Вы тут

У Магілёўскім раёне сужэнцы-пенсіянеры ўзялі шэфства над адзінокай суседкай


Пятнаццаць гадоў таму Шаміль Равільевіч Вакар і Надзея Ільінічна Шаманская пайшлі на пенсію і пераехалі жыць з Магілёва ў вёску Концы Вендаражскага сельсавета. З тых часоў яны першыя памочнікі і анёлы-ахоўнікі старэнькай Марыі Яфімаўны Дамянковай. У жанчыны ёсць пляменнікі, але жывуць яны далёка і прыязджаюць да цёткі, як той казаў, раз у год. Увесь астатні час яна жыве пад наглядам сваіх дабрадзеяў.


— Я нарадзілася і вырасла ў гэтай вёсцы і Марыю Яфімаўну ведаю, лічы, з дзяцінства, — расказвае Надзея Ільінічна. — Калі маці мая была яшчэ жывая, суседка прыходзіла да яе ў госці. Мы і раней, калі трэба, заўсёды ёй дапамагалі, а як пераехалі сюды, клопат пра яе цалкам лёг на нашы плечы.

Па дакументах Марыі Яфімаўне хутка споўніцца 85 гадоў, але «метрыкі» яе падчас вайны згарэлі і колькі ёй гадоў дакладна не ведае нават яна сама. Некалькі гадоў таму яна яшчэ невялічкую гаспадарку трымала. Прыходзіла да суседзяў прасіць, каб дапамаглі агарод засеяць, потым прыбраць. І яны ёй не адказвалі. Зараз агарода няма, але старой жанчыне патрэбна ўвага. Яна ўжо не можа сабе есці прыгатаваць, адзенне памыць, у доме прыбрацца. І калі б не добраахвотнікі, было б вельмі цяжка спраўляцца з хатнімі справамі. А летась, калі жанчына захварэла і з высокай тэмпературай ляжала, не падымаючыся, у ложку, Надзея Шаманская яе нават з лыжкі месяц карміла.

— У самой са здароўем не ўсё добра, але ж як кінуць без нагляду жывога чалавека, — кажа суразмоўніца. — Яна хоць і капрызная, і характар складаны, але ж трэба неяк мірыцца, шукаць кампраміс.

Частку абавязкаў па дагляду за старой жанчынай узяў на сябе Шаміль Равільевіч. Ён і дроў паколе, і вады прынясе, і траву пакосіць, і лазню пратопіць. Бабуля вельмі любіць у лазні мыцца, спецыяльна звяртаецца, каб пратапілі. Сужэнцы ёй і прадукты з горада прывозяць выключна па спісу, які яна складзе. Летась сацработнікі прапанавалі бабульцы на сацыяльны ложак у бальніцу перасяліцца або ў дом-інтэрнат. Яна адмовілася: навошта, калі ў мяне памочнікі тут ёсць.

Надзея Шаманская не супраць даглядаць старую жанчыну, але, прызнаецца, што з кожным годам гэта рабіць усё цяжэй і цяжэй. Муж — былы афганец, а людзі, якія прайшлі праз той жах, рэдка бываюць са здаровым сэрцам. Яму дагляд патрэбны. Да і самой ужо крыху за 70. Сілы ўжо не тыя. А на вёсцы жыццё не тое, што ў горадзе. Шмат работы па гаспадарцы. А ў суседкі дом яшчэ і без выгод, нават грубкі няма. Адна толькі печка. Зімой яе трэба кожны дзень паліць, каб у хаце было цёпла. А потым яшчэ глядзець, каб пажару не здарылася. Лічы, цэлы дзень паміж дамамі прыходзіцца курсіраваць. Летам прасцей стасавацца. Калі Марыі Яфімаўне нешта спатрэбіцца, яны выходзіць на вуліцу і гукае: "Надзя! Шаміль!"

— Мы ўсе будзем у такім узросце, усім нам патрэбна будзе дапамога, — разважае суразмоўніца. — У мяне двое дзяцей, яны нам з мужам таксама дапамагаюць. У нашай падапечнай асабістае жыццё не склалася. Яна і замужам не была. Але таксама сваю маці даглядала. У нас у вёсцы амаль усе такія. Вядома, прасцей ад чалавека адмовіцца, махнуць на яго рукой, маўляў, хай век ў інтэрнаце дажывае. Але ўсе ведаюць, што там людзей шмат і ніхто пра кагосьці аднаго асабліва клапаціцца не будзе. А калі чалавек бездапаможны і не можа сабе нават вады ў шклянку наліць, для яго гэта – пакаранне. Ляжаць і чакаць пакуль нехта пра цябе ўспомніць, сапраўдная пакута. А Марыя Яфімаўна мне хоць і не радня, але ж знаёмы чалавек. І для мяне сапраўды вельмі важна ведаць, што ў яе ўсё ў парадку. Не ведаю толькі, змагу я яе гэтай зімой даглядаць, або не. Яна патрабуе шмат да сябе ўвагі. І дапамагаць прыходзіцца на шкоду сабе.

У аддзяленні Магілёўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва лічаць, што такія людзі, як Шаміль Равільевіч і Надзея Ільінічна – сапраўдныя героі. Асабліва на фоне тых, хто адмаўляе ва ўвазе нават самым родным людзям. Вядома, што старыя капрызныя, дзесьці нават жорсткія. Але ім таксама патрэба ўвага. І не толькі з боку службы сацабслугоўвання. І такі рух, як валанцёры «срэбнага» ўзросту вельмі важны і неабходны. Людзі самі ўжо пенсіянеры, са сваімі балячкамі і праблемамі, але, калі яны бяруць на сябе клопат аб іншых, сваімі паводзінамі падаюць вельмі добры прыклад маладым. Менавіта дзякуючы ім мір напаўняецца пазітыўнымі эмоцыямі, а нечая старасць набывае сэнс і значэнне.

— Усё пачынаецца з унутранага жадання дапамагаць людзям або нейкаму канкрэтнаму чалавеку, — кажа загадчык аддзялення Магілёўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Ермакова. — І сям’я з вёскі Концы стала добрым прыкладам валанцёраў «сярэбранага» ўзросту. Надзея Ільінічна і Шаміль Равільевіч дораць адзінокаму чалавеку душэўную цеплыню, дапамагаюць у рашэнні бытавых пытанняў. Дзякуючы іх неабыякавасці Марыя Яфімаўна працягвае жыць у звыклай хатняй абстаноўцы, а не ў доме-інтэрнаце або на медыка-сацыяльным ложку. Даўно заўважана, што чалавек, які атрымлівае індывідуальную дапамогу ў хатніх умовах, радзей звяртаецца да ўрачоў. Яго псіхафізіялагічны стан таксама лепшы. Дзякуй усім неабыякавым людзям, якія ўдзельнічаюць у валанцёрскім руху па аказанні дапамогі адзінокім грамадзянам пажылога ўзросту.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.