Вы тут

Што трымае тэатр у добрым тонусе?


У мінулым сезоне адбылася 141 тэатральная прэм'ера па краіне, з іх 63 — патрыятычнай тэматыкі. А новы тэатральны сезон — не толькі нагода парадаваць гледачоў новымі пастаноўкамі, але і самім калектывам ступіць на нязведаную тэрыторыю творчасці. І якраз пра тое, што плануюць прадставіць сваім наведвальнікам сталічныя тэатры, журналістам распавялі іх прадстаўнікі. Папярэдне заінтрыгуем: выбар стане яшчэ больш разнастайным, сустрэчы з любімымі акцёрамі застануцца, але і давядзецца пачакаць усяго гэтага.


— Сёння мы хвалюемся ўсе — і тэатры, і гледачы, таму што чакаем чагосьці новага і цікавага. Усе ведаюць пра тое, што прыняты Указ № 275 па падтрымцы асобных дзяржаўных арганізацый культуры, які замацаваў пераход на новы механізм фінансавання і тэатраў з 1 студзеня 2024 года. Будзе створана новая сістэма прыярытэтаў, якая б стымулявала тэатр на больш актыўнае зараблянне грошай. З аднаго боку, тое пашырыць творчую, арганізацыйную і эканамічную самастойнасць тэатраў. А з іншага боку, гэта асаблівыя падыходы да фарміравання іх рэпертуару. Таму што менавіта асабістыя сродкі будуць з'яўляцца асновай фінансавай для стварэння новых пастановак і заработнай платы артыстаў, — распавядае намеснік начальніка прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржспецмерапрыемстваў прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Пархамовіч. — Мы даўно рыхтаваліся да гэтага пераходу. Трэба падтрымліваць тэатральную дзейнасць не толькі фінансава, але і ў іх развіцці і пачатку самадастатковасці.

Што да навінак сезона, якія і дазволяць паказаць сябе творча і прафесійна і, вядома, дадуць магчымасць падтрымаць любімы тэатр рублём, то іх будзе дастаткова, каб публіцы не пазбаўляць сябе сустрэч з любімым мастацтвам.

«Маскарад» ці «ўгода з д'яблам» у Горкаўскім

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага будзе чакаць па-ранейшаму сваю публіку як на ўжо даўно любімыя пастаноўкі, так і на нядаўнія і новыя прэм'еры. Мінулы юбілейны сезон тут быў насычаны і цікавы, паказвалі сябе рознабакова. «Ідыёт», «Оpus 40. Беспасажніца», «Фаўст. Угода з д'яблам» і іншыя пастаноўкі гледачам ужо прадставілі, і на іх можна трапіць цяпер, але і працяг творчых пошукаў будзе.

— Без падтрымкі дзяржавай тэатра не будзе, якія б схемы хто ні прыдумляў. Мы нядаўна выйшлі з рэканструкцыі, і калі б не Міністэрства культуры, не кіраўнік дзяржавы, то ніякага новага абсталявання за ўласныя сродкі наш тэатр сабе не змог бы дазволіць. Трэба дзяржаўная падтрымка тэатрам, інакш без яе яны пачнуць павольна зніжаць творчую планку ў пагоні за зарабляннем грошай. Чаму? А таму што грошы можна зарабляць рознымі спосабамі. Лёгкім альбо яркім матэрыялам, а можна і матэрыялам глыбокім... — кажа мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Сяргей КАВАЛЬЧЫК. — Мінулы сезон у нас быў яркі, але і ў новым мы не збіраемся спачываць на лаўрах. Адна са ставак на гэты сезон — удалыя дэбюты нашых маладых рэжысёраў Дэвіда Разумава і Марыі Матох, яны стартавалі ў мінулым сезоне з касавымі пастаноўкамі «Сэлфі са склерозам» і «Фаўст. Угода з д'яблам». На апошні, нягледзячы на лета, у нас былі аншлагі. Паверце, паставіць «Фаўста», каб на яго пайшоў глядач, складаней, чым паставіць «Жанатага таксіста», на якога людзі прыйдуць гарантавана. І матэрыялы, выбраныя рэжысёрамі на наступны сезон, уражваюць сваёй глыбінёй і цікавасцю. Дэвід Разумаў узяўся за «Маскарад» Лермантава, а Марыя Матох — за раман «Дробны чорт» Салагуба. Яны працуюць над інсцэніроўкамі, рыхтуюцца да размеркавання і запусцяцца ў найбліжэйшай будучыні. З Алесяй Сарокінай і з Цімурам Каліноўскім цяпер працуем над казкамі Пушкіна «Залатая рыбка» і «Балда». Гэты праект фінансуе Міністэрства культуры Расіі, яны дапамагаюць рускім тэатрам за мяжой. І выйдуць спектаклі па казках Пушкіна ў снежні. А ў красавіку наступнага года ставім «Анфісу» Леаніда Андрэева да 75-годдзя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Валянціны Ераньковай. І патрыятычную тэматыку мы не абмінулі ўвагай. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі запланавалі цікавы дакументальны праект «І няма сіл цябе забыць». Ён заснаваны на сцэнарыях Галіны Злабенка, яго раней мы рабілі ў фармаце дакументальнага фільма. А цяпер я планую ператварыць гэты матэрыял на сучасную трагедыю.

«Небяспечныя сувязі» ў Музычным тэатры

— У нас новы сезон распачаўся прэм'ерным спектаклем «Беражы мяне, каханая» (кампазітар Аляксандр Пантыкін, лібрэта Канстанціна Рубінскага). Наш тэатр мае пастаноўкі розных жанраў і зместу. Задача ёсць — рабіць беларускі рэпертуар. Працуем над гэтым. «Соф'я Гальшанская» ідзе на дзвюх мовах. І ў сувязі з гэтым мне хацелася б сказаць, што наспеў час адкрываць у кансерваторыі музычную рэжысуру, — дзеліцца мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Адам МУРЗІЧ. — Да Новага года рыхтуем пастаноўку «Кот у ботах». Ставяць яе рэжысёр Наталля Бараноўская і кампазітар Цімур Каліноўскі. Хачу адзначыць адну прэм'еру, якая плануецца ў нас вясной: 19 сакавіка прыязджае мой вучань Глеб Матвяйчук і будзе ў нас ставіць «Небяспечныя сувязі».

«Без віны вінаватыя» і «Крадзеж апоўначы»

Тэатр-студыя кінаакцёра распачаў 42-ы тэатральны сезон. Па словах дырэктара ўстановы Алы Сцебаковай, галоўныя тэмы для абмеркавання — гэта пошук магчымасцяў працаваць у новых фінансавых умовах.

— У мінулым сезоне ў нас адбылася прэм'ера казкі «Аліса ў краіне цудаў», — расказвае яна. — У тэатра ўжо ёсць першая частка гісторыі, а цяпер маем і яе працяг. На спектаклях абсалютныя аншлагі. І ў нас гэта не проста казка, а сапраўдныя дзіцячыя мюзіклы. У планах на гэты год — паставіць п'есу «Радавыя» Аляксея Дударава. Хоць твор напісаны ў 80-я гады, ён актуальны і для нашага часу. Думаю, гэта будзе не проста аповед пра вайну, а больш глыбокая размова пра лёсы людзей таго часу... Для заробку мы будзем аднаўляць некаторыя нашы камедыі, напрыклад, у планах — «Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў». Паралельна ідуць рэпетыцыі і ўвод маладых акцёраў у мюзікл «Крадзеж апоўначы». А на наступны год запланавана пастаноўка п'есы Астроўскага «Без віны вінаватыя».

«Двор майго дзяцінства» ўбачым у Купалаўскім

Акрэсліў планы на новы тэатральны сезон і генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандр ШАСТАКОЎ, адзначыўшы, што ў перспектыве там гледачам будуць прадстаўлены таксама «Радавыя» па Дудараву, «А досвіткі тут ціхія» Васільева, «Гэта цудоўнае жыццё» Людвігава і іншыя творчыя праекты:

— А што да планаў на новы сезон, то зараз у нас ідзе шчыльная праца над аўтарскім спектаклем «Двор майго дзяцінства» Данііла Філіповіча, нашага рэжысёра. Прэм'ера плануецца ў снежні. На гэты спектакль выдзелены грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя і маладзёжнай палітыкі на 2023 год. Яшчэ ў новым сезоне ў нас плануецца аднавіць шэраг традыцый нашага тэатра. Напрыклад, з моманту стварэння быў спектакль «Пісаравы імяніны» Галубка, і вось мы яго аднаўляем, — распавядае Аляксандр Шастакоў. — Як нацыянальны тэатр мы папулярызуем беларускую мову і культуру, таму адна з нашых задач — здзяйсняць гастролі не толькі па бліжнім замежжы, але і па рэгіёнах Беларусі, каб знаёміць людзей з нашай творчасцю.

У ТЮГу — «Белыя ночы»

І тэатр юнага гледача ў новым сезоне парадуе новымі прэм'ерамі. 15 і 16 кастрычніка нас чакае «Навальніца» паводле Астроўскага ад рэжысёра-пастаноўшчыка Таццяны Самбук. Таксама з нагоды юбілею актрысы Веры Паляковай з 18 кастрычніка пачнецца юбілейны тыдзень, і любімую артыстку можна будзе ўбачыць у пастаноўках «Майстар і Маргарыта», «Княжна Мэры», «Вішнёвы сад» і іншых.

— Наш тэатр часта звяртаецца да школьнай праграмы, таму што наша задача стварыць спектаклі як для зусім маленькіх гледачоў, так і для школьнікаў, моладзі. З усімі хочацца падзяліцца любоўю да тэатра, і рабіць тое так, каб гэтае захапленне не пакінула гледачоў па жыцці, — дзеліцца рэжысёр ТЮГа Таццяна САМБУК. — Таму і «Навальніца» будзе не ў звыклым змесце і прачытанні. Нам хочацца, каб аўдыторыя гэтыя творы адчула і адкрыла для сябе па-новаму, а пасля разважала над імі. Яшчэ нас чакае прэм'ера — сумесны праект з ГІТІСам. Прыедзе іх выпускніца Эстэр Мітрафан і будзе ставіць спектакль «Белыя ночы» па Дастаеўскаму. Таксама на Новы год нас чакае «Дзядзечка Ау». Рэжысёр пастаноўкі Ганна Казлова. Цікавы перанос савецкага мультфільма ў сцэнічныя рэаліі.

Вялікі тэатр прапануе «Ілюзіі кахання»...

— У новым сезоне плануем традыцыйна паказаць чатыры прэм'еры. Да канца бягучага года прадставім гледачам дзве прэм'еры — абедзве ў снежні. Ігар Колб рыхтуе балет «Ілюзіі кахання». Гэта музычная кампіляцыя Фрэдэрыка Шапэна, Дзмітрыя Шастаковіча і Леаніда Шырына, які напісаў музычныя звязкі паміж музыкай двух класікаў. І арыгінальнае лібрэта Ігара Колба — разважанні пра тое, чым з'яўляецца наша жыццё, якое мы ўсе бачым па-рознаму, — дзеліцца начальнік службы маркетынгавых камунікацый Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Таццяна АЛЯКСАНДРАВА. — Другі спектакль, які ўбачым у снежні, гэта «Іаланта» — ён быў у нас у рэпертуары, але некалькі сезонаў не ішоў. Пастаноўку рыхтуе Ганна Маторная. І мы чакаем, што гэта таксама будзе зварот да мінулага і пераходу яго ў сучаснасць, бо сюжэт слепаты і празрэння можна трактаваць у любую эпоху.

Валянцін Елізар'еў прадставіць у сакавіку балетны спектакль «Папялушка». Не абмінуць увагай і творчы юбілей маэстра (з гэтай нагоды 12 спектакляў кастрычніка будуць прысвечаны яму). Гэта яго пастаноўкі як арыгінальныя, такі класічныя, дзе ўбачым не толькі беларускіх артыстаў, але і зорак расійскага балета, венгерскай оперы. І чацвёртая прэм'ера, якую плануюць прадставіць публіцы бліжэй да канца сезона — опера «Набука» Джузэпэ Вердзі. Запрашэнне папрацаваць з трупай Вялікага тэатра прыняў знакаміты італьянскі рэжысёр Джанкарла дэль Манака. У планах тэатра таксама рэалізацыя такіх праектаў, як Мінскі міжнародны калядны форум, Вялікі навагодні баль, Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў і Балетнае лета ў Вялікім тэатры. Поспехам тут карыстаюцца мерапрыемствы ў фармаце дзён адкрытых дзвярэй. І вось 15 кастрычніка тут плануюць правесці тэатральную раніцу ў Вялікім, прымеркаваную да Дня маці і да Дня бацькі. Гастролі на сцэне тэатра таксама будуць працягвацца. У лістападзе тут чакаюць Вялікі тэатр Расіі з пастаноўкамі «Царская нявеста», «Іван Грозны». Самарскі оперны тэатр прыедзе ў Беларусь з пастаноўкамі «Любоў да трох апельсінаў» Пракоф'ева, а Узбекскі тэатр оперы і балета прылятае да нас з операй «Шукальнікі жэмчугу».

РТБД запрашае на «Сезон скарбаў»

— Наша аўдыторыя — гэта людзі, якія палююць на розныя тэатральныя скарбы: тэатральныя праекты, прэм'еры, спецпраекты, сустрэчы з любімымі артыстамі. І гэта штораз для нашага гледача з'яўляецца пажыткам для яго розуму, такая пляцоўка, куды можна прыйсці і зазірнуць у сябе, — дзеліцца прэс-сакратар РТБД Жанна Гурына. — І скарбы тэатра — гэта таксама людзі... З улікам юбілеяў нашых артыстаў Таццяны Мархель, Дзмітрыя Давідовіча, глядач будзе мець яшчэ больш магчымасцяў сустракацца з імі ў душэўнай атмасферы на нашай пляцоўцы. У гэтым сезоне працягнем і існуючыя ў нас праекты, такія, як дзіцячая творчая майстэрня «Гуляем у тэатр». Будзем па-ранейшаму працаваць з такімі рэжысёрамі, як Яўген Карняг, Аляксандр Бародка, Аліна Зміцер. Яўген плануе выпусціць у гэтым сезоне да канца года трэцюю частку з трылогіі, у якую ўваходзяць спектаклі «Шлюб з ветрам», «Пачупкі». Таксама мае поспех у гледача спектакль «Альпійская балада» па Быкаву, гэта наша класіка. Пастаноўка «Карней» па творах Караткевіча — гісторыя пра беларусаў і беларускае. Там шмат сімвалізму і глыбіняў, якія можна гледачу даследаваць бясконца.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.