Вы тут

Жывакіні: Шклоўскі след


Заснавальнік знакамітай тэорыі сцэнічнага мастацтва, якая на працягу 100 гадоў мае велізарную папулярнасць у Расіі і ў свеце, кіраўнік Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра Канстанцін Станіслаўскі належаў да творчых людзей, якія цэняць таленты не толькі тых, з кім працуюць. Заўважаў ён яркія дараванні і артыстаў з іншых калектываў. Прынамсі, Канстанцін Сяргеевіч быў высокай думкі пра выдатнага коміка ХІХ стагоддзя, акцёра Малога тэатра Васіля Жывакіні. Пазнаёміўся з ім яшчэ ў гады свайго дзяцінства і запомніў на ўсё жыццё. Хоць кантактаваць даводзілася з вельмі яркімі майстрамі сцэны, першаму ўражанню не здрадзіў.


Васіль Жывакіні.

Пра Васіля Ігнатавіча (сустракаецца і варыянт Іванавіч) сведчыў так: «Ён выходзіў на сцэну і прама ішоў на публіку. Перад рампай ён ад сябе казаў усяму тэатру "Прывітанне". Яму рабілі авацыю, і пасля гэтага ўжо ён пачынаў выконваць ролю. Гэты, здавалася б, недазволены для сур’ёзнага тэатра жарт нельга было адняць у Жывакіні — да такой ступені ён пасаваў да яго артыстычнай асобы». Публіка адпаведна і рэагавала на яго з’яўленне: «Пры сустрэчы з любімым артыстам душы гледачоў напаўняліся радасцю. Яму наладжвалі яшчэ раз грандыёзную авацыю за тое, што — Жывакіні, за тое, што жыве з намі ў адзін час, за тое, што дорыць нам цудоўныя хвіліны радасці, якія ўпрыгожваюць жыццё, за тое, што заўсёды бадзёры і вясёлы, за тое, што яго любяць». Але не толькі за гэта любілі яго: «[... ]той жа Жывакіні ўмеў быць трагічна-сур’ёзным у самых камічных і нават балаганных месцах ролі. Ён ведаў сакрэт, як смяшыць сур’ёзным. Калі ён пачынаў пакутаваць, кідацца, клікаць на дапамогу з усёй шчырасцю свайго таленту, станавілася нясцерпна смешна ад сур’ёзнасці яго адносін да шуму з-за дробязі. Твар і міміка яго не паддаваліся апісанню. Гэта быў зачараваны вырадак, якога хацелася любіць, ласкаць і цалаваць». 

Можа ўзнікнуць пытанне: а якое дачыненне мае Васіль Жывакіні да Беларусі? Ды, як казаў Казьма Пруткоў, «глядзі ў корань». Спачатку зазірнём у корань італьянскі. Бацькам яго быў Іаахім дэ Ламона, які ў 1791 годзе прыехаў у Расію разам са знакамітым дойлідам Барталамеа Растрэлі. Праз год трапіў у горад Шклоў, куды яго запрасіў Сямён Зорыч. Нядаўні фаварыт імператрыцы Кацярыны ІІ, высланы сюды, у 1778 годзе заснаваў прыдворны тэатр. 

Сямён Гаўрылавіч даў дэ Ламону пасаду дэкаратара ў сваім маёнтку. Толькі на ёй працаваў нядоўга. Заваяваўшы давер гаспадара, хутка стаў яго камердынерам. Хто ведае, як доўга займаўся б гэтым, калі б, з’яўляючыся халастым, не ўбачыў, як шмат у тэатры дзяўчат. Сярод іх і прыгажосцю, і талентам вылучаліся Азарэвічы — Пелагея Васільеўна і Надзея Лук’янаўна. Сваячкі — цётка і пляменніца, абедзве ўраджэнкі Шклова. 

Іаахім дэ Ламона ўпадабаў Пелагею, з якой і ажаніўся. Заставацца пасля гэтага ў Шклове не захацеў. Сямён Зорыч не толькі не стаў стрымліваць, але і пайшоў насустрач. Пелагеі, якая з’яўлялася яго прыгоннай, даў вольную. Маладая сям’я паехала ў Маскву. Калі ў іх нарадзіўся сын, яго ў метрыцы запісалі як Джавані Ламона. Адбылося гэта па адных даных 29 кастрычніка 1807 года, па іншых — 30 снежня 1801-га. Сам жа ён лічыў, што з’явіўся на свет 30 снежня 1808 года. 

Васілём Жывакіні стаў пазней, калі набыў тэатральную славу. Пра тое, як ён знаходзіў кантакт з публікай, сведчыць хоць бы такі эпізод. Адбылося гэта не на сцэне. Вяртаючыся з Самары ў Маскву, спыніўся ў Казані. Антрэпрэнёр мясцовага тэатра пачаў угаворваць яго выканаць ролі ў некалькіх спектаклях. Дамовіліся пачынаць з заўтрашняга дня. Толькі як быць з рэкламай? 

Васіль Жывакіні ў вадэвілі Д .Ленскага «Страпчы пад сталом».

Размова адбывалася за кулісамі тэатра. Васіль Жывакіні стаяў у кажуху з янота і зімовым абутку. Нервознасць антрэпрэнёра не вывела яго з сябе, а падказала, як быць: 

— Трэба афіша? Эх ты, апалонік! — з гэтымі словамі ён выйшаў на сцэну, дзе паказваўся нейкі вадэвіль. 

Дэкарацыі ўяўлялі сабой вялікія горы. Каля іх гулялі святочна апранутыя людзі, цяжка ўздыхаючы ад спякоты. Убачыўшы іх, Жывакіні здзіўлена азірнуўся, затым голасна прамовіў: 

— Здаецца, я не туды трапіў. Прабачце, напрамілы Бог! Пра-бач-це! І куды гэта мяне занесла?! Але нічога, заўтра сустрэнемся на сцэне... 

Зала захіхікала, яго пазналі, пачуліся воплескі, крыкі «біс» і «брава»! 

За кулісамі Васіль Ігнатавіч сказаў антрэпрэнёру: 

— Ну... вось табе і афіша! 

Памёр 30 студзеня 1874 года, стаўшы пачынальнікам акцёрскай дынастыі Жывакіні. Паколькі яго маці родам з нашых краёў, ні ў якім разе нельга адмаўляць у яго біяграфіі беларускага следу. Дарэчы, раней нацыянальнасць і вызначалася па жаночай лініі. 

Па шляху маці пайшлі і дочкі Надзеі Азарэвіч — Надзея і Марыя, на сцэне вядомыя як Азарэвіч 1-я і Азарэвіч 2-я. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота з сайта maly.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.