Вы тут

Фільм «Грэйхаўнд» даступны на вiдэасэрвiсе Apple TV+


Глядзiм чарговае геройства Другой сусветнай.

Том Хэнкс напiсаў сцэнарый гераiчнага фiльма i сам выканаў у iм галоўную ролю — 10 лiпеня адбыўся лiчбавы рэлiз амерыканскай карцiны «Грэйхаўнд» рэжысёра Аарона Шнайдэра пра Другую сусветную вайну, дапамогу амерыканцаў саюзнiкам i тое, наколькi важныя подзвiгi асобных людзей. Фiльм рыхтаваўся быць выпушчаным у пракат у чэрвенi гэтага года, але класiчная прэм'ера адмянiлася, як шмат што адмянiлася праз каранавiрус. Цяпер суровая, стрыманая i, дарэчы, набожная стужка даступная на вiдэасэрвiсе Apple TV+.


Гэта фiльм пра хвацкiя прыгоды эскадранага мiнаносца «Грэйхаўнд» i яго кемлiвага капiтана Эрнэста Краўзэ — персанажа якраз для сур'ёзнага i засяроджанага твару Тома Хэнкса; уласна сваёй сканцэнтраванасцю i напружанымi позiркамi ўдалечыню акцёр, што ў якасцi сцэнарыста нарэзаў для карцiны няшмат дыялогаў, тут i iграе. Гераiчны марскi паход агорнуты ў пакутлiвае змаганне за справядлiвую справу, лаканiчны набор складаных для разумення абывацеля прафесiйных рашэнняў i глыбокiя колеры наваколля.

Аўтары бяруцца за так званую бiтву за Атлантыку, у якой Германiя падчас Другой сусветнай вайны намагалася парушыць камунiкацыю саюзнiкаў па антыгiтлераўскай каалiцыi ў Атлантычным акiяне. Менавiта праз Атлантыку быў адпраўлены чарговы канвой з «Грэйхаўндам» на чале, а кiраваць мiнаносцам тым часам прызначылi Эрнэста Краўзэ — мiлага, прыстойнага i, калi гэта трэба, самаахвярнага хрысцiянiна. Складанасць заключалася ў тым, каб перасячы так званую «Чорную яму» — некалькi дзён шляху, дзе ўжо не дзейнiчае авiяцыя ВПС ЗША, затое сноўдаюць нямецкiя падлодкi.

Уявiце сабе ўдзел у ваеннай задачы, якую нельга выканаць без страт, i становiшча, калi ты мусiш iсцi наперад, нягледзячы на штосекундную нябачную пагрозу i судны, недзе побач пушчаныя на дно: для канвою — мы сочым за яго прасоўваннем цягам дзён, пераскокваючы ад эскалацыi да эскалацыi, — выкананне задачы становiцца шляхам цераз пекла.

Тым не менш удзел у вайне, загад i абавязак у «Грэйхаўндзе» iграюць як нешта абсалютнае i неаспрэчнае, тут няма матываў ваганняў, болю ад страт, жахаў Другой сусветнай, а толькi цвярозае, халоднае выкананне пастаўленай задачы, якое ў кiно заведама можна ўвасобiць з саспенсам у выглядзе шэрагу дзеянняў, ад якiх глядач не зможа адарвацца, пакуль будзе спрабаваць iх зразумець. Карацей, не — рэфлексiям, так — геройству. Калi хочацца нечага такога, сюжэты якраз лёгка адшукваюцца ў гiсторыi сярэдзiны мiнулага стагоддзя.

Фiльм паказвае бiтву за Атлантыку i барацьбу з нямецкiм бокам праз галоўнага героя, якi не спiць, не есць, сцiрае ногi да крывi, але да апошняга мужна, самааддана, без скаргаў i пытання «за што?» суправаджае свой канвой. У гэтым сэнсе назва карцiны хiтруе — «Грэйхаўнд» тут крыху не «Грэйхаўнд», а «Краўзэ», тым больш Том Хэнкс не абдзялiў персанажа, якога сыграў, вiдавочным рамантычным арэолам.

Эрнэст Краўзэ — вельмi харошы i прыемны мужчына, што хоча ажанiцца з каханай, а ў час выканання абавязку — нястомны i цвярозы баец, здольны патапiць некалькi варожых падлодак, супрацьстаяць так званай воўчай зграi i зрабiць нешта, гледзячы па авацыях у канцы, немагчымае. Ён будзе рацыянальна ацэньваць абстаноўку, аддаваць халодныя загады i на смерцi i страты рэагаваць без нюняў, але, бачна, з болем унутры.

Мы часта глядзiм на яго вачыма каманды, нам паказваюць рэакцыю на яго самаахвярнасць калег, глядач сочыць, як перакусы, што аказваюцца ў кадры, зноў застаюцца некранутымi, бо трэба некуды ляцець i гэтаму насычана шэраму змаганню няма канца. Краўзэ тым часам выглядае такiм стрымана вялiкiм чалавекам — маўляў, ой, ну што вы, — i перыядычна звяртаецца думкамi да каханай. Вось што значыць напiсаць сцэнарый i выканаць галоўную ролю адначасова.

Цягам развiцця падзей на «Грэйхаўндзе» пагрозлiва скароцiцца боезапас, прыйдзе ноч, потым другая, некалькi суднаў канвою патонуць адно за адным, а самаўпэўненыя нямецкiя ваенныя будуць перадаваць па радыёсувязi здзеклiвыя спiчы — пакуль глядач не да канца разумее, што дакладна тут адбываецца, аўтары спраўна ствараюць напружанне — тое, што трэба для прыемнага вечара.

Том Хэнкс даводзiць гэты сюжэт без хэпi-энду, але з узрушальнымi сцэнамi, да канца i iдзе малiцца, праз што ў стужку ўварочваецца хрысцiянскi налёт. Яшчэ адзiн фiльм дапоўнiць вiзуалiзацыю падзей Другой сусветнай вайны — шкада толькi, яго колеравую палiтру i марскiя планы мы глядзiм не на вялiкiм экране кiнатэатра.

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Загаловак у газеце: Малiтва падчас вайны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».