Вы тут

Як беларускамоўныя настолкі захапляюць рынак гульняў?


Напружанне, якое павісла ў дзіцячым пакоі, можна было ледзь не нажом рэзаць. Перад мужам ляжала некалькі картак з намаляванымі на іх рознакаляровымі алоўкамі. Дзве дачкі 6 і 10 гадоў глядзелі на бацьку ва ўпор, здавалася, нават, не міргаючы.

— Тата, апошні шанц! Засяродзься! «Конік»?!


Наталля Галко, аўтар гульняў.

Муж умольна паглядзеў на мяне. Дзяўчынкі, убачыўшы гэта, шыкнулі ў мой бок і паказалі на дзверы.

Ужо некалькі дзён запар у маіх дзяцей новая забава — настольная беларускамоўная гульня. І калі б мне яшчэ месяц таму хто-небудзь заявіў, што мая 10-гадовая дачка, якая мае ў школе праблемы па прадмеце «белмова», будзе з зачараваннем гуляць у настолку на роднай мове — не паверыла б.

Муж вучыў беларускую мову ў школе, але амаль не практыкуе яе ў паўсядзённым жыцці, і таму для яго гульня, разлічаная на дзяцей 5+, здаецца няпростай. Ён павінен падабраць колер алоўкаў, намаляваных на картцы, да слова, якое назавуць дзеці. Змог гэта зрабіць у дачыненні да слова «рамонак». Падабраў тры колеры — белы, жоўты, зялёны — і зарабіў бал.

Калі няправільна падбярэ колеры да слова «конік», бал атрымаюць дзяўчынкі. Пасля некаторых роздумаў муж дастае картку... з карычневым алоўкам. Дзяўчынкі пераможна ўскрыкваюць:

— Конік, тата, гэта на рускай мове «кузнечик»!

Аўтар гульні, у якую гуляла мая сям'я, — Наталля Галко. Яна педагог і распрацоўшчык больш чым 40 развіццёвых гульняў на беларускай мове для дзяцей і дарослых. Яна тая, хто рэгулярна дапамагае праводзіць гульнятэкі на беларускай мове ў кнігарнях і бібліятэках краіны. Яна тая, хто здолела зрабіць вывучэнне роднай мовы, славутых месцаў краіны, кветак, цікавых беларускіх фразеалагізмаў цікавым і вясёлым заняткам. Са сваім праектам «Скарбонка гульняў» удзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў «Socіal Weekend» і выйшла ў фінал. Як так атрымалася, што яна стала папулярызаваць вывучэнне роднай мовы і чаму цікаўнасць да гэтага праекту становіцца ўсё большай?

— На самай справе гульня са мной з дзяцінства, — расказвае Наталля. — Я заўсёды любіла гуляць у настолкі, удзельнічаць у віктарынах, рабіла крыжаванкі, рэбусы, такія вось пазнавальныя гульні былі мне цікавыя. Калі я стала працаваць настаўніцай, то заўсёды прыдумвала да ўрокаў нейкія цікавыя гульні. Мне так было лягчэй выкладаць, а малым — успрымаць. Таксама я рабіла, калі перайшла працаваць у развіццёвы цэнтр для дзяцей. У прынцыпе, адзін з галоўных пасылаў педагогікі — гэта якраз вучоба праз гульню. Рабіла ўсе матэрыялы і гульні для заняткаў уручную: выразала, клеіла, малявала... Дзеці добра ўспрымалі такі фармат навучання. Маёй узнагародай былі вочы, якія аж свяціліся, і патрабаванні пагуляць яшчэ.

— Вы адразу ўсе матэрыялы рабілі на беларускай мове?

— Не, доўгі час усе мае гульні былі на рускай мове, бо школы, дзе я працавала, таксама былі рускамоўныя. Ужо стаўшы супрацоўнікам развіццёвага цэнтра, працавала са школьнікамі малодшых класаў, і наша задача была дапамагчы дзецям зрабіць хатняе заданне і падцягнуць па тых прадметах, па якіх у малых узнікалі цяжкасці. І гэта была не матэматыка, а беларуская мова! Часоў на прадмет у першым-другім класах адводзіцца няшмат, а матэрыял даволі складаны, калі ўлічваць, што і бацькі найчасцей рускамоўныя. Каб гэтых дзетак заматываваць вывучаць родную мову і зрабіць яе цікавай, я стала рабіць для іх гульні і на беларускай мове. Бацькі сталі хваліць дзяцей, бо іх адзнакі па мове пачалі паўзці ўверх.

— Як атрымалася, што ваша спроба зацікавіць дзяцей мовай стала паспяховым праектам на Рэспубліканскім конкурсе «Socіal Weekend»?

— Навакольныя і знаёмыя сталі адкрыта мне прапаноўваць паўдзельнічаць у конкурсе, бо бачылі, як гэта цікава дзецям і педагогам. Я не вельмі амбіцыйны ў гэтым плане чалавек, таму, мабыць, калі ўдзельнічала першы раз, у мяне не атрымалася. Але галасоў не хапіла зусім крышачку. Шанц меўся, і было відавочна, што ў людзей ёсць зацікаўленасць маім праектам. Падчас першай спробы я знайшла цудоўную мастачку, якая зрабіла мне 7-8 гульняў у электронным выглядзе. Памятаю тую радасць ад усведамлення, што справа тваіх рук пераходзіць на новы ўзровень. Я за ўласныя грошы надрукавала першы тыраж гульняў і прапанавала сваім калегам, сябрам і вучням пагуляць у іх. Тады атрымала шмат добрых водгукаў і падзяк. Таму і прыняла рашэнне паўдзельнічаць у конкурсе другі раз. І ў мяне ўсё атрымалася.

— Што асабіста атрымалі ад удзелу ў конкурсе?

— На самай справе гэты конкурс — вельмі крутая ідэя. На працягу ўсяго часу нас вучылі спецыялісты высокага ўзроўню з розных сфер дзейнасці прасоўваць свае праекты. Мы мелі магчымасць прыходзіць на розныя лекцыі і майстар-классы, дзе нас вучылі, як стварыць прыватны бізнес, як пісаць пасты ў сацыяльных сетках, як працаваць са СМІ. Пасля кожнага курса мы павінны былі рабіць дамашнія заданні: ці стварыць у сацсетках сваю суполку, дзе будзе не адзін-дзесяць удзельнікаў, а нашмат больш, ці зрабіць прэзентацыю праекта так, каб інвестары захацелі ўкласці ў яго грошы, ці зацікавіць журналістаў ідэяй, каб выданне згадзілася апублікаваць пра гэта матэрыял. І потым з часам мы мусілі прадставіць свой праект спачатку ў чвэрцьфінале, потым — у паўфінале, а потым — і ў фінале. Папраўдзе я не спадзявалася, што ў мяне атрымаецца прайсці ў фінал. Удзел у конкурсе даў магчымасць зразумець, што мая ідэя падабаецца грамадству, і таму яна можа калі-небудзь стаць маім заробкам. Напачатку тры гульні на тысячу асобнікаў былі надрукаваны з дапамогай донараў, але гэтага аказалася недастаткова. Каб гульні з'явіліся на паліцах кнігарняў, трэба было зрабіць для іх сертыфікат і штрыхкоды. З гэтым мне таксама дапамаглі арганізатары конкурсу. Цяпер я ведаю, як што робіцца.

— Вы працягваеце распрацоўваць новыя гульні?

— Так. І ў мяне з'явілася большая аўдыторыя, дзе магу паказаць навінкі і ўбачыць, ці будзе яна папулярнай сярод пакупнікоў. Сёння мае гульні можна набыць у буйных і вядомых кнігарнях — «Белкніга», «Акадэмкніга», а таксама ў прыватных крамах. Мяне пачалі запрашаць на спецыяльныя гульнятэкі, і вось там я паказваю свае навінкі. Працуе сайт, на якім можна даведацца аб кожнай гульні больш падрабязна. Сёння ёсць ужо больш за сорак беларускамоўных гульняў для дзяцей. Я распрацоўвала гульні для дзетак з чатырох гадоў, але заўважыла па водгуках, што набываюць іх і для малечы двух-трох гадоў, бо на картках намаляваны яркія карцінкі. Калі дзіця пачынае чытаць, то падпісаныя словы можна выкарыстоўваць для замацавання навыкаў чытання.

Дарослыя апошнім часам таксама любяць пагуляць у настолкі. Неаднойчы бачыла, як бацькі на гульнятэках не вытрымліваюць і пачынаюць падказваць дзецям ці разам з малымі абмяркоўваюць заданне. Цяпер нярэдка падобныя мерапрыемствы ў бібліятэках і кнігарнях пераходзяць у спаборніцтвы паміж сем'ямі. Памятаю, як летам мяне запрасілі арганізаваць гульнятэку на лецішчы, дзе сабралася некалькі сем'яў. Але аказалася, што дзеці займаліся сваімі дзіцячымі справамі, а дарослыя «секліся» паміж сабой у беларускамоўныя гульні. Мне было вельмі прыемна назіраць за гэтым.

— Як вы лічыце, з чым звязана такая вялікая цікавасць да вашых гульняў?

— Магчыма, у краіне з'явілася пакаленне, якое ўсё больш цікавіцца сваімі каранямі, мовай і традыцыямі. Людзі заўважылі, што мова і традыцыі — гэта тая спадчына, якая робіць нас, беларусаў, унікальнымі. У нас вельмі прыгожая краіна, багатая мова, добрыя і таленавітыя людзі. Галоўнае — заўважыць гэта і зберагчы.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.