Вы тут

Казімір Лышчынскі (1634—1689). Жыццёвы шлях


Казіміра Лышчынскага пакаралі за вольналюбства, за тое, што ўсумніўся ў традыцыйных ісцінах. Ён адвергнуў Бога, а значыць, замахнуўся на манапольную ўладу царквы над душамі людзей, і царкоўнікі не даравалі яму. Суд над ім быў судом над свабоднай думкай.


Яшчэ ў гады навучання ў езуіцкім касцёле ў Бярэсці ў Казіміра прачнуўся дапытлівы розум, хацелася разабрацца з пытаннямі, «што ставяцца ўсімі», хацелася ведаць больш, чым яго вучылі. Гэтая цяга да ведаў прымусіла шляхціца-воіна змяніць свой лёс — і замест вайсковай службы ён у 1658 годзе вярнуўся да вучобы, цяпер ужо ў Кракаўскім езуіцкім калегіуме, прыняўшы манаства. Пасля заканчэння вучобы ён быў памочнікам рэктара езуіцкага калегіума ў Бярэсці. У 1666 годзе Лышчынскі пакідае ордэн езуітаў і вяртаецца ў родавы маёнтак Лышчыцы, атрыманы ў спадчыну ад бацькоў. У спакойнай абстаноўцы Лышчынскі паглыбіўся ў вывучэнне кніг, шукаючы ў іх пацверджання сваіх смелых думак. Па заўвагах на іх старонках можна ўбачыць ход разваг: «Мы, атэісты, так думаем», «Значыць, я паказваю, што Бога няма».

Гэтак ён збіраў чужыя меркаванні, асэнсоўваў іх, думаў і пісаў уласны трактат пад красамоўнай назвай — «Аб неіснаванні Бога». Казімір так і не абнародаваў трактат, асцерагаючыся расправы, і ніхто апроч суровых суддзяў не чытаў яго.

З «Трактата» вынікала, што Бога прыдумалі людзі. «Рэлігія створана людзьмі без рэлігіі. Богабоязь выдумалі людзі, каб ім пакланяліся як Богу. Боязь перад Богам намоўлена тымі, хто яго не баіцца, каб іх баяліся. Вера, пра якую кажуць, што яна ад Бога, з'яўляецца чалавечай гісторыяй». Сваім трактатам Лышчынскі аднімаў у царкоўнікаў уладу над чалавечай душой і сумленнем. Ён наўпрост піша: «Лжэмудрацы падманваюць просты народ, адпужваючы яго лжывай верай у Бога, і падтрымліваюць яе такім чынам, што нават калі б мудрацы захацелі вызваліць народ з дапамогай праўды ад гэтага прыгнёту, дык мудрацоў душаць з дапамогай самога ж народа». Ён хацеў, як утапіст, «мець свет без улады, гарады без начальнікаў, народ без валадароў».

Лышчынскі адкрыў школу для выкладання сваіх вольных ідэй, выказваў іх у 1687 годзе на берасцейскім сойміку. Прысутныя жахнуліся. Царква пачала паляванне на вальнадумца. Сусед Лышчынскага, не жадаючы вярнуць яму пазыку, выкраў трактат і перадаў яго віленскаму біскупу Казіміру Бжастоўскаму. Па просьбе біскупа кароль Ян ІІІ Сабескі загадаў узяць вальнадумца пад варту. Царкоўны суд вынес жорсткі прысуд — спаліць бязбожніка. Аднак за яго заступілася берасцейская шляхта, і вышэйшы суд — Трыбунал ВКЛ — адмяніў біскупскі прысуд. Толькі царква не адступіла. Супраць Лышчынскага склалася змова каталіцкіх біскупаў на чале з польскім прымасам. Пад іх ціскам кароль даў згоду разгледзець справу Лышчынскага на Варшаўскім сойме. Судзіў Лышчынскага соймавы суд. З абвінавачваннем супраць яго выступіў езуіт Шымон Куровіч. «Я абвінавачваю яго ў тым, што ён адважыўся на 265 старонках не толькі паказваць Пана Бога як няіснае стварэнне фантазіі, сляпую выпадковасць і скінуць яго з надзвычайнай і недасягальнай вышыні, але і асмеліўся прыпісаць уладу і кіраванне зямлёй і небам натуральнай прыродзе; самога ж пана Бога назваў выдумкай, пачварай, пустой святасцю, чалавечым стварэннем, існасцю, створанай у марах, не маючай быцця, а тых, хто верыць у Бога, назваў рабамі бажаства, ідалапаклоннікамі, стваральнікамі Бога; настаўнікаў жа святой каталіцкай веры, багасловаў — рамеснікамі пустазвонства, паўзунамі, невідушчымі, абаронцамі бязглудзіцы, памылак, састарэлых хітрыкаў. Ён бязбожна абражаў іх, пяром самога д'ябла пісаў бясконцыя блюзнерствы супраць Найсвяцейшай Тройцы, Божага ўвасаблення, паўстання з мёртвых...

Ён вінны больш, чым у бацьказабойстве, бо забіў агульнага айца неба і зямлі, з-за чаго здрыганулася сама смерць, прызначаная для выкуплення чалавечых грахоў Богам...» Закончыў сваё абвінавачванне Куровіч заклікам пакараць Лышчынскага смерцю.

Лышчынскі спакойна выслухаў абвінавачванне, стрываў і знявагі прысутных, і заклікі пакараць «гэтую жахлівую пачвару». Яму заставалася мужна і стойка бараніць калі не жыццё (пэўна, разумеў сваю асуджанасць), дык свой гонар і годнасць, каб не выглядаць «гідкім чалавекам або вырадкам». Толькі тры чалавекі выступілі ў абарону Казіміра Лышчынскага, але яны не маглі выратаваць яго. Выпрабаванне на дэмакратыю шляхта не вытрымала, не абараніла свайго шляхціца ад інквізіцыі царкоўнікаў.

Перад пакараннем Казіміра Лышчынскага яшчэ месяц трымалі ў вязніцы, дамагаючыся ад яго адрачэння. Важна было не толькі знішчыць мысліцеля, але і забіць яго ідэю. Пакаралі мысліцеля 30 сакавіка 1689 года на Старым рынку ў Варшаве на вачах шматлюднага натоўпу. Распаленымі шчыпцамі ў яго вырвалі язык і вусны, а пасля спалілі на вогнішчы. Попел паклалі ў снарад і выстралілі з гарматы ў «Тартарыю». Ягоныя ка́ты лічылі, што разам з прахам згіне назаўжды і імя вальнадумцы, і яго ідэі спазнання света — ды пралічыліся.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.