Вы тут

Акцёр РТБД — пра прызванне, ахвяры дзеля ролі і місію тэатра


Аляксандр Ніканенка нарадзіўся ў Міжнародны дзень тэатра — 27 сакавіка. Як не ўбачыць у гэтым нейкі знак, які абумовіў яго прафесійны выбар?

Іван Цярэшка ў «Альпійскай баладзе», Білі ў «Калека з вострава Інішман», Саўка ў «Адамавых жартах». За пяць гадоў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі таленавіты малады акцёр сыграў вельмі розных персанажаў, надзяліўшы іх яркай запамінальнай індывідуальнасцю.

Хто дапамог яму знайсці сваё прызванне? На якія ахвяры гатовы ісці дзеля ролі, каб дабіцца эмацыйнага водгуку з боку гледача? У чым бачыць місію тэатра? Дзе і як пераважна сустракае Новы год? Гутарым пра гэта з акцёрам РТБД — Аляксандрам Ніканенка.


У Гарадку зоркі ярчэй

— Аляксандр, у Вас напэўна часта пытаюцца, ці не сваяк вы народнага артыста РФ Сяргея Ніканенкі? Унясіце, калі ласка, яснасць.

— Не, мы проста аднафамільцы. Паколькі ў мяне яшчэ і імя па бацьку — Сяргеевіч, то пытанні аб сваяцтве ўзнікаюць рэгулярна. Памятаю, як у Акадэміі мастацтваў адразу пасля паступлення двое аднакурснікаў пацікавіліся, ці не сын я Сяргея Пятровіча. Сказаў — «так». Але хлусіць я не люблю, і неўзабаве прызнаўся, што пажартаваў. Пераважна мае продкі — сяляне. Апошнія некалькі гадоў сур’ёзна займаюся вывучэннем радаводу.

«На старце» генеалагічнае дрэва Ніканенка складалася з 20 чалавек, а сёння ўжо з 250. Дакапаўся да заснавальніка нашага роду — Нікана, які жыў у Гарадоцкім павеце Віцебскай вобласці.

— Калі і як выявіліся Вашыя акцёрскія здольнасці?

— Па словах бацькоў, я з ранніх гадоў быў вясёлым, энергічным дзіцём. З першага класа яны аддалі мяне ў музычную школу па класе баяна. Пазней іграў у аркестры, займаўся танцамі, барацьбой, маляваннем. У 6-м класе ў нашу СШ № 1 прыйшоў прадстаўнік ДШМ Гарадка, распавёў пра тэатральнае аддзяленне, якое адкрылася ў іх, запрасіў туды ўсіх жадаючых. Як актыўны «хадок» па кружках і секцыях, я запісаўся і туды. Наш педагог Аляксандр Уладзіміравіч Безгінаў стварыў незвычайна душэўную атмасферу, у якой усе адчувалі сябе лёгка, разняволена; нам хацелася рэпеціраваць, выступаць на сцэне. Паступова мяне «зацягнула». Да заканчэння школы цвёрда вырашыў паступаць у Акадэмію мастацтваў. І зноў пашанцавала з настаўнікам: апынуўся на курсе Вячаслава Паўлавіча Паўлюця.

— Бацькі не пярэчылі супраць Вашага выбару? Усё ж такі акцёр — вельмі залежная прафесія, не самая фінансава перспектыўная для мужчыны.

— Не, бацькі не адгаворвалі мяне. Хоць мая мама — Вольга Аркадзьеўна Ніканенка, настаўніца хіміі і біялогіі, бачыла мяне лекарам. І сам некаторы час сур’ёзна падумваў аб прафесіі хірурга. Тата хацеў, каб я стаў пажарнікам, а бабуля і дзядуля лічылі: найлепшая прафесія для ўнука — музыка ў ваенным аркестры. Але ўсе яны прынялі мой выбар, падтрымалі мяне.

— Вы выраслі ў маленькім Гарадку Віцебскай вобласці. Складана прыйшлося ў сталіцы? Кім адчуваеце сябе сёння ў большай ступені — мінчанінам або выхадцам з глыбінкі?

— Жыхар сталіцы ўва мне мірна ўжываецца з правінцыялам. Мінск, безумоўна, дорыць магчымасці для рэалізацыі, тут можна наталіць культурны голад. Але я ніколі не пакутаваў з-за таго, што нарадзіўся ў маленькім мястэчку і шмат часу ў дзяцінстве правёў у вёсцы. Мне здаецца, у глыбінцы больш захавалася нечага сапраўднага, добрага. Там іначай дыхаецца, зоркі на начным небе ярчэйшыя і бліжэй да цябе. Мая бабуля Ніна Піліпаўна Паціпка і дзядуля Аркадзь Іосіфавіч Бачкоў перадалі мне сваё аўтэнтычнае стаўленне да свету, дзе людзі, жывёлы, дрэвы, рэкі, азёры надзелены жывой душой, таямніча звязаны адзін з адным. З вялікай цеплынёй успамінаю, як усёй сям’ёй адзначалі Вялікдзень, дні нараджэння, як бабуля і дзядуля выконвалі народныя песні. Захаваўся ў мяне запіс спеваў нават прабабулі і прадзеда па мамінай лініі. Вядома, усё гэта не магло не ўплываць. Я ўспрымаў навакольны свет як тэатр, дзе кожнаму адведзена свая роля.

— Цяпер, напэўна, рэдка бываеце на малой радзіме.

— Рэдка — гэта ж 5 гадзін на цягніку. Але для мяне пабыць у Гарадку — велізарная радасць. Улетку люблю касіць дома траву. Просты занятак, у якім для мяне ёсць нешта вельмі прыгожае, заспакаяльнае. Абавязкова сустракаю сярод родных Новы год. Не ўяўляю гэтага свята без бацькоў, бабулі, сястры Алены, ёлкі, паху ігліцы, селядца пад футрам і торта «Рыжык».

Мёрз і галадаў, каб глядач верыў

— Многія адзначылі Вас у ролі Білі ў спектаклі «Калека з вострава Інішман». Фізічна складана выконваць ролю знявечанага чалавека, рухацца ненатуральна для сябе на працягу некалькіх гадзін?

— Працуючы над гэтай роллю, я вывучыў, што такое ДЦП, якія асаблівасці і стадыі гэтага захворвання, што адчуваюць людзі з такім дыягназам. Спачатку фізічна роля давалася няпроста, але з часам асвоіўся. Я не раблю акцэнт на калецтва свайго персанажа. Так, у Білі ёсць фізічная загана, але гэта не перашкаджае яму імкнуцца да шчасця, кахання, нармальнага жыцця. З усіх насельнікаў вострава толькі ён жадае вырвацца з глухмені з яе прыгнятальнай штодзённасцю і руцінай. Я адштурхоўваўся ад слоў свайго героя: "Калі ў хлопца ёсць адзін шанец на мільён, ён павінен яго выкарыстаць«.А яшчэ — ад здольнасці персанажа кахаць і адчуваць задавальненне ад таго, што маеш, заўважаць тое шчасце, якое ёсць, хай яно вельмі простае, немудрагелістае.

— Велізарнае шанцаванне для любога акцёра — роля Івана Цярэшкі ў «Альпійскай баладзе». Як яна далася Вам?

— Я разумеў, які цяжкі матэрыял трэба будзе ўвасобіць на сцэне. Як быць пераканаўчым у ролі чалавека, які ўцёк з палону і ў лёгкай робе ідзе праз горы, дзе пачынаецца завіруха? Каб лепш уявіць стан Івана Цярэшкі ў такіх экстрэмальных умовах, выходзіў у холад на вуліцу без майкі, некалькі дзён нічога не еў. Камусьці гэта, магчыма, падаецца празмерным, але мне гэта было неабходна. Я не мог іграць у «Альпійскай баладзе» напаўсілы. Вайна закранула амаль кожную беларускую сям’ю. Мой дзед Аркадзь Іосіфавіч сустрэў яе 9-гадовым хлопчыкам, атрымаў некалькі раненняў, з-за аднаго ледзь не памёр. Гэта вельмі важная для мяне гісторыя, найперш яна пра тое, як у нечалавечых умовах захаваць у сабе чалавека.

— На жаль, войны і сёння працягваюцца. Чаму, як Вы думаеце?

— Часта задаю сабе пытанне: «Чаму адны людзі забіваюць іншых?» Здавалася б, рэлігіі, мастацтва імкнуцца падтрымліваць, культываваць у чалавеку ўсё лепшае, гуманнае, годнае. Навука здзяйсняе неверагодныя прарывы, гаворка сёння ідзе ўжо аб засваенні іншых планет. Чаму ж на сваёй Зямлі мы не можам суіснаваць мірна? Чаму ў многіх перамагае жорсткасць, сквапнасць, нянавісць? Напэўна, нараўне з боскім пачаткам, у нас засталося нешта нізкае, жывёльнае, варварскае, і яно часам бярэ верх і пабуджае да разбурэння. 

— За пяць гадоў у РТБД Вы ігралі ў камедыях, трагедыях, драмах, дзіцячых і дарослых спектаклях. Якія жанры Вам бліжэй, якія ролі цікавей за ўсё?

— Любімы жанр — трагікамедыя. Мне здаецца, ён бліжэй за ўсё да рэальнага жыцця, дзе слёзы і смех заўсёды побач. Але самае галоўнае для мяне — гэта ўсё-такі вобраз. Чым глыбейшы, часам супярэчлівы, дзіўны персанаж табе дастаецца, тым цікавей над ім працаваць. Псіхалагічна такія ролі вымотваюць, але менавіта яны прыносяць прафесійнае задавальненне. 

Мастацтва — гэта выратавальны круг

— Ці падзяляеце Вы меркаванне, што «творчы калектыў — гэта тэрарыум аднадумцаў»?

— Не. Ніякіх пацверджанняў міфам аб інтрыгах за 5 гадоў працы ў РТБД я не знайшоў. Мяне адразу прынялі ў трупе. Усе мае калегі — таленавітыя, добразычлівыя, неабыякавыя, адданыя прафесіі людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы ў працы над роляй, падставіць плячо. Яны выходзяць на сцэну, нягледзячы на тэмпературу, няважнае самаадчуванне, асабістыя праблемы і па поўнай выкладваюцца перад публікай.

— Сёння часта чуеш аб тым, што ў тэатр прыходзяць у асноўным пацешыцца, адпачыць. Згодны?

— Мне здаецца, няма нічога страшнага ў тым, што глядач любіць камедыі, хоча часам адпачыць, расслабіцца, пасмяяцца. Кагосьці тэатр лечыць часам лепш антыдэпрэсантаў. Але і на драмах, трагедыях мы адчуваем эмацыйную рэакцыю залы. Мне здаецца, публіка разумее: мы не проста іграем нейкія ролі, а жывем на сцэне, дзелімся сваімі сумневамі, радасцямі, болем. Сустракаю ў сацсетках прызнанні людзей рознага ўзросту ў тым, што яны плачуць на нашых спектаклях. У РТБД выдатная аўдыторыя — спагадная, уважлівая, удзячная.

— Вы верыце ў тое, што мастацтва здольнае змяняць свет да лепшага, рабіць норавы больш высакароднымі?

— Наконт свету не ўпэўнены. Але вось жыццё канкрэтных людзей яно можа змяніць да лепшага. Мы забываемся: часам вымаўленыя акцёрам на сцэне словы могуць стаць адкрыццём для кагосьці з гледачоў, якія прыйшлі на спектакль са сваімі душэўнымі ранамі, нявырашанымі пытаннямі. Чуў рэальныя гісторыі, калі пасля спектакля людзі выходзілі з залы, дакладна ведаючы, як ім паступіць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі. Мне здаецца, мастацтва — своеасаблівы выратавальны круг, за які можна «ўчапіцца» і выплыць, калі вакол «штарміць». Я не падзяляю песімістычных прагнозаў пра смерць тэатра. Тэатр будзе заўсёды. Жывыя зносіны акцёраў з гледачамі не заменіць нішто.

— Тэатр — не тое месца, дзе можна хутка і лёгка вырашыць фінансавыя праблемы. Некаторыя акцёры сумяшчаюць сцэну з бізнэсам. У Вас пакуль няма такіх намераў?

— Пры маёй цяперашняй занятасці сумяшчаць тэатр з бізнэсам немагчыма. Тэатр сёння — мой прыярытэт у жыцці. Так, фінансава даводзіцца няпроста. Але ніхто не абяцаў, што будзе лёгка. Калегі старэйшага пакалення расказваюць, як у 1990-я гады даводзілася выходзіць на сцэну ў паўпустых залах. І нічога — ігралі. Калі займаешся любімай справай, нечым даводзіцца ахвяраваць.

Імкнуся жыць са смехам

— «Часы не выбіраюць — у іх жывуць і паміраюць». А калі б можна было выбіраць, у які час Вы хацелі б жыць?

— У гэты. Хаця не адмовіўся б павандраваць па розных гістарычных эпохах. Цікава было б нядоўга пажыць, напрыклад, у 1970-х гадах, калі нараджаўся рок-н-рол.

— Якой пазіцыі Вы прытрымліваецеся ў адносінах да зла — у іншых і ў сабе? Як яго перамагчы, адолець?

— Я лічу зло часткай жыцця. У свеце ёсць белае і чорнае, свет і цемра, дабро і зло. Зло трэба вывучаць. Многія злыя людзі раней былі добрымі. У тым, што яны змяніліся, ёсць віна і навакольных, а не толькі іх саміх. У мяне няма адказу, як перамагчы зло ў іншых, у навакольным свеце. А вось зло ў сабе можна адолець, калі зразумець яго вытокі, узяць пад кантроль і паспрабаваць выціснуць з сябе. Лепшы спосаб вызвалення ад зла — сублімаваць яго ў творчасць.

— Што Вы ўкладваеце ў паняцце кахання? Без чаго яно немагчымае, па-Вашаму? Ці дапамагае гэтае пачуццё тварыць?

— Для мяне каханне — перш за ўсё яднанне душ, гармонія паміж мужчынам і жанчынай. Каханне немачыма без бескарыслівасці, адданасці, ахвярнаці. На мой погляд, у каханні ёсць небяспека для творчасці. У гэтым стане цябе «перакліньвае» на адным чалавеку, усе твае пачуцці і думкі факусуюцца на ім. Калі я быў закаханы, то для сцэны эмоцый відавочна не хапала, увесь час адчуваў прафесійнае незадавальненне. Вельмі складана размеркаваць сваё каханне пароўну — паміж ролямі і рэальнымі, дарагімі для цябе людзьмі.

— І таму пакуль Вы вольны?

— Сям’я для мяне — велізарная каштоўнасць. Але каб яе стварыць, трэба саспець — сацыяльна, фінансава, каб даць нашчадкам усё неабходнае. Я да гэтага пакуль не гатовы. 

— Што выратоўвае Вас, калі не шанцуе, калі адчуваеце маркоту і засмучэнне?

— Мне падабаюцца словы Віктара Гюго: «Мы нараджаемся з крыкам, паміраем са стогнам. Застаецца толькі жыць са смехам». Гумар бывае розным — добрым, цынічным, чорным — але ён абавязкова павінен быць у арсенале чалавека як абарона на выпадак самых розных удараў.

Бліц:

— Якіх правіл Вы прытрымліваецеся ў адносінах з людзьмі?

— Імкнуся непрыемныя рэчы казаць чалавеку тэт-а-тэт, а не ў прысутнасці іншых. Не даю парад, калі не просяць.

— Калі Вас хваляць, то Вы...

— Адчуваю няёмкасць, саромеюся.

— Каго маглі б назваць героем нашага часу?

— Незаспакоеных людзей, з спагадлівай неабыякавай душой, якія шукаюць у жыцці сэнсы, імкнуцца да праўды.

— Акцёрская прафесія дапамагае ў жыцці?

— Дапамагае. Яна вучыць разумець людзей, пры неабходнасці — уключаць абаянне ці адключацца ад рэчаіснасці.

— Ці ёсць для Вас куміры ў прафесіі?

— Дэніэль Дэй-Льюіс, Роберт дэ Ніра, Джэк Нікалсан, Аль Пачына.

— Вы не любіце кіно ці яно не любіць Вас?

— Я быў на здымачнай пляцоўцы. Пакуль мне там не падабалася. Але калі б да нас прыехаў здымаць расійскі рэжысёр Юрый Быкаў, абавязкова б адправіўся на кастынг.

— Многія акцёры з часам спрабуюць сябе ў якасці рэжысёраў. Вы хацелі б нешта паставіць?

— У перспектыве, так. Раз дзевяць перачытваў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У. Караткевіча. Марыў бы ўвасобіць гэты твор на сцэне ці ў кіно. Упэўнены: серыял па ім мог бы атрымацца лепшы за «Гульні прастолаў».

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадастаўлены РТБД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.