Буторына прэзентавала ўдзельнікам круглага стала праект «Ад культуры чытання да культуры асобы», скіраваны на тое, каб выклікаць цікаўнасць у моладзі да літаратурнай спадчыны.

Праект працуе ўжо пяць гадоў, за гэты час было праведзена каля 120 урокаў, асновай якіх стала дзіцячая беларуская літаратура і сусветная дзіцячая казка. Праект карысны не толькі дзецям, але і студэнтам, якія рыхтуюць пазнавальныя мерапрыемствы для малых. Такім чынам будучыя педагогі усведамляюць важнасць і ацэньваюць прывабнасць сваёй будучай прафесіі.

Загадчыца сталічнай дзіцячай бібліятэкі № 16 Вольга Ціткова падзялілася сакрэтамі індывідуальнай работы з маленькімі чытачамі. Яна расказала, як супрацоўнікі бібліятэкі з дапамогай даступных падарункаў ( часопісаў і налепак) заахвочваюць маленькіх наведвальнікаў удзельнічаць у конкурсах і віктарынах.

— Вельмі важна падтрымліваць цікавасць малых да беларускай мовы, — лічыць бібліятэкар. — Часцей прэзентаваць кнігі айчынных аўтараў і ўдзяляць асаблівую ўвагу тэме Вялікай Айчыннай вайны.

Намеснік дырэктара выдавецтва «Беларусь» Вольга ВАНІНА расказала ўдзельнікам мерапрыемства пра новыя кнігі выдавецтва, якія знаёмяць з дасягненнямі суайчыннікаў у розных сферах дзейнасці — ад мастацтва да спорту.

— Нашы выданні — краязнаўчыя, гістарычныя, біяграфічныя, мастацкія і навукова-папулярныя — маюць мэтай выклікаць у дзяцей і моладзі гонар за свой народ і дзяржаву, спрыяюць таму, каб палюбіць месца, дзе нарадзіўся і жывеш, — сказала Вольга Ваніна.

Удзельнікі круглага стала мелі магчымасць пазнаёміцца з кніжнай выставай «Мая радзіма — Беларусь», якую арганізавалі супрацоўнікі Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі. На выставе былі прадстаўлены выданні, якія карыстаюцца папулярнасцю ў маленькіх чытачоў.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Каб любіць, трэба ведаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».