Вы тут

Ёсць такая прафесiя — з моладдзю працаваць


Нехта можа здзiвiцца, але спецыялiстаў па такой рабоце рыхтуюць не толькi ў краiнах з устойлiвай памяццю пра камсамольскiх работнiкаў i пiянерскiх важатых. Гэта адбываецца паўсюдна. З аднолькавым разуменнем значнасцi справы, хоць i з рознымi да яе падыходамi.

Еўрапейскiя суседкi Беларусi, краiны блiжняга i дальняга замежжа, вядуць падрыхтоўку такiх спецыялiстаў праз кароткатэрмiновыя курсы. Усходняя суседка Расiя ўзвяла гэта на ўзровень вышэйшай адукацыi. Наш падыход, бадай, самы грунтоўны — не шляхам ад тэорыi да практыкi, а наадварот. Глыбiнная сутнасць iдэi ўмяшчаецца ў няхiтрую формулу: каб працаваць з моладдзю, трэба працаваць з моладдзю. Калi ты ў гэтую сферу аднойчы трапiў i зразумеў: «Маё!» — тады цябе без адрыву ад любiмага занятку, iншымi словамi, завочна, а правiльней сказаць — дыстанцыйна, будуць вучыць два гады (вышэйшую адукацыю ты ўжо маеш) па праграме перападрыхтоўкi «Арганiзацыя работы з моладдзю» на кафедры маладзёжнай палiтыкi i сацыякультурных камунiкацый Рэспублiканскага iнстытута вышэйшай школы. Мiж iншым, РIВШ — адзiнае месца ў краiне, дзе гэтаму вучаць. У яго сценах мы i гутарым. У размове ўзялi ўдзел загадчык кафедры Алена Iгнатовiч i дацэнты Андрэй Салiкаў i Юлiя Сяргеева.


Алена Iгнатовiч: — Нашы слухачы працуюць з моладдзю ў арганiзацыях i на прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыi i грамадскiх аб'яднаннях, дзе ўжо загадзя атрымлiваюць значны практычны вопыт. Гэта вельмi каштоўная аснова, на якой даюць добры плён i разнастайныя дысцыплiны нашай праграмы — ад параўнальнай культуралогii i асноў сацыякультурнай камунiкацыi да сацыялогii моладзi. Будучых дыпламаваных спецыялiстаў мы бачым у якасцi медыятараў, пасрэднiкаў памiж моладдзю i дзяржавай цi канкрэтнай установай або прадпрыемствам. Людзi-медыятары даносяць да аўдыторыi, з якой яны працуюць, iдэi i кiрункi з лiку найбольш значных, прыярытэтных для ўстановы, прадпрыемства, дзяржавы — i паспяхова iх рэалiзуюць. Нашу сiстэму атрымання ведаў, патрэбных у такой справе, выгадна адрознiвае тое, што нiякiх вучэбных курсаў, пройдзеных пры атрыманнi вышэйшай адукацыi, яна не дублюе.

Юлiя Сяргеева: — Праграмы нашы ўнiкальныя сваiм нестандартам — практычнай накiраванасцю i iнтэрактыўнай падачай. Мы працуем з цiкавай катэгорыяй людзей, сабраных з усiх мясцiн Беларусi i аб'яднаных не толькi родам дзейнасцi, але i высокiмi запатрабаваннямi, i неўтаймоўнай прагай навацый. З iмi не атрымаецца ладзiць увесь час традыцыйныя формы заняткаў — лекцыi i семiнары. Яны чакаюць новага — у падыходах, тэхналогiях, поглядах. Таму мы адштурхоўваемся ад iх iнтарэсаў i стараемся перадаць iм свой персанальны практычны вопыт арганiзацыi i ўдзелу ў самых жывых маладзёжных праектах. I ад слухачоў атрымлiваем цiкавыя прыклады работы з моладдзю на месцах. Нашы заняткi часта праводзiм як выязныя або ў форме трэнiнгаў, на якiя запрашаем практыкаў з найцiкавейшым вопытам. Напрыклад, супрацоўнiчаем з Грамадскiм аб'яднаннем «Мiнскае веласiпеднае таварыства», а гэтыя хлопцы i дзяўчаты ў прасоўваннi велакультуры выйшлi ўжо далёка за межы не толькi Мiнска, але i Беларусi i ладзяць еўрапейскi мiжнародны праект. Знаёмячы з iмi нашых слухачоў, мы ўключаем i iх у гэтую iдэю маладзёжнага руху за здаровы спосаб жыцця i сацыяльную актыўнасць, а з iмi — i тых, з кiм яны працуюць. Такiх прыкладаў у нас шмат. Нашы партнёры — гэта дзяржаўныя ўстановы, грамадскiя арганiзацыi i некамерцыйныя ўстановы: усе тыя, хто ўключаны ў рэалiзацыю дзяржаўнай маладзёжнай палiтыкi. Мiнск — маладзёжны горад, тут безлiч пляцовак, звязаных з сучаснымi нефармальнымi формамi камунiкацыi, i мы таксама арганiзуем выхад нашых слухачоў на iх — па вопыт, па ўражанне, па кантакты, па добрае сяброўства.

Андрэй Салiкаў: — За час iснавання кафедры i спецыяльнасцi мы падрыхтавалi амаль дзве сотнi прафесiяналаў, якiя працуюць па ўсёй краiне. Каб выяўляць у розных яе кутках новыя арганiзацыйныя таленты, а разам з iмi i ўнiкальныя праекты, штогод праводзiм рэспублiканскае мерапрыемства «Марафон паспяховых практык спецыялiстаў па рабоце з моладдзю». Гэта пляцоўка абмену выключна практычным вопытам. Мы ставiм перад сабою задачу выходзiць на канкрэтныя праекты — каб нашы слухачы, распрацаваўшы такія падчас вучобы, рэалiзавалi iх у сваiх установах, на прадпрыемствах i ў арганiзацыях. Гэта з'яўляецца часткай дыпломнай работы, яе абавязковай умовай. Адзначу некалькi найбольш яркiх праектаў нашых выпускнiкоў. Праект Iрыны Кузняцовай, начальнiка аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi, — «Ацэначна-рэйтынгавая сiстэма як iнструмент выяўлення адоранай студэнцкай моладзi» — можа паспяхова выкарыстоўваць у сваёй практыцы любая навучальная ўстанова. Прапанаваная старшынёй маладзёжнага савета ЗАТ «Атлант» Дзянiсам Глушанiным «Тэорыя i практыка падрыхтоўкi маладзёжных лiдараў на вытворчых прадпрыемствах» — выдатная i да таго ж укаранёная аўтарам у практыку праграма выяўлення i раскрыцця лiдарскага патэнцыялу. Праект «Партфолiа спецыялiста па рабоце з моладдзю», у якiм акумуляваны i адаптаваны да беларускiх рэалiй паспяховы вопыт работы з моладдзю ў розных еўрапейскiх краiнах, рэалiзавала некалькi гадоў таму Алеся Купцова, тады галоўны спецыялiст, а цяпер начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Магiлёўскага райвыканкама. Вельмi часта, нават у большасцi выпадкаў нашы выпускнiкi разам з дыпломамi аб перападрыхтоўцы атрымлiваюць i новыя, кiруючыя пасады.

— Цi не шкада iм трацiць той непасрэдны драйв практычнай работы, якi яны адчувалi, пакуль кiраўнiкамi не былi?

Андрэй Салiкаў: — З пасадамi даецца i больш магчымасцяў, большы iнструментарый. Адмiнiстрацыйны рэсурс дазваляе выводзiць iдэi на вышэйшы ўзровень.

Алена Iгнатовiч: — Чалавек, якi атрымаў спецыялiзаваную, накiраваную падрыхтоўку, апрабаваў на практыцы не адну iдэю, мае аднолькава добры тэарэтычны i практычны вопыт, — лепш разумее, як i што павiнна працаваць, i з iм нашмат прасцей дамаўляцца па новых праектах. Ён чуе i разумее моладзь iначай — не так, як чалавек, якi вырас кар'ерна без практычнага вопыту i дакладна скiраванай адукацыi. Дарэчы, не абавязкова ўсе атрымлiваюць больш высокiя пасады: нехта сыходзiць i ў самазанятасць — пачынае кiраваць клубамi, школамi, студыямi. I гэта таксама важна i актуальна — развiваць уласны праект.

— Хто прыходзiць да вас вучыцца? З якiх сфер, з якiмi адукацыямi?

Алена Iгнатовiч: — Уваход адкрыты, як мы гаворым. Адукацыя можа быць абсалютна любая — i тэхнiчная, i педагагiчная, i ваенная, i гуманiтарная. I ўзрост тут таксама не цэнзар. Як i тое, колькi праектаў рэалiзавана. Галоўнае — зацiкаўленасць i натхнёнасць. Мы, выкладчыкi, i нашы слухачы ўяўляем супольнасць, якая функцыянуе як адзiная iнтэлектуальная i духоўная прастора, дзе ўсе адно ў аднаго вучацца. I галоўны наш плюс якраз у тым, што гэтая супольнасць негамагенная: ёсць магчымасць узбагачацца за кошт яе рознасцi. Важна яшчэ дадаць, што мы не рыхтуем анiматараў, мы рыхтуем сiстэмшчыкаў — тых, хто будзе працаваць з моладдзю на сiстэмным узроўнi. Сёння такая работа патрабуе высокага прафесiяналiзму. I мы яго забяспечваем...

Святлана Воцiнава

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.