Карціна "Манчэстэр ля мора" Кенэта Лонергана — з ліку оскараўскіх лаўрэатаў. Фільм пра замкнутага і нелюдзімага рознарабочага Лі ўдастоен "Оскара" за найлепшы сцэнарый, а выканальнік галоўнай ролі Кейсі Афлек абышоў Раяна Гослінга, Віга Мортэнсэна, Эндру Гарфілда і Дэнзэла Вашынгтона і атрымаў статуэтку за найлепшую мужчынскую ролю. "Манчэстэр ля мора" — гэта пранізлівая, тактоўная і часам нават гумарыстычная чалавечая драма пра тое, як бывае складана жыць і спраўляцца з прывідамі мінулага.
Слесара Лі, якога іграе Кейсі Афлек (адным з кандыдатаў на ролю быў Мэт Дэйман), нельга назваць паспяховым чалавекам. Ён жыве ў маленькім пакойчыку, працуе рознарабочым у шматкватэрным доме (здаецца, нават неафіцыйна), пазбягае камунікацыі з іншымі людзьмі і абыходзіцца толькі вымушаным лексічным абменам. Кранальны, меланхалічны, маркотны, з павольнымі рухамі, ціхім голасам персанаж — зразумела, у мінулым такога героя павінна быць нейкая трагедыя. Таямніца раскрываецца гледачу пасля таго, як Лі павінен будзе вярнуцца ў родны горад з-за смерці брата. Тут ён некалі быў завадным, дураслівым, шчаслівым чалавекам, жыў з жонкай і дзецьмі ў вялікім доме.
Лі насцігаюць успаміны пра мінулае, у якім шчаслівае ў традыцыйным разуменні жыццё было прыпынена страшным здарэннем. У гэты момант яму паведамляюць, што ён становіцца апекуном свайго чатырнаццацігадовага пляменніка, з якім Лі і да гэтага праводзіў шмат часу ў моманты абвастрэння хваробы брата. Так галоўны герой аказваецца ў складанай жыццёвай сітуацыі, таму што абавязак выхоўваць пляменніка прымушае яго жыць у горадзе, з якім звязаны страшныя ўспаміны...
Карціна "Манчэстэр ля мора" была намінавана на "Оскар" у чатырох катэгорыях і магла ў тым ліку атрымаць узнагароду як найлепшы фільм. Але і "Манчэстэр", і ўслаўлены "Ла-ла Лэнд", і яшчэ дзве карціны абышла драма Бары Джэнкінса "Луннае святло", у чым крытыкі ўбачылі ўздзеянне мінулагодняга скандала вакол прэміі "Оскар". Тады пэўныя дзеячы абвінавацілі кінаакадэмікаў у тым, што яны абыходзяць увагай чарнаскурых кінематаграфістаў.
У гэтым сэнсе фільм "Манчэстэр ля мора" ў параўнанні з дзвюма згаданымі карцінамі па-мастацку больш чысты: ён не набірае балы за кошт славутых акцёраў, не адзываецца на кан'юнктурныя пытанні, не ўпісваецца ў кантэкст апошніх скандалаў. Ён вельмі сціпла, чулліва, павольна расказвае аб трагедыях простых людзей і перадае іх тым больш кранальна дзякуючы майстэрскаму мантажу і дакладнаму выбару класічнай музыкі.
Фільм будзе паказвацца ў мінскім пракаце да 5 красавіка.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?