Вы тут

Сёлета ХХХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 1 да 8 лістапада


Сёлета ХХХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 1 да 8 лістапада. Кінафорум пройдзе пад слоганам «Кіно са знакам якасці». Ужо дадзены старт прыёму заявак, які пройдзе ў два этапы да 1 верасня. Усіх таямніц арганізатары пакуль не раскрываюць, але нядаўна прадстаўнікі Міністэрства культуры і арганізатары кінасвята распавялі пра некаторыя новаўвядзенні на сустрэчы з журналістамі.


Больш беларускіх фільмаў

— Нам хочацца прыцягнуць да «Лістапада» сапраўды найлепшыя фільмы, цікавых кінематаграфістаў розных узростаў. Ад прызнаных зорак да перспектыўных маладых імёнаў. Хочам, каб у нас на фестывалі была і дзелавая праграма, каб да нас прыязджалі прадзюсары, уладальнікі кінакампаній, што будзе спрыяць прасоўванню нашага беларускага кіно і стварэнню сумесных праектаў, — адзначыла начальнік аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга.

Фота pexels.com

Падрыхтоўка да юбілейнага свята кіно ідзе ўжо поўным ходам з пачатку года. Ужо вызначаны канцэпцыя «Лістапада», яго галоўныя акцэнты. Так, слоган сёлетняга кінафестывалю «Кіно са знакам якасці» адсылае нас да шэрагу значных сэнсаў. Па-першае, сам Год якасці, які праходзіць у нашай краіне. Па-другое, на «Лістападзе» заўсёды з’яўляліся не толькі прэм’ерныя фільмы, але і тыя кінастужкі, якія ўжо зарэкамендавалі сябе, атрымалі ўзнагароды на іншых кінафорумах. І тое кіно сапраўды мела знак якасці. А па-трэцяе, сёлета юбілейны фестываль і год святкавання 100-годдзя беларускага кіно. Таму і праграма будзе насычанай і разнапланавай. Плануюцца як конкурсныя, так і пазаконкурсныя паказы, разнастайныя мерапрыемствы. Добра і тое, што даты правядзення выпадаюць на час школьных канікул і святочныя дні, бо гэта дазволіць як мага большай колькасці людзей трапіць на ўпадабаныя кінасеансы. Як адзначыла прадстаўнік міністэрства, калі звярнуцца да лічбаў, то «ў параўнанні з 2022-м у 2023 годзе рост колькасці гледачоў павялічыўся ў 2,5 раза. Інтарэс да фестывалю ёсць, расце, таму мы ствараем для нашых гледачоў умовы, каб яны маглі з камфортам наведаць нашы кінатэатры».

Сёлетні кінафорум будзе трымацца на аднаўленні добрых традыцый мінулага ў спалучэнні іх з пэўнымі новымі тэндэнцыямі. Напрыклад, адбыліся пэўныя змены ў рэгламенце «Лістапада». У конкурсную праграму кінафестывалю ўключаны і вернуты два конкурсы — конкурс нацыянальных кінашкол і нацыянальны конкурс. Што дасць магчымасць нашым маладым кінематаграфістам і іх сталым калегам, якія па розных прычынах не трапілі ў вялікія конкурсы, дзе колькасць удзельнікаў абмежаваная, паказаць сябе, параўнаць творчасць з творчасцю кінематаграфістаў з іншых краін. І атрымаць ацэнку ад міжнароднага журы. У конкурсе нацыянальных кінашкол будуць спаборнічаць студэнцкія кароткаметражныя фільмы ВНУ, дзе вучаць кінематаграфічным спецыяльнасцям. А ў нацыянальным конкурсе змогуць удзельнічаць фільмы любой формы, любога хранаметражу, якія створаны грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Гэта яго асноўнае адрозненне ад усіх іншых конкурсаў. І ёсць верагоднасць, што тое дазволіць убачыць таленавітых маладых кінавытворцаў, і ім запрапануюць супрацоўніцтва па стварэнні вялікіх кінапраектаў.

Яшчэ адно новаўвядзенне датычыцца таго, што ў гэтым годзе да ўдзелу ў кінафестывалі дапускаюцца фільмы беларускай вытворчасці, чый камерцыйны пракат ужо адбыўся да пачатку кінафестывалю.

Што датычыцца самога адбору фільмаў фестывалю, то ён пройдзе ў два этапы: папярэдні адбор здзяйсняецца праграмным дырэктарам, а канчатковы вердыкт выносіць экспертная камісія, у склад якой увойдуць творчыя супрацоўнікі Мінкульта, прадстаўнікі кінастудыі, дырэкцыі кінафестывалю. На думку арганізатараў, такі двухэтапны адбор дазволіць пазбегнуць спрэчных сітуацый.

Новыя ўзнагароды, новыя лакацыі

Пашыраецца і шэраг узнагарод кінафестывалю. Зацверджаны прыз за найлепшую рэжысуру, які сёлета набудзе імя Міхаіла Пташука, яго будуць прысуджаць фільму асноўнага конкурсу ігравых фільмаў. Акрамя гэтага, ва ўсіх конкурсах уводзяцца спецыяльныя прызы журы, каб яно магло адзначыць тое кіно, якое хоць і не возьме галоўную ўзнагароду ў сваім конкурсе, але будзе яркім і цікавым, і вартым узнагароды. На «Лістападзіку» з’явілася дзіцячае журы, і ў яго цяпер ёсць свой прыз «Кіно вачамі дзяцей». Яшчэ ў гэтым годзе з’явіцца прыз міністра культуры для маладых кінематаграфістаў. Тут варта адзначыць яшчэ і тое, што ў некаторых узнагарод — адметны дызайн. Напрыклад, прыз міністра культуры для маладых кінематаграфістаў мае выяву дрэва, на якім жоўтае кляновае лісце, але там жа прабіваецца і сярэбраная галінка з маладымі лісточкамі. І ўсё гэта заключана ў драўляную рамку з надпісам назвы кінафоруму і дэталямі ўзнагароджання. Іншы выгляд набыў таксама прыз для конкурсных паказаў кінафестывалю. Цяпер гэта статуэтка з металу, у аснове якой прамавугольная пласціна з выявай эмблемы кінафестывалю. Плынь святла ліецца з кінапраектара на назву «Лістапад». І ў гэтым патоку святла кружыцца кляновы ліст. Але ён выразаны такім чынам, што ствараецца аб’ёмны эфект, як і прынята ў самім кіно. Акрамя прастаты і вытанчанасці, гэты дызайн мае запамінальны абрыс і зручны для перавозкі.

У праграме фестывалю гасцей і наведвальнікаў чакаюць сёлета сем конкурсных праграм, шэраг цікавых творчых сустрэч, майстар-класаў, выставачных праектаў, канцэртных праграм і г. д. Галоўнымі тэмамі стануць 30-годдзе «Лістапада» і 100-годдзе беларускага кінематографа. Арганізатары таксама вяртаюць традыцыю правядзення цырымоній адкрыцця і закрыцця фестывалю ў Палацы Рэспублікі. Лакацыямі для паказаў кінастужак «Лістапада» будуць не толькі сталічныя, але і рэгіянальныя кінатэатры.

— На мяне ўскладзена вялікая задача, і гэта вельмі пачэсна і вельмі радасна працаваць на такіх мерапрыемствах. Зразумела, са мной працуе вялікая каманда творчых людзей, якая ўключае ў сябе і дырэкцыю кінафестывалю, і Міністэрства культуры Беларусі. У аснову канцэпцыі і ў маю рэжысёрскую задачу я хацеў закласці пераасэнсаванне традыцыйных элементаў цырымоніі адкрыцця і закрыцця. Укласці нейкую драматургічную значнасць, каб яны набылі вобраз, — распавёў галоўны рэжысёр цырымоній адкрыцця і закрыцця ММКФ «Лістапад» Максім Папоў. — Думаю, асноўная эмоцыя, якой нам хочацца дабіцца, — гэта такі добры пафас і захапленне гледачоў, якія наведваюць мерапрыемствы. Інтэрактыўныя зоны плануем арганізаваць, напрыклад адна з іх — «Стань часткай кіно», дзе людзі змогуць падысці да супрацоўніка кінастудыі і зрабіць свой фотаздымак, каб ён трапіў у будучы банк тыпажоў «Беларусьфільма», і ў перспектыве прыняць удзел у здымках кіно ў масоўцы, ці, можа, нават у галоўнай ролі... Цырымонія закрыцця пройдзе пад слоганам «Любоў да кіно».

Кінафорум ужо даўно стаў часткай культурнага жыцця сталіцы. І, як вядома, лакацыямі «Лістапада» выступаюць не толькі мінскія кінатэатры, але і сам «Беларусьфільм», Акадэмія мастацтваў і іншыя месцы горада. Адно з іх — Музей гісторыі беларускага кіно (філіял Нацыянальнага гістарычнага музея). Там ствараецца вялікая экспазіцыя да 100-годдзя беларускага кінематографа.

— Нягледзячы на тое што Музею кіно ўжо дастаткова шмат гадоў, але літаральна два гады таму мы пайшлі шляхам кардынальных змен як работы музея, так і кірункаў яго дзейнасці. Быў зроблены рамонт, на працягу апошніх двух гадоў мы актыўна працавалі над канцэпцыяй новага музея. І за гэты час пазнаёміліся з тым, як гэта працуе на «Масфільме». Як работа вядзецца ў Маскоўскім музеі гісторыі кіно, на «Ленфільме» (гэта калыска беларускага кіно, бо даваенная кінастудыя там знаходзілася). Толькі пасля вайны «Беларусьфільм» атрымаў пастаянную мінскую прапіску, — патлумачыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой. — Зараз літаральна з красавіка мы прыступаем да рэалізацыі нашай канцэпцыі. Музеефікацыя ў нас будзе адбывацца ў некалькі этапаў. Першыя змены можна будзе ўбачыць да 9 Мая. Пасля да 3 ліпеня, да 80-годдзя вызвалення Беларусі, а потым да Дня народнага адзінства 17 верасня, бо сёлета таксама юбілейная дата — 85 гадоў таму Беларусь стала адзінай. Скончыцца падрыхтоўка экспазіцыі да ХХХ юбілейнага кінафестывалю. І 17 снежня мы будзем гатовы паказаць наш музей ва ўсёй паўнаце. Чым музей ад кінастудыі адрозніваецца — тым, што ў нас працуюць навуковыя супрацоўнікі. Яны вывучаюць матэрыялы, звязаныя з гісторыяй кіно. Звяртаюць увагу на дэталі, якія надаюць «смак» усёй страве, што завецца кінематографам.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.