Вы тут

Што паглядзець у Дзяржынску?


Той, хто чакае ад падарожжа нечага незвычайнага, наўрад ці выправіцца па гэта ў горад, звычайнасць якога здаецца ўзведзенай у ступень. Яшчэ Сыракомля пісаў пра яго, што нічым ён, акрамя старажытнасці, не вылучаецца. З той пары і ад старажытнасці следу заўважнага не засталося. Тым не менш не заехаць сюды па дарозе да чаго-небудзь больш захапляльнага — значыць, зрабіць памылку.


Каль­він­скі збор на фо­та­здым­ку па­чат­ку ХХ ста­год­дзя.

Сыракомля быў тут у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі гэта было яшчэ Койданава, складзенае, як ён пісаў, з дзвюх ці трох соцень сасновых дамкоў, большая частка якіх — «аж занадта знаёмыя корчмы». Згадаў, што Жыгімонт ІІІ у 1588 годзе надаў Койданаву два кірмашы, «цяпер змізарнелыя». Корчмаў з той пары значна паменела, а кірмашы замяняе рынак. Хоць адзін ён, але затое штодзённы і круглагадовы, і гандаль на ім такі размаіты і бойкі, што нават і гэтая акалічнасць можа стаць нагодай сюды завітаць. Тут, што цікава, гандлююць сярод іншага тым, чым і тады гандлявалі, — глінянымі міскамі, глякамі і гаршкамі, драўлянымі грэбнямі, ступамі, таўкачамі. Набыўшы нешта гэткае ў сучаснага прадаўца, на горад з даўно ўжо не аднымі сасновымі дамкамі паглядзіш, нібы Сыракомля. І тады першым, што захочацца зверыць з мінулым, будзе касцёл Святой Ганны. «Сціплы і знадворку, і ўсярэдзіне», усё ж ён даволі заўважны аб'ект для вандроўніка, які ўязджае ў Дзяржынск з боку Заслаўя.

Без малога шэсць соцень гадоў яму, а паверыць у гэта складана. І ўсё таму, што будаваўся ён з дрэва і ўзводзіўся наноў шмат разоў. Зрэшты, пра некаторыя драўляныя храмы — тыя з іх, якія, колькі б ні гарэлі, заўсёды неяк хутка ўзнаўляліся, — можна сказаць іначай: калі дзверы іх шырока расчынены для людзей, то самі яны, быццам людзі, якія маюць насцеж расхінутыя сэрцы, ніколі не выглядаюць на свой узрост. Сціпласць і адкрытасць — галоўныя скарбы людзей і храмаў.
А гледзячы ў ясныя вітражныя вочы касцёла Святой Ганны, можна зразумець яшчэ і тое, як важна захоўваць цвёрдасць пазіцыі. Храм стаіць на сваім фундаменце ажно з 1439 года. Значыць, бачыў ён усё тое цікавае і разам з тым вартае жалю, што ў мінулыя стагоддзі адбывалася побач.

На адлегласці, якую лёгка памераць крокамі, можна прыкмеціць невысокі пагорак. Парослы травой, дзе-нідзе ён дэманструе аголенасць у выглядзе ўпарадкаваных камянёў. Так, як цяпер ляжаць, яны былі пакладзены яшчэ ў ХVІ стагоддзі, але таго, што яны сабой утваралі, — Койданаўскага замка — не існуе ўжо амаль стагоддзе. Пагорак і шыльда з надпісам «Гарадзішча» — гэта ўсё, што засталося ад велічы пад назвамі Гаштольдава гара, а пазней Кальвіншчына.
А ўсё, спадарства, праз прагнасць тых, хто тут гаспадарыў: адбілася яна моцна на шляхце, якая зрабілася інструментам інтрыг і страціла традыцыі свае старадаўнія, асабістае паставіўшы вышэй за любоў да Айчыны. Такое не праходзіць дарэмна, за такое заўсёды патрабуецца плата, хоць часам і з адтэрміноўкай. Варта пра гэта падумаць, шукаючы адказ на пытанне, чаму адны гістарычныя помнікі разбураюцца, самі сабе аддадзеныя, а другія і час не бярэ, і людзі шануюць. Рытарычным гэтае пытанне толькі здаецца...

Ад высокіх муроў з байніцамі і зубцамі ды ад гельвецкай царквы, што за тымі мурамі стаяла, ад таго, што паспелі намаляваць Напалеон Орда ў ліпені 1876-га і Курт Саўэрмільх у маі 1918- га, засталіся, як бачым, пагорак і камяні. На алтары царквы — Сыракомля сведка — ляжала некалі Брэсцкая біблія: ён яе на свае вочы бачыў. А пад алтаром, у скляпенні захоўваліся труны з целамі Радзівілаў. Калі б трошкі іншыя лёс і гісторыя дасталіся гэтаму храму (мо, калі б маліліся ў ім трошкі больш), тады радзівілаўская крыпта, што ў Нясвіжы, была б у нас не адзінай, і ехалі б вандроўнікі ў Дзяржынск такім самым арганізаваным парадкам. Але гісторыю не перапішаш...

Ён жа на аква­рэ­лі Са­ўэр­міль­ха.

А вось напісаць яе — акварэлькаю, на прывале, у дарожным альбоме, падчас адпачынку — цалкам верагодная справа. Зірніце на акварэль Курта Саўэрмільха з Германіі, які апынуўся ў Койданаве, бо быў прызваны ў войска ў Першую сусветную вайну і трапіў ваяваць на Усходні фронт. Нарадзіўся ён, праўда, у Варшаве, калі бацька і маці ўцякалі з Санкт-Перцярбурга, бо бацька, служачы там капельмайстрам, здзейсніў замах на цара. Такі вось фінт лёсу. Злева на акварэльцы — бачыце? — вежа касцёла Святой Ганны, які і сёння стаіць, і вежы чарговы раз новыя. Справа — гаротная царква кальвіністаў, таксама з вежай. Саўэрмільх заспеў яе ўжо без гадзінніка, але да 1913 года ён на гэтай вежы дакладна быў. На малюнку Орды гадзінніка таксама няма: мо, яшчэ няма?..

Мастакі-летапісцы і летапісцы-пісьменнікі — найлепшыя экскурсаводы, не ў крыўду сённяшнім кажучы. Што яшчэ паведаміць нам Сыракомля?

Кажа, што нядаўна ўзведзеная цэркаўка (гэта ўжо ў цэнтры, на плошчы, на скрыжаванні сённяшніх Першай і Другой Ленінскіх, Маркса і Кастрычніцкай, асвечаная як Свята-Пакроўская) вельмі хораша спалучае італьянскі стыль з візантыйскім. І больш пра яе нічога. Праўда, яшчэ адзін «экскурсавод», Павел Шпілеўскі, кажа, што ў гэтай царкве захоўвалася калісьці ікона з надпісам «Крутагор'е 1146». Крутагор'е — яшчэ адна назва Дзяржынска, ранейшая, перад Койданавам. Атрымліваецца, што Дзяржынску, які нічым не адметны, у які сучасны, спрактыкаваны, распешчаны цікавінкамі падарожнік наўрад ці збярэ свой рукзак, па-першае, перапала ад гісторыі ажно тры назвы, а па-другое, налічваецца самае малое 872 гады. На самай справе больш, бо перш чым пісаць на іконе назву паселішча, трэба яго збудаваць. Ды і назвы зусім не тры. У самым пачатку ХVІ стагоддзя, калі з сям'ёй тагачасных уладальнікаў парадніўся Альбрэхт Гаштольд, некаторыя дакументы ўпаміналі населены пункт як Гаштольдава. А на зары існавання гэтае месца называлася жыхарамі Акопішчам. Адзін, два, тры, чатыры, пяць... Пяць — гэта лік, на якім грунтуюцца шмат якія законы светабудовы.

Адзін, два, тры, чатыры, пяць... Рынак, касцёл Святой Ганны, месца былога замка, Свята-Пакроўская цэркаўка... Хедэр! Мы не зірнулі на хедэр. А Сыракомля пісаў, што сэрца горада — яўрэйскія бажніцы, бо хрысціянства тут «на другім плане». Хедэр лёгка заўважыць, калі рухацца ад касцёла ў цэнтр горада па Першамайскай. Драўляны двухпавярховы будынак вельмі простага выгляду пафарбаваны ў колер, дзякуючы якому, калі верыць даўняй яўрэйскай легендзе, зло, прымаючы фарбу за кавалачак неба, ніколі не апусціцца на горад.

Падарожнічала Святлана Воцінава

Загаловак у газеце: У Дзяржынску праездам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.