Усяго на ўзбраенне сельскіх Саветаў дэпутатаў перададзена 31 машына. Як адзначыў у сваёй прамове старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, менавіта сельсаветы — першая інстанцыя, куды звяртаюцца жыхары па параду і дапамогу, а значыць, дэпутаты павінны быць больш мабільнымі.
— Сёння мы робім яшчэ адзін крок па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскіх Саветаў, — падкрэсліў губернатар. — Трэба быць у курсе ўсяго, што хвалюе насельніцтва і садзейнічаць стварэнню максімальна камфортных умоў для жыцця людзей. Работа гэтая маштабная.
Уладальнікі новых аўтамабіляў не хавалі сваіх эмоцый. Падарунак вельмі важны і своечасовы.
— Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву Магілёўскага аблвыканкама і аблсавета за такую тэхнічную падтрымку, — паведаміў старшыня Лапаціцкага сельсавета Слаўгарадскага раёна Сяргей Антошкін. — На тэрыторыі сельсавета 14 населеных пунктаў, два з якіх — Лапацічы і Лясная — аграгарадкі. Аддаленыя вёскі маланаселеныя, там жывуць у асноўным пенсіянеры, а гэта вельмі ўразлівая катэгорыя, якой больш за ўсё патрэбна ўвага.
Дэпутат ужо ацаніў магчымасці новай машыны, прызнаецца, што яна вельмі зручная і камфортная. Ёсць кандыцыянер, аўтазапуск, а галоўнае — яна новая.
На абслугоўванні Капачэўскага сельсавета Мсціслаўскага раёна 26 вёсак. Там заўсёды хапае пытанняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння, заўважыў старшыня Сяргей Фядосаў.
— Часта бывае, што праблему трэба вырашаць імгненна, каб папярэдзіць наступствы, — кажа ён. — І новыя аўто вельмі дапамогуць у гэтым. Раней даводзілася карыстацца асабістай машынай, а цяпер такой патрэбы ўжо не будзе. Сельсавет вялікі, яго працягласць 53 кіламетры ад адной мяжы да другой. Літаральна днямі каля дзесяці гадзін вечара спатрэбілася дапамога адной з жыхарак вёскі — прарвала водаправод. Трэба было арганізаваць дапамогу і самому быць на месцы, пракантраляваць пытанне.
— Гэта яркі прыклад узаемадзеяння паміж усімі структурамі ўлады Магілёўшчыны, вынік таго, як прымаюцца рашэнні выканаўчай і заканадаўчай уладамі для таго, каб зрабіць нашу краіну больш моцнай, а жыццё яе грамадзян — больш камфортным, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін. — Кіраўнік дзяржавы патрабуе ад выканаўчай улады зрабіць усё, каб дэпутацкі корпус быў дзейсным механізмам зваротнай сувязі паміж насельніцтвам і выканаўчай уладай. Як кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці я ўдзячны старшыні Магілёўскага аблвыканкама, што зроблены такі важны крок і закуплены 31 аўтамабіль менавіта для пярвічнага звяна сельсаветаў, тых людзей, якія працуюць на сяле з нашымі выбаршчыкамі. Гэта дазволіць больш аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць у насельніцтва. Разам мы зможам зрабіць усё для таго, каб наша краіна квітнела.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.