Вы тут

Мастацтва, якое не дае адысці ад гендарных стэрэатыпаў


Маскульт увасобіў адзін са сваіх сюжэтаў — фільм «Любоў-маркоў» — у новай тэатральнай пастаноўцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Гендарныя выкрунтасы». Прэм'ера камедыі Аляксандра Гарцуева па п'есе Андрэя Курэйчыка — суаўтара сцэнарыя той самай «Маркові» ды іншых папулярных расійскіх кінакарцін накшталт «Ёлак» і «Руху наперад» — адбылася 31 сакавіка. Хоць назва ўключае ў сябе моднае слова і прадугледжвае прэтэнзію на актуальнасць, бо гендар займае ўсё больш месца ў парадку дня, адносіны да надзённага самога спектакля аказаліся фіктыўнымі.


Гендарныя так званыя выкрунтасы, а ў значнай ступені і палавыя (бо пол і гендар — натуральна, розныя рэчы), у пастаноўцы базуюцца на прымітыўных скетчах, дрымучых гіпербалах і немагчымых ужо стэрэатыпах, якія, праўда, больш падыходзілі да кантэксту 2006 года, калі на экраны выйшла «Любоў-маркоў».

Матыў небезвядомы, бо некалі разыгрываўся на ўсіх даступных тэлеканалах суседняй краіны: у «Гендарных выкрунтасах» сужэнцы Артур і Таццяна сварацца і апантаныя кідаюць адно аднаму пажаданне аказацца на іх месцы і зразумець, як цяжка імі быць. Тут з'яўляецца прадстаўнік амерыканскай кампаніі ў касцюме а-ля супергерой і выконвае гэтыя жаданні.

Героі развітваюцца з ім і вяртаюцца ўжо новымі людзьмі — яны памяняліся не толькі сваімі сутнасцямі, але і адзеннем (нелагічна, але трэба было неяк маркіраваць пераход). То-бок жанчына аказалася ў целе свайго валасатага мужа, а мужчына атрымаў тонкія далікатныя ногі. Але што іх больш за ўсё жахнула — чужыя палавыя органы, на што камедыйны складнік спектакля робіць асаблівы акцэнт і паказвае тып гумару ўвогуле. (А скажыце, было б весялей памяняцца целамі, але захаваць свае галоўныя палавыя прызнакі — і для герояў не так страшна, і больш сімвалічна для сучаснага кантэксту.)

З гэтага пачынаюцца амаль дзвюхгадзінныя прыгоды, падчас якіх персанажы павінны зразумець і прыняць адно аднаго, каб у канцы муж пайшоў гатаваць галубцы і першы раз за ўвесь спектакль даць сімвалічны намёк на актуаліі. Маўляў, сацыяльныя ролі мужчын і жанчын насуперак забабонам і стэрэатым — роўныя, і гэта ёсць знак сённяшняга дня. Хоць да апошняга моманту знакамі сённяшняга дня альбо «надзённасцю», як сказана ў анатацыі, «Выкрунтасы» цікавяцца фармальна, павярхоўна і вымушана.

А можа, не цікавяцца ўвогуле: кур'ёзная камедыя, заснаваная на простых і зразумелых патэрнах, прызначаных для непатрабавальнай публікі, функцыяй бяздумнай камедыі хай і абмяжоўваецца, а «гендар» у назве і «надзённасць» у анатацыі, магчыма, з'яўляюцца выпадковасцю.

Што дзіўна, разам з целам супрацьлеглага полу, Артур і Таццяна атрымліваюць столькі гіпербалізаваных адзнак маскуліннасці і фемініннасці, колькі ў нармальнага чалавека цяжка ўявіць. «Гэта мастацкая ўмоўнасць, патрэбы жанру!» — могуць парыраваць мне, ну і натуральна, бо трэба ж прымусіць гледача смяяцца з таго, як Андрэй Новік у ружовым халаціку манернічае і назойліва папраўляе банцік на галаве, а Людміла Сідаркевіч, выканальніца ролі Таццяны, уроскідку ходзіць з падбітым вокам.

Што, згодна з «Гендарнымі выкрунтасамі», непазбежна ўяўляе сабой мужчына? — ён зарабляе грошы і выхваляецца гэтым перад жонкай, татальна няўважлівы, схільны да алкаголю, раскідвае шкарпэткі, глядзіць футбол, брутальна штурхае сябра ў плячо ў знак прывітання (настолькі брутальна, каб ніхто не падумаў, што ён гомасексуаліст), б'ецца ў барах, ненавідзіць цешчу і так далей.

Жанчына ж пакутуе ад недахопу ўвагі з боку мужа і плямы на канапе, любіць шопінг, з калегамі па рабоце разводзіць плёткі, скардзіцца сяброўцы на сваё прыватнае жыццё, інстынктыўна рэагуе на згадку якой-небудзь рамантычнай гісторыі, гатуе, у падарунак заслугоўвае пыласос, пральную машыну і мультыварку, раўнуе і скандаліць, мае платанічнае каханне з бібліятэкарам, прадумвае варыянты найбольш выгаднага для яе разводу.

Стэрэатыпы і міфы перавіліся паміж сабой у характарах галоўных герояў, каб тэатральнай камедыі было лягчэй смяшыць гледача. Чухаць ногі ў калготах, шаптаць за спінай у цешчы праклёны, ісці з сякерай на палюбоўніка жонкі — гэта ж так зразумела і блізка. І трывіяльна — як у 2006-м, так і асабліва сёння.

Аўтары, здаецца, палічылі, што бесперапынная пераацэнка гендарных роляў і распаўсюджанне свабоды на палавыя трансфармацыі за дванаццаць гадоў (а ў гэтым кірунку ў грамадскай думцы адбываюцца, напэўна, адны з самых інтэнсіўных змен) на ўспрыманне сюжэта ніяк не паўплываюць. Таму выкрунтасы «Маркові» замест сэнсаўтваральных, прынцыповых рэчаў паднавілі хіба што адсылкамі да фільмаў, у якіх быў задзейнічаны Курэйчык, і пусцілі ў абарот, зноў.

Альбо падумалі, што гэтыя абмены паміж мужчынам і жанчынай так ці інакш адсылаюць да гендарных роляў у сучасным свеце. Яны ж зразумелі адно аднаго! Ён жа пайшоў гатаваць галубцы!

У выніку «Выкрунтасы» бачацца прымітыўнай камедыяй, якая тым больш прайграе, што выходзіць у 2019 годзе і не ўлічвае яго рэаліі. Здаецца нават, фантастычны абмен душамі, які адсылае да таго, што ва ўсіх на вуснах, стаў толькі нагодай узяць на сцэну ўжо вядомую па кіно і ад таго больш прывабную камедыю.

Затое безумоўнай вартасцю спектакля застаецца прыемны мінімалістычны антураж з фатаграфіяй сужэнцаў, якая на час перасялення душ кладзецца выявай на стол, Давідам і Венерай. Ён добра балансуе з неабходнымі тут манернічаннем і перабольшваннем акцёраў, што ў рамках сваіх задач нядрэнна разышліся. Колерамузыка з музычнымі паўзамі ў сваю чаргу аблягчаюць вэрхал, які адбываецца на сцэне.

Трэба сказаць, мы зноў безнадзейна адстаём: нават знакавая кінакарціна «Тутсі», таксама камедыя, з пераўвасабленнем Дасціна Хофмана ў жанчыну, што выйшла на экраны ў 1982 годзе, кажа пра гендар больш, чым «надзённая» пастаноўка РТБД 2019 года па прымітыўных ідэях Андрэя Курэйчыка.

Мужчыны раскідваюць шкарпэткі і п'юць гарэлку, жанчыны пляткараць і скандаляць — і нікуды нам ад гэтага не дзецца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота з архіва РТБД

Загаловак у газеце: Не выкруціцца

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.