Вы тут

Які сувенір прывезці з сядзібнага дома паноў Ленскіх?


Сувеніры мы выбіраем часта: літаральна пры кожным «аб'екце», які мае «лаўку», пераглядаем-перамацваем ледзь не ўсё. А купляем што-небудзь рэдка. Так рэдка, што гліняны кубак са свістулькай-птушкай, якая сядзіць на ручцы, спусціўшы цікаўную дзюбку ў прывідны напой, цэлы тыдзень не мог знайсці сабе месцейка ў хаце: то стаяў на палічцы перад глінянай днушкай з пазнакай «Нясвіж», то з талеркай з Ружан «перамаўляўся», то знаёміўся з дудуткаўскім ветраком... Так бывае з дарагім госцем, якога не ведаеш куды пасадзіць. Далёка не кожнае падарожжа, нават вельмі цікавае, завяршаецца гэткім набыткам. А здавалася б, проста кубак.


Эль­жбе­та Лен­ская.

Хоць, калі казаць пра посуд, пачынаць лепш з відэльца. Аздоблены літарамі Е і L (па-нашаму — Эльжбета Ленская), ляжыць ён у кутняй шафе ў адным з пакояў сядзібнага дома Ленскіх, што на рацэ Суле. Гэта, можа, за якія два дзясяткі кіламетраў ад Дзяржынска ў бок Івянца. Як прынята казаць, «у маляўнічым» і чамусьці «кутку» (які куток можа быць у абшару?), паміж вёскамі Рубяжэвічы і Целяшэвічы. Ведаеце, якім адчуваннем суправаджаецца траплянне ў гэтае месца? Наўрад ці змагу перадаць, але паспрабую. Стагоддзе быццам цяперашняе, але як хто перанёс у яго антураж найбольш слаўнай мінуўшчыны і тыя рамантычныя акалічнасці, ад якіх пры чытанні старых раманаў трымціць душа. Прызнайцеся, што і вам часам хочацца, каб было «як тады», але каб не зніклі пры гэтым нікуды сучасныя зручнасці. Тут так і ёсць! І атрымліваецца не вандроўка ў часе і не пагружэнне ў мінулае, а нешта больш жаданае і значнае — быццам захавана ўсё найлепшае ад колішніх эпох. Але ж вернемся да відэльца.

Ён дэманструецца падчас кожнай экскурсіі, прысвечанай гаспадыні, — і сам відэлец, і кутняя шафа, а яшчэ напаўкруглая камода, самаробны абрус на ёй, старадаўнія падсвечнікі, велічнае распяцце і некалькі іншых прадметаў, што ствараюць цяпер экспазіцыю. Рэчы, спадарства, ператвараюцца ў экспазіцыю, патрэбную людзям, толькі тады, калі праходзяць праз гісторыю. Гэтыя прадметы былі раздадзены Эльжбетай Ленскай жыхарам Рубяжэвіч у якасці ўзнагароды за іх любоў да яе. І вярнуліся да гаспадыні, калі дом яе ператварыўся ў музей. Стандартная, здавалася б, гісторыя. Ды ведаеце, далёка не кожная экспазіцыя пакідае аб сабе такое ўражанне, з якім не расстацца да наступнага дня, і тым больш не кожная вандроўка вяртаецца ў снах. Вандроўка ў сядзібу Ленскіх прысніцца і вам, я ўпэўнена.

Дом ака­но­ма.

Ці чулі вы, як пры аповедах пра гаспадароў тых сядзіб, што з розных прычын ператвораны ў музеі, голас экскурсавода на піку эмоцый дрыжыць і як быццам зрываецца? Ці бачылі, як на вочы экскурсавода, які, вядома ж, далёка не ўпершыню сваю прамову кажа, набягаюць здрадніцкія кропелькі? Ці шмат вы ведаеце экскурсаводаў, якія ў музейнай прасторы дэманструюць прадметы з уласнага збору? Ці назіралі работу чалавека як найвялікшую асалоду і шчасце? Калі хоць бы на адно пытанне вы адказалі «не», то ў сядзібе Ленскіх вы яшчэ не былі. І значыць, вам туды трэба. Скажам іначай: вам трэба туды, дзе на плечы апусціцца мяккае воблачка, а па скуры пабяжыць цеплыня.

Мы, спадарства, як я сказала, у музеі, размешчаным у сядзібным доме паноў Ленскіх герба Астоя. Я ўжыла тут «паноў» нездарма. Перад самым домам стаіць камень, на ім шыльда, на шыльдзе літары, у літарах — сэнс, цана і разуменне таго «панства»: маўляў, на гэтым месцы стаяў пабудаваны ў пачатку ХІХ стагоддзя сядзібны дом (партэрны класіцыстычны, у плане чатырохвугольны, крыты чатырохсхільным гладкім гонтавым дахам, калі чытаць Рамана Афтаназы), але ў 1939-м ён быў узарваны «як сімвал прыгнёту працоўных». І вось што важна: «Дадзены знак усталяваны як памяць пра добрыя справы Ленскіх і як настаўленне нашчадкам, каб не дапусцілі паўтору трагічных старонак гісторыі».

Гаспадыня сядзібы, узарванай у якасці сімвала нейкага там прыгнёту, — ціхмяная пані Эльжбета, адзіная сястра сярод братоў, з якіх адзін мастак, другі палкоўнік, трэці трымаў у Мінску гатэль «Гарні», чацвёрты заснаваў крухмала-патачны завод «Сокал», які ператварыўся пасля ў «Крышталь», і меў дачыненне да заснавання шклозавода «Нёман». Пані Эльжбета па мужу Васілеўская, але аўдавела так рана, што і да прозвішча не паспела прывыкнуць. Прынамсі, вядомая ўсім як Ленская, хіба на помніку магільным — Васілеўская. І вось гэтая пані, аўдавеўшы, пасялілася ў доме бацькоў. А калі памянялася ўлада і дом узарвалі, яна пакорліва жыла ў звычайным дамку ў Рубяжэвічах. І такім светлым была чалавекам, што калі ўладам захацелася адправіць яе ў ссылку як «класава чужы элемент», нічога ў іх не атрымалася: вяскоўцы за сваю пані заступіліся, што называецца, як мае быць, бо была яна ім не чужая. Паміраючы, яна раздала ім усе свае рэчы — на памяць за такую адданасць. І вось цяпер мы разглядваем тыя рэчы пад аповед Рамуальды Сабалеўскай, якая сабрала іх і стварыла калекцыю. Ці мала такіх артэфактаў мы перабачылі ў сваіх вандроўках, ці мала яшчэ іх пабачым? Але памыляецца той дылетант, які думае, што пасля пэўнай колькасці пабачаных камодаў і шаф, падсвечнікаў і відэльцаў усе яны робяцца аднастайнымі. Усё якраз наадварот: праз кожную рэч, якая камусьці належала, душой дакранаешся да душы. Мо гэта пафасна для кагосьці прагучыць, але тут ужо не я вінаватая, а той, каму ў прапісной ісціне чуецца нейкі там пафас.

Сула, спадарства, — месца цудоўнае. Адноўленыя будынкі кузні, канюшні, лядоўні, свірна, калёснай майстэрні, млына, вартавой вежы і дома аканома ствараюць антураж і вяртаюць акалічнасці шчаслівай, упэўненай і беспакутнай мінуўшчыны, дзе ўсё было як мае быць.

...А я б, ведаеце, хацела ў мясцовай «лаўцы» пры касе (называецца «Рэцэпцыя») набыць сабе (у кампанію да кубка) сувенірны відэльчык з манаграмай той высакароднай добрай пані, сядзібу якой мы не прамінулі наведаць адной слаўнай восеньскай нядзелькай. Падарожжы, спадарства, працягваюцца. Бо які «несезон», калі столькі навокал цікавага?!

Ка­ля куз­ні.


Рамантыкам

Сядзібны дом Ленскіх, дзе размешчаны музей, знаходзіцца на тэрыторыі так званага парка гісторыі «Каралеўская асамблея Сула». Уваход на тэрыторыю парка па квітку коштам 6 рублёў азначае неабмежаванае на ёй знаходжанне і ўжо аплачаную магчымасць наведаць музей, паслухаць экскурсію, паглядзець экспанаты, праехаць на брычцы, праплысці па рацэ на ладдзі вікінгаў, убачыць пахавальню і кромлех. Тут можна бадзяцца ўвесь дзень, бо ў страўні «Вясёлы Пан» для кожнага, у каго завуркоча ў страўніку, знойдзецца порцыя дранікаў ці свініны з бульбяной скарынкай.


Паслядоўнікам

Магілу Эльжбеты Васілеўскай з дому Ленскіх трэба шукаць на Рубяжэвіцкіх могілках, але гэта пакуль. У Ленскіх ёсць капліца-пахавальня, якую двойчы разбуралі і збіраюцца ўзнаўляць з тым, каб прыняла гаспадыню на вечны спакой. Наведайце гэтую раскошную калісьці ратонду, што сёння ў руінах, як-небудзь у цёмны час сутак: гэта не байка пра прывіды, гэта іншае. Там пабачыце...


Буркатанне сварлівай цётачкі

Гэтым разам «наеду» на шыльды, каардынаты і навігатары (даруй, Арчыбальд). Хто сказаў, што калі мястэчка мае славутасць у выглядзе помніка гісторыі ці культуры, то ўсе ведаюць, дзе яна ў гэтым мястэчку знаходзіцца? Ну, калі б на ўездзе ў мястэчка ў мозг падарожніка ўсвідроўвалася (праз спадарожнікавую сувязь ці як яшчэ) беспамылковае веданне, куды і калі паварочваць, тады было б добра. Але ж не ўсвідроўваецца. І ніводны знак не пакажа табе напрамак (бо некаму было шкада той знак паставіць), і ты накручваеш кіламетры, каб трапіць у знакаміты палац, а знаходзіш яго выпадкова, бо навігатар твой або зусім ужо... (перагрэўся), або — яшчэ адна праблема — не верыць каардынатам. Чаму так?.. Між іншым, дарогі, што вядуць да сядзібы ў Суле, спрэс пазначаны — не заблукаеш.

Падарожнічала Святлана ДЗЯНІСАВА

Загаловак у газеце: Як мае быць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.