Вы тут

Страх i нянавiсць у намiнанце на «Залатога льва». Калi вораг не прыходзiць сам, яго можна прыдумаць


У пакрысе мацнеючым кiнапракаце, што аднаўляецца пасля каранавiруснай паўзы, з'явiўся водгалас мiнулага Венецыянскага кiнафестывалю: гэтымi днямi на вялiкiм экране ў Мiнску паказваецца адзiн з намiнантаў на «Залатога льва» — аднайменная экранiзацыя рамана лаўрэата Букераўскай i Нобелеўскай прэмiй Джона Максвела Кутзее «У чаканнi варвараў». У аснове сюжэта ляжыць прымiтыўная iдэя брутальнай каланiзацыi, затое ў яе ўвасабленнi знаходзяцца вiзуалiзаваныя механiзмы жорсткага дамiнавання, схемы бязглуздых дзеянняў дзеля захавання моцы метраполii i мудрагелiста ўзнiклае каханне, дзе мог бы пакорпацца Фрэйд. Неабходны Iмперыi вораг, катаваннi i дарэмныя ахвяры — i ўмоўны свет Кутзее i рэжысёра Сiра Гера рэзануе з нашай сённяшняй рэчаiснасцю.


Фантастычны раман выйшаў у 1980 годзе i пасля ўручэння яго аўтару Нобелеўскай прэмii трапiў у спiс «найвялiкшых кнiг XX стагоддзя» брытанскага выдавецтва Penguin Books — апiсаны ў iм свет не iснуе i не носiць рэальна iснуючай назвы, але, вядома, знаходзiць пэўныя паралелi ў сусветнай гiсторыi. Не кажучы ўжо аб тым, што не прамыя, але ўсё ж пераклiчкi з кнiгай бачацца то тут, то там, у тым лiку на вулiцах беларускiх гарадоў.

Да экранiзацыi рамана быў прыцягнуты «фестывальны» рэжысёр Сiра Гера, што мае не залатыя, але ўсё ж узнагароды з Кан, Сан-Себасцьяна, «Сандэнса», а цяпер i Венецыi. А таксама топавыя акцёры Марк Райлэнс, Джонi Дэп i Роберт Пацiнсан, якiя ў фiльме ўвасабляюць сабой розныя дзяржаўныя «прадукты».

Паводле сюжэта, на сваёй ускраiне Iмперыя знаходзiць ворагаў: насамрэч iх не iснуе, але калi яны спатрэбiлiся, прадстаўнiкi метраполii ўзялiся за мясцовыя плямёны, якiх лiчаць за варвараў, — цудоўны прыклад таго, як фальшывая фармулёўка вызначае стаўленне i дзеяннi, бо, як вядома, «мова ёсць спосаб светавытлумачэння», значыць, яна здольная паказаць, якiм «цэнтр» бачыць наваколле.

Асноўныя падзеi адбываюцца ў памежным горадзе-крэпасцi, маўляў, стратэгiчна важным для метраполii пункце, што дазваляе Iмперыi iстэрычна перабольшваць альбо нават выдумляць сабе пагрозы. Надуманасць iдэалогii, што прыводзiць да фiзiчнай i псiхалагiчнай скалечанасцi, смерцяў i адкрытага канфлiкту, складае аснову закладзенага ў гiсторыю абсурду. Напружанасць падзей нерэлевантная iх першапрычыне, i фiльм паказвае прыклад дэструкцый i скажэнняў рэальнасцi праз нерацыянальную палiтыку магутнай Iмперыi.

Iмперыя ўвасабляецца тут галоўным чынам у двух розных i нават супрацьлеглых аблiччах, дзе першым з'яўляецца станоўчы магiстрат горада — дабрасардэчны дзядзька ў выкананнi Марка Райлэнса, якi шмат гадоў даглядае ўскраiну, цiкавiцца мясцовай культурай i займаецца сваёй работай у прыгожым атачэннi ўтульнага кабiнета, поўнага кнiг i археалагiчных здабыткаў. Фiльм увогуле, як водзiцца перад бурай, пачынаецца з iдылii з магiстратам на яе чале: быццам бiблейскi горад, зняты ў Марока, жыве сваiм жыццём, збiрае ўраджай алiвак i нават абыходзiцца без турмы, бо злачынствы тут не здзяйсняюцца.

Другое ўвасабленне Iмперыi разбурае гэтую iдылiю, i з'яўляецца яно ў першую чаргу ў выглядзе Джонi Дэпа, які выканаў, напэўна, сваю самую статычную i нязграбную ролю — палкоўнiка Джола ў шыкоўнай ладнай форме i адмысловых акулярах. Потым яму на падмогу прыходзiць неапраўдана жорсткi выслужвальнiк афiцэр Мендэл у аблiччы Роберта Пацiнсана, якi паводзiць сябе ў памежным горадзе бы гаспадар, бо ўсведамляе, што можа сабе гэта дазволiць.

Гэтая неабмежаваная ўлада прадстаўнiкоў метраполii як шараговы сiмптом выбудаванага ў фiльме рэжыму абыгрываецца асобна — яна халодная, п'яная i агiдная. Пасля катаванняў, якiя палкоўнiк Джол дазваляе сабе ў дачыненнi да падазраваных, ён у простым, але ўдалым прыёме паказваецца за багатым абедам. Успамiнаецца Салжанiцын, што ў кнiзе «Архiпелаг ГУЛАГ» апавядаў, як i сам у якасцi ўжо затрыманага афiцэра адмовiўся несцi свой чамадан, прымусiўшы рабiць гэта таксама арыштаванага, але немца.

Тым часам аўтары знаходзяць магчымасць пакпiць з адмоўных герояў, не тое каб адкрыта, бо сур'ёзную iнтанацыю ўсё ж трэба захоўваць, але вiдавочна — паказваюць iх дурнямi, калi тыя прымаюць старажытныя пiсьмёны за таемную перапiску магiстрата з ворагамi; ганебнымi баязлiўцамi, калi так званыя варвары дасылаюць каланiзатарам красамоўны адказ; i проста вартымi жалю чалавечкамi, што, збягаючы, хапаюць са спустошанага горада апошняе, што толькi можна ўзяць. Аўтары кпяць з метраполii i праз магiстрата, якога прынiзiлi, пазбавiлi дома i звялi да ўзроўню адшчапенца, а той захаваў годнасць i здольнасць саркастычна насмiхацца з ваеннага прадстаўнiцтва Iмперыi.

Асобная лiнiя фiльма — гiсторыя адносiн памiж магiстратам i «варваркай», якая сярод iншых была скатаваная падчас кампанii палкоўнiка Джола па пошуку ворагаў. Гэта вельмi своеасаблiвая канфiгурацыя пачуццяў, якая, з аднаго боку, аздабляе сюжэт умоўна рамантычнай лiнiяй, а з другога — паказвае псiхалагiчны выверт, што можа з'явiцца ў прапанаваных умовах. Скалечаныя ногi дзяўчыны становяцца для магiстрата ледзь не фецiшам, а iх абмыванне — спробай заглушыць пачуццё вiны, ад якога мужчына спрабуе пазбавiцца з таго самага моманту, як тэрмiнова загадвае выгнаць заключаных пасля ад'езду палкоўнiк, — каб не мулялi вочы. Адзiную, што засталася ў горадзе, давялося прыгрэць на грудзях.

Карцiна «У чаканні варвараў» стварыла ўмоўную, але зразумелую сiстэму i ўзялася выпiнаць яе апорныя пункты — сама па сабе жорсткая каланiзацыя, адлюстраваць якую, здаецца, стала задачай стужкi, не з'яўляецца дастаткова самастойным матывам. Фiльм расцёкся па кнiзе Кутзее i не расставiў акцэнты, якiя маглi б якасна перавесцi лiтаратурную мову ў мову кiно. Праз гэта экранiзацыя рамана атрымалася безаблiчная, што ўдзел Райлэнса, Дэпа i Пацiнсана толькi падкрэслiлi.

Увесь сеанс мы глядзiм, ды са стрыманым смакаваннем жорсткасцi, як з-за беспадстаўных дзеянняў iдылiя паступова замяшчаецца спусташэннем, — пачуццё несправядлiвасцi, канешне, займае эфiр. Але, напэўна, галоўнае, што ў фiльме прадстаўляе цiкавасць, — ключавыя праявы рэпрэсiўнай Iмперыi, якiя можна запiсваць быццам па метадычцы. Плюс мараканская карцiнка, спектр эмоцый i фiнал, якi дапускае трактоўкi, але ўсё адно не прадугледжвае пазiтыву, — нарэшце пракат насычаецца вартым кiно.

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.