Вы тут

Другое жыццё пачалося ў археалагічнага музея «Бярэсце»


Адным з мерапрыемстваў ІV Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі» стала прэзентацыя абноўленай экспазіцыі музея «Бярэсце»

Больш за 120 музеяў Беларусі разгарнулі свае выстаўкі ў Брэсцкім лёгкаатлетычным манежы, дзе ў мінулыя выхадныя прайшоў чацвёрты форум музеяў краіны. Самыя розныя экспазіцыі, пачынаючы ад сівой даўніны і да нашых дзён, прадстаўлялі розныя мясцовасці і розныя этапы жыцця продкаў і сучаснікаў. Зброя і ваенныя падзеі, народная творчасць, дасягненні адукацыі, навукі, тэхнікі — кожны з наведвальнікаў знаходзіў для сябе нешта цікавае. Тут жа праходзілі і майстар-класы: можна было паспрабаваць сябе ў ролі фехтавальшчыка, навучыцца заварваць адмысловы травяны чай альбо дакрануцца да мастацтва нашых прабабуль у справе вышыўкі і ткацтва.


— Сучасны музей становіцца мультыкультурным цэнтрам. Ён перастаў быць месцам, дзе проста захоўваюцца духоўныя каштоўнасці. Музей робіць акцэнт на інавацыі, каб стаць цікавым нават для дзяцей, — адзначыла на адкрыцці форуму першы намеснік міністра культуры Наталля КАРЧЭЎСКАЯ.

Сапраўды, ад музеяў і іх прапаноў вочы разбягаліся. А тое, што ў самым пачатку наведвальнікаў сустрэў робат-гід Міроша, распрацаваны ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце, сведчыла, што сучасны музей нават інтэрактыўная ўстанова.

Каб пазнаёміцца з творчасцю Шагала і Малевіча, аказваецца, не абавязкова ехаць у Віцебск. Дзякуючы мультымедыйным аб'ектам і сэнсарным экранам, гэта можна было зрабіць і ў Брэсце. Экспазіцыю прэзентаваў Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва. А музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча нават прапаноўваў набыць аксесуары, вырабленыя ў стылі авангардызму.

Нямала экспазіцый было прысвечана Вялікай Айчыннай вайне: партызанская зямлянка і лясная школа, падпольная друкарня з урочышча Хаваншчына пад Івацэвічамі — знаёмілі з жыццём і побытам партызанскіх атрадаў.

А вось вядомы нават за межамі нашай краіны музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» пакарыў не інтэрактывам, а найперш аўтэнтыкай. Гэтыя яркія фартухі з вясёлым малюнкам, што выйшлі з-пад іголак драгічынскіх вышывальшчыц, здольныя ўзняць настрой кожнаму, хто на іх глядзіць. Месяц таму давялося назіраць, як спыняліся каля выстаўкі фартушкоў падчас святкавання тысячагоддзя Брэста замежныя госці. Сапраўды, нават у самым разнастайным горадзе майстроў абмінуць гэтую стракатую прыгажосць немагчыма.

Многія музеі прадстаўлялі эпоху сярэднявечча. Але ж найважнейшай падзеяй форуму можна, відаць, назваць прэзентацыю абноўленай экспазіцыі археалагічнага комплексу «Бярэсце». Яго нездарма называюць каралём усіх музеяў. Бо, напрыклад, у тысячагадовым Брэсце няма нічога старэйшага за квартал жылых і гаспадарчых пабудоў ХІІІ стагоддзя. Таму можна сказаць, што адсюль пішацца гісторыя горада. Яшчэ варта нагадаць, што гэта адзіны ў Еўропе музей сярэднявечнага ўсходнеславянскага горада ХІ—ХІІІ стагоддзяў. Падчас раскопак пад кіраўніцтвам Пятра Лысенкі, якія вяліся з 1969 года на плошчы 1800 квадратных метраў, знайшлі дзясяткі драўляных пабудоў, якія добра захаваліся. Адкапалі нават вулічныя маставыя, агароджы, шматлікія прадметы матэрыяльнай культуры. Над гэтым раскопам, які складае аснову экспазіцыі музея, узвялі спецыяльны павільён з бетону, шкла і алюмінію памерам 40х60 метраў.

Музей «Бярэсце» быў адчынены ў 1982 годзе. З той пары яго наведала больш за тры мільёны чалавек. Зразумела, што праз столькі гадоў паўстала пытанне аб абнаўленні аб'екта. Першая чарга капітальнага рамонту завяршылася яшчэ ў 2017 годзе. Тады шмат зрабілі ў плане мадэрнізацыі. Напрыклад, замянілі шкляныя вітражы фасадаў, з'явіліся новая сістэма вентыляцыі, падсветка. Апошнія два гады ішоў працэс рээкспазіцыі.

На службу музейным работнікам прыйшлі інтэрактыўныя тэхналогіі: цяпер тут паспяхова суіснуюць новае і старое. Галоўны ж экспанат — археалагічны раскоп на глыбіні чатырох метраў — застаецца нязменным. А вось іншыя памяшканні паступова мяняюцца. Залы-нішы, аформленыя ў стылі «хай-тэк», ацанілі не ўсе наведвальнікі, асабліва старэйшага пакалення. На што дырэктар музея Святлана ШЧЭРБА па-філасофску заўважыла: «Мы цяжка расстаёмся са звыклым. А вось моладзі падабаецца. Разлічваем на іх як на патэнцыйных наведвальнікаў».

І сапраўды, у фондах музея захоўваецца 43 тысячы прадметаў. Вядома, усе выставіць немагчыма, але ж новая экспазіцыя папоўнілася матэрыяламі, якіх раней не было і якія пашыраюць уяўленне пра побыт берасцян, эканамічны і культурны складнікі горада той пары. У адной з залаў музея ўладкавана жытло гараджаніна тых часоў, там будуць праводзіць музейныя заняткі.

Вядома, асаблівая ўвага аддаецца ўнікальным экспанатам, знойдзеным падчас раскопак. Менавіта гэтыя знаходкі сталі доказамі, што дазволілі паставіць кропку ў навуковых спрэчках. У 1980 годзе на міжнародным кангрэсе па славянскай археалогіі Пётр Фёдаравіч Лысенка абверг гіпотэзу польскіх гісторыкаў пра тое, што Брэст заснавалі польскія плямёны. Першым аргументам сталі пацеркі са срэбнымі шарыкамі ўнутры, якія вырабляла толькі адно племя — дрыгавічы, другім — свінцовая падпісная пячатка тураўскага князя. І галоўным доказам выступіў самшытавы грэбень з кірыліцай, старажытны буквар. Як вядома, палякі кірыліцай не карысталіся. Усё гэта цяпер расказваюць наведвальнікам пры дапамозе сучасных сродкаў, якімі сталі інтэрактыўныя пляцоўкі з QR-кодамі, інсталяцыямі, элементамі відыявізуалізацыі. А яшчэ экскурсантаў сустракаюць аб'ёмныя раставыя фігуры майстроў, рамеснікаў, жыхароў горада за штодзённымі клопатамі. Гэта спрыяе стварэнню эфекту прысутнасці. Сапраўды, з маладым пакаленнем наведвальнікаў трэба гаварыць на іх мове. Яны прыходзяць, счытваюць смартфонам QR-код і атрымліваюць усю цікавую ім інфармацыю.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: Інтэрактыў на службе ў даўніны

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.