Вы тут

Гарманічнае перапляценне арыстакратычнага і народнага


Ужо 93 гады як перастала існаваць правакацыйнае літаратурнае аб’яднанне ОБЭРИУ («Аб’яднанне рэальнага мастацтва»), аднак галасы кожнага з яго ўдзельнікаў працягваюць гучаць і сёння, набываючы розныя інтанацыі. 8 красавіка 2023 года ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля «Вось я і прыйшла» рэжысёра Аляксандра Бародкі па матывах аповесці «Старая», урыўкаў з празаічна­га зборніка «Выпадкі», вершаў і дзённікаў Данііла Хармса — здаецца, самага неадназначнага (настолькі, наколькі неразгаданага) пісьменніка першай паловы XX стагоддзя. Паспрабуем разабрацца, чым адрозніваецца рэжысёрская інтэрпрэтацыя ад сюжэта літаратурнага твора.


«Вось я і прыйшла» — пастаноўка цалкам у духу РТБД (хто часта там бывае, той зразумее, чаму): гарманічнае перапляценне арыстакратычнага і народнага, выяўленае ў рэпліках герояў, рухах, песнях, музыцы, не пакідае абыякавым нават самага патрабавальнага гледача. Спектакль уяўляе сабой удалы сінтэз усіх літаратурных праяў авангардыста, футурыста Данііла Хармса: гэта і вершы, увасобленыя ў песеннай форме, і проза. Аднак галоўная сюжэтная лінія закручваецца на аснове аповесці «Старая» — твора, які ўключае ў сябе элементы абсурду, гратэску, інтэртэкстуальнасці, плыні свядомасці і падсвядомасці і іншых мадэрнісцкіх «фарбаў». Перш чым параўноўваць, варта нагадаць чытачу сюжэт твора.

Пазбаўлены імя галоўны герой — пісьменнік, у якога ўзнікла ідэя рамана. Ёсць цудатворац, які не стварае цуд: ён як бы можа, але не робіць гэтага. Мужчына настройвае сябе на тое, каб прыступіць да твора, аднак, акрамя выразу «Цудатворац быў высокага росту», нічога напісаць не можа. І тут нечакана ў кватэру галоўнага героя прыходзіць Старая (відавочна, пераломны сімвалічны вобраз, які можа мець мноства трактовак) і пачынае паводзіць сябе як гаспадыня, усе загады якой мужчына выконвае. Нечакана, як і з’явілася, Старая памірае. Галоўны герой перманентна адчувае трывогу і наважваецца ўтапіць нябожчыцу ў балоце, каб ніхто не даведаўся і нічога не западозрыў. Ажыццявіць план не атрымліваецца: у цягніку, пакуль мужчына хадзіў у прыбіральню, скралі чамадан, у якім ляжала мёртвая Старая (цікава, як успрымаецца гэты пераказ тым, хто не чытаў аповесць?). Нягледзячы на тое, што лагічна перадаць ірэальнасць мадэрнісцкага сюжэта вельмі складана, вышэй пададзены вельмі кароткі пераказ.

Няпроста акрэсліць галоўную ідэю аповесці, таму што ў творы выкарыстоўваюцца неадназначныя сімвалы, а таксама няма дакладнай тэматычнай акцэнтуацыі (тым самым важнасць набывае кожны эпізод). Усе гэтыя аргументы падводзяць да думкі: Хармс наўмысна пакінуў магчымасць кожнаму чытачу знайсці свой, асабісты адказ на пытанне: якая ідэя дамінуе ў аповесці? Алегорыі розных узроўняў — унутрыасобаснага, рэлігійнага, палітычнага, эзатэрычнага і інш. — можна знайсці ў творы.

Ёсць даследчыя працы, у якіх даказваецца, што Хармс у галоўным героі адлюстраваў сябе. Менавіта гэтую версію прыняў рэжысёр спектакля «Вось я і прыйшла» Аляксандр Бародка. Пачнём з назвы.

«Вось я і прыйшла!» — менавіта з гэтымі словамі Старая паўстае перад галоўным героем, і пачынаецца асноўнае дзеянне аповесці. Рэжысёр нездарма абраў гэтую рэпліку ў якасці назвы, бо пры пэўным мастацкім асэнсаванні і перапрацоўцы настолькі экспрэсіўны выраз можа мець мноства дадатковых сэнсаў, што і атрымалася прадэманстраваць. Калі ў творы Хармса Старая адна, то ў Аляксандра Бародкі — пяць (можа, нават шэсць — у залежнасці ад таго, з якога ракурсу паглядзець на канцоўку)! Гэтае расслаенне асобы ўзмацняе ўплыў відавочна адмоўнага персанажа: Старыя з’яўляюцца паступова, эпізод за эпізодам, тым самым запальваючы і разганяючы атмасферу вакол галоўнага героя, і прамаўляюць адны і тыя ж словы: «Вось я і прыйшла!».

Як ужо згадвалася, складана акрэсліць галоўную ідэю аповесці. Выбраць тую, якая бліжэй, можна, але не для РТБД! Сюжэт закручваецца так, што напрыканцы разумееш: кожная Старая — гэта муза, якая натхняе галоўнага героя. У Хармса ж гэта хутчэй ачалавечанае надакучлівае адчуванне немагчымасці займацца сваёй справай: пісаць раман пра цудатворца. Гэта нешта ірэальнае, неадчувальнае, што дакладна не натхняе, не падштурхоўвае да выканання чаго-небудзь, а, наадварот, прыпыняе, нават тармозіць працэс (думаю, у кожнага былі беспадстаўныя прычыны не займацца той творчай справай, якая прыносіць задавальненне: проста так, «не хачу»). Такая рэжысёрская інтэрпрэтацыя дае магчымасць гледачу ўбачыць адваротны бок ідэі Хармса: тое, што ніяк не датычыцца «Старой». Таму і многія «дробязі» спектакля выкананы наадварот. Напрыклад, у Хармса быў момант, калі герой баяўся, што Старая ажыве і ўкусіць яго, але гэтага не здарылася, а ў «Вось я і прыйшла» — адбылося. Гэта зроблена з той жа мэтай: паказаць рознабаковы (і станоўчы, і адмоўны) уплыў Старых-муз, прымусіць героя — Хармса (ролю, дарэчы, выконваюць два акцёры: Максім Брагінец, Дзяніс Аўхарэнка) — выйсці за межы аднаго сказа.

У пастаноўцы выраз «А што, па-вашаму, горш: нябожчыкі ці дзеці?» быў наўмысна заменены на іншы: «А што, па-вашаму, горш: нябожчыкі ці людзі?» Такое сэнсавае змяненне тэксту мае маральна-духоўныя прычыны, што нівелюе правакацыйную аўтарскую пазіцыю. Думаю, ні для каго не навіна, што Хармс ненавідзеў дзяцей, аднак такая характэрная фарба не можа прысутнічаць на палатне рэжысёра, які не падтрымлівае гэтую пазіцыю.

Варта назваць яшчэ аднаго персанажа аповесці — Сакердона Міхайлавіча, якога таксама іграюць два акцёры: Сяргей Шымко і Максім Карасцялёў. Ён літаратар і блізкі прыяцель галоўнага героя. Персанаж неадназначны (як і ўсе астатнія, вядома). У аповесці ён дапамагае раскрыць асобу галоўнага героя. Праз сцэны з Сакердонам Міхайлавічам чытач бачыць пісьменніка, які хлусіць, кажучы пра тое, што твор пішацца, прычым вельмі імкліва: «Спісаў прорву паперы». У спектаклі вобраз Сакердона Міхайлавіча выкарыстоўваецца не толькі для таго, каб ярчэй паказаць характар галоўнага героя. Напрыканцы пастаноўкі мужчына ператвараецца ў адну з шасці Старых. Калі ўспомніць, што для рэжысёра Старыя — гэта музы, атрымліваецца, што аўтар цэніць сяброўства, здольнае матываваць і накіроўваць чалавека.

Канцоўка спектакля, як і ідэйная інтэрпрэтацыя ў цэлым, процілеглая фіналу аповесці. З’яўляецца заключная, шостая, Старая. Раней згадвалася, што адну з гераінь складана назваць Старой, бо яна не падаецца часткай расслаення асобы. Яна — Дамачка з булачнай (ролю выканала Юлія Лазоўская). У аповесці іграе эпізадычную ролю, якая толькі падкрэслівае пэўныя рысы мужчыны, а ў спектаклі — вызначальную: паміж галоўным героем і дзяўчынай успыхвае каханне, і ён працягвае пісаць. Адназначны хэпі-энд: мужчына вырваўся з межаў аднаго сказа. У Хармса ж усё наадварот. Дачытваючы твор, упадаеш у экзістэнцыйны жах: думка пра тое, што, як ні пазбаўляйся ад Старой (разумовага грузу, інтэлектуальнай празмернасці, якая спараджае ў якасці пабочных эфектаў бессэнсоўную барацьбу з унутранымі беспадстаўнымі страхамі), яна нікуды не сыдзе, не знікне.

Як згадвалася ў самым пачатку, для поўнамаштаб­най рэалізацыі спектакля «Вось я і прыйшла» паслужыла не толькі аповесць, але і паэзія Данііла Хармса: вершы «Сяброўка», «Старая» і «Добрая песенька пра Фефюлю», у якой фанетычна нязручны і бессэнсоўны аказіяналізм «Первакокин» быў адаптаваны на «Першакокін». Асаблівасць РТБД — усе спектаклі на беларускай мове, і «Вось я і прыйшла» — не выключэнне.

Асобнай увагі заслугоўвае перапрацоўка дзённікавых запісаў. У спектаклі Старыя залазяць у асабісты дзённік і пачынаюць адна за адной агучваць самае патаемнае для галоўнага героя — цяжка нават уявіць, як адчуваў сябе мужчына ў той момант! У пастаноўцы былі задзейнічаны запісы Хармса пачынаючы з 1925 года, калі ўсе думкі пісьменніка былі сканцэнтраваны на вельмі гарачым, пачуццёва і эмацыянальна насычаным (з адной крайнасці ў іншую) каханні да Эстэр Русаковай. Данііл Іванавіч быў у шлюбе з гэтай жанчынай да 1933 года. Звязванне сюжэта «Старой» і дзённікавых запісаў патрэбнае хутчэй для таго, каб апраўдаць шчаслівую канцоўку (бо неабходны аргумент, каб пацвердзіць рэжысёрскае бачанне).

У 1928 годзе ў часопісе «Афішы Дома друку» апублікавалі дэкларацыю ОБЭРИУ. У ёй удзельнікі аб’яднання абвясцілі сябе «новым атрадам левага рэвалюцыйнага мастацтва» і апісалі свае погляды на літаратуру — нязгоду з мовай «заумі» (вершы, ў якіх выкарыстоўваліся не ўжывальныя ў паўсядзённасці словы) і рэалізмам, а таксама заявілі: «Мы — паэты новага светаадчування і новага мастацтва. Мы — творцы не толькі новай паэтычнай мовы, але і стваральнікі новага адчування жыцця і яго прадметаў...» І гэта, разважаючы праз час, сапраўды так. Чаго варты толькі адзін Данііл Хармс… Радасна, што ў беларускай тэатральнай прасторы існуе такі інтэлектуальна насычаны спектакль. Пастаноўка не стала альтэрнатывай тэксту — хутчэй унікальным асабістым бачаннем рэжысёра, лагічным працягам або — так будзе дакладней — новай формай успрымання жыцця і творчасці Данііла Хармса.

Антон АНТОНАЎ

Фотаздымкі з сайта rtbd.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.