Вы тут

Артысты «Балаганчыку» падзяліліся «рацэптам» даўгалецця


Вось ужо 12 год на базе бібліятэкі № 7 імя Я. Коласа дзейнічае тэатральная самадзейная студыя «Балаганчык». Усе артысты — людзі выключна пенсійнага ўзросту. Некаторыя з іх на працягу ўсяго свядомага жыцця звязаны з творчасцю. Але ёсць і тыя, хто, толькі выйшаўшы на заслужаны адпачынак, змог, нарэшце, адчуць сябе чалавекам мастацтва.


Кіруе гэтай студыяй Святлана Ліўшыц. Па прафесіі яна выкладчык тэарэтычных музычных дысцыплін, больш за 15 гадоў грае ў народным тэатры «На Доўгім бродзе» ДК МТЗ. Сама глыбока творчая асоба, Святлана Ізраілеўна заўсёды падтрымлівае ініцыятыву кожнага чальца калектыва. Большасць пастановак «Балаганчыка» — вынік сумеснай творчасці: тут разам пішуць сцэнарыі, складаюць невялікія п’есы. Кожны можа падабраць свой паэтычны і вакальны рэпертуар, прапанаваць і падрыхтаваць той нумар, які просіць душа.

— Спачатку мы выступалі перад чытачамі сваёй і іншых гарадскіх бібліятэк, — расказвае Святлана Ліўшыц. — Цяпер нас сталі актыўна запрашаць у Дама састарэлых, ветэранаў, інвалідаў. Нашы праграмы вельмі аптымістычныя, пасля іх ва ўсіх — выдатны настрой. Мы ўжо абвыклі, што публіка сустракае нас на «ура». 

Нават за той кароткі час, што я правяла ў «Балаганчыку», магла пераканацца, якія цікавыя людзі тут сабраліся. Што ні суразмоўца — то яркая індывідуальнасць, свой характар, свой лёс.

Супрацоўнік бібліятэкі № 7 імя Я. Коласа Ірына Аркадзьеўна Цвіркоўская у складзе «Балаганчыка» — з моманту яе заснавання. Не толькі выконвае, але і сама піша вершы, генерыруе ідэі п’ес і сцэнак. 

Галіна Васільеўна Вараб’ёва таксама старажыл студыі. Доўгія гады працавала будаўніком, потым кіроўцам тралейбуса. І пры гэтым з юных гадоў цягнулася да прыгожага. У школе ўдзельнічала ў самадзейнасці. У маладосці наведвала студыю бальных танцаў, потым грала ў масоўках на кінастудыі «Беларусфільм». Але па-сапраўднаму, лічыць, раскрыла свае здольнасці менавіта на пенсіі. 

Надзея Пятроўна Кухарэнка ў мінулым — супрацоўнік аддзела тэхнічнага кантролю МТЗ. Жыццё складалася так, што на хобі доўгія гады часу амаль не заставалася. Тым не менш сама навучылася граць на гармоніку, па святах у сямейным коле магла выканаць прыпеўкі пад уласны музычны акампанемент. У «Балаганчык» патрапіла выпадкова 2 гады таму, і з таго часу без яго не ўяўляе жыцця. 

— Я выйшла на пенсію з пасады начальніка тэхнічнага аддзела. Ніколі не думала, што змагу іграць на сцэне, хоць і марыла пра гэта, — прызнаецца Вера Леанідаўна Кандрацьева. — Вядома, не ўсё атрымалася адразу. Я — чалавек стрыманы, прыйшлося навучыцца выказваць свае эмоцыі. Але як жа гэта цікава — уваходзіць у вобраз выдуманага персанажа, пражываць такія розныя жыцці, нешта новае пра сябе і пра людзей разумець. Праблем ва ўсіх хапае. У мяне, напрыклад, бацьку хутка 100 гадоў, ён патрабуе догляду і клопату. Трэба аднекуль браць сілы. І «Балаганчык» для мяне — крыніца натхнення, месца, дзе я зараджаюся энергіяй.

— Знаходзіцца тут, сярод таленавітых добразычлівых людзей — велізарнае задавальненне, — далучаецца Наталля Анатольеўна Гефліх. — Гэта дапамагае жыць. Калі еду на рэпетыцыю, рыхтуюся да выступу, то забываю пра ўсе свае хваробы, напаўняюся прадчуваннем радасці.

Ала Яўгенаўна Краўцова калісьці была музычным кіраўніком у дзіцячым садку. Патрапіла на канцэрт «Балаганчыка» і захапілася майстэрствам акцёраў-аматараў. Месяц прыходзіла на рэпетыцыі ў студыю ў якасці гледача. А потым стала ўдзельнічаць — і ў ролі вядучай, і ў якасці выканаўцы. Сама не верыць, што ёй ужо 78 гадоў — так цікава жыць.

— Я пераехала ў Беларусь з Казахстана 9 гадоў таму. У сталым узросце мяняць месца жыхарства — сур’ёзнае выпрабаванне, — дзеліцца Святлана Сямёнаўна Кокіна. — Каб наладзіць сацыяльныя сувязі, знайсці круг зносін, спачатку вяла ў бібліятэцы гурток вязання для жадаючых. Потым заспявала ў складзе вакальнай групы «Кружава». І, нарэшце, прыйшла ў тэатральную студыю. Здаецца, прыжылася. Так усім і кажу: «Балаганчык» без мяне, безумоўна, пражыве, а вось я без яго ўжо не абыдуся.

Усе мае суразмоўцы падкрэслівалі, як шмат значыць для іх тэатральная студыя. Па-першае, яны знаходзяць у «Балаганчыку» раскошу зносін. Па-другое, рэалізуюць свае таленты. Па-трэцяе, выступленні перад публікай дораць адчуванне сваёй патрэбнасці. Па-чацвёртае, сцэна падахвочвае трымаць форму, сачыць за сабой, захоўваць маладосць душы. А праблема ў «Балаганчыку» толькі адна — жанчынам востра не хапае мужчын. Знайсці прадстаўнікоў моцнага полу, якія б папоўнілі іх дружны, слаўны калектыў — агульная запаветная мара.

Рэцэпт даўгалецця: Не піць, не паліць, сям’ёй даражыць і любіць тэатр.

Пра адзінага мужчыну ў «Балаганчыку» варта расказаць падрабязней. Івану Ігнатавічу Антанюку 94 гады. Ён нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і на хутары недалёка ад Брэста ў студзені 1930 года. У час Айчыннай вайны быў у партызанскім атрадзе ім. М. М. Чарнака, дзе ягоны бацька Ігнат Рыгоравіч кіраваў разведкай.

— Думаю, цяга да тэатра ў мяне ад Бога, — разважае Іван Ігнатавіч. — За выключэннем сястры Каці, якая прыгожа спявала, ніхто ў нашым родзе артыстычных здольнасцяў не праяўляў. Я ж, упершыню апынуўшыся пасля вайны ў Брэсцкім тэатры драмы ім. Ленінскага камсамола (тады ён яшчэ не быў акадэмічным), проста «захварэў» на ліцадзейства. У школе ўдзельнічаў у розных пастаноўках, марыў пасвяціць жыццё сцэне. 

Аднак бацькі катэгарычна запярэчылі жаданню старэйшага сына «вучыцца на акцёра». Што, маўляў, гэта за прафесія для мужчыны? Іван паслухаўся, паступіў у Тамбоўскую ваенную вучэльню, стаў спецыялістам па радыёлакацыі, даслужыўся да звання маёра. І пры гэтым, куды б ні закідваў яго лёс, ён усюды знаходзіў час і магчымасць творча заявіць пра сябе.

Калі Іван Ігнатавіч вярнуўся з сям’ёй у Беларусь і выйшаў на пенсію, пытанняў, чым на ёй займацца, перад ім не стаяла. Скончыў студыю пры народным тэатры «На Доўгім бродзе», атрымаў пасведчанне аб прысваенні звання «артыст народнага тэатра» і на працягу 40 гадоў самааддана служыў гледачу. Цяпер сілы ўжо не тыя — ад удзелу ў спектаклях прыйшлося адмовіцца. А вось выступы ў «Балаганчыку» — гэта якраз тое, што трэба.

— Колькі шчасця падарыў мне тэатр, — усклікае мой абаяльны суразмоўца. — На працягу многіх гадоў я часта вучыў ролі па начах. Выходзіў на кухню, каб не перашкаджаць хатнім, і ўваходзіў у вобраз. Адчуваў сапраўдную эйфарыю, не ведаў, што такое стомленасць. Памятаю, калі толькі прыступіў да рэпетыцый у народным тэатры «На Доўгім бродзе», мая жонка Святлана паставіла пытанне рабром: «Выбірай — ці я, ці тэатр». На што я ёй цвёрда адказаў: «І ты, і тэатр». Нейкі час яшчэ бунтавала, а потым супакоілася, нават на спектаклі прыходзіла.

9 гадоў таму Іван Ігнатавіч заўдавеў, зараз жыве з дачкой Таццянай. Ні яна, ні сын Алег, ні ўнукі не падхапілі ад яго вірус сцэны. Але падрастаюць праўнукі — Маргарыта і Філіп, і як ведаць, як ведаць... У любым выпадку ўсе нашчадкі вельмі ганарацца сваім артыстам.

— Ніколі не піў, не паліў, кожны дзень раблю 15-хвілінную зарадку, і, вядома, падсілкоўваюся радасцю творчасці, — дзеліцца сакрэтам свайго актыўнага даўгалецця Іван Ігнатавіч Антанюк і дадае: «Трэба трымацца. Хіба магу падвесці маіх выдатных сябровак па «Балаганчыку»?

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.