Вы тут

Хронікі "Еўра-2016"



Грызман — выратавальнік Францыі

Пакуль ніводзін матч на чэмпіянаце Еўропы па футболе не мае больш за два забітыя мячы на рахунку адной з камандаў. Гэта азначае, што барацьба ідзе вельмі ўпартая, і нават запісныя аўтсайдары турніру не здаюцца без бою якому б то ні было фаварыту — апошнім прыходзіцца літаральна зубамі выгрызаць галы.

Вельмі яскравым прыкладам гэтага з'яўляецца гульня гаспадароў турніру з камандай Албаніі, выхад якой у фінальную частку Еўра-2016 усе дружна назвалі сенсацыяй. Але ж паглядзіце — першы гол французы забілі толькі на 90-й хвіліне. Можна, вядома, наракаць на «майстэрства» нападаючых, якія за час гульні нанеслі 18 удараў па варотах і ніводнага ў створ, але тым не менш албанцам не хапіла літаральна пары хвілін да нічыёй. Ну і аўтар гола Грызман, што не кажы, а прэтэндэнт на найлепшага футбаліста Францыі ў гэтым сезоне. Месца ў 1/8 фіналу ў каманды Дэшама ўжо ў кішэні, іншага на хатнім турніры проста не зразумелі б, але заўзятары чакаюць сваіх любімцаў менавіта ў фінале.


Крышціяну незадаволены

Дабіўшыся толькі нічыёй у матчы з камандай Ісландыі і не вызначыўшыся голам, лідар партугальцаў і найлепшы футбаліст свету Крышціяну Раналду з прыкрасцю адзначыў, што стыль гульні саперніка сведчыць аб іх абмежаванасці, нічыю Ісландыя святкавала, як перамогу на Еўра, і такая каманда не ставіць перад сабой ніякіх мэт. У адказ на гэта паўабаронца зборнай Ісландыі Кары Арнасан назваў партугальца вартым жалю няўдачнікам і адзначыў, што яны не надавалі Раналду шмат увагі, а проста не пакідалі яго аднаго, і гэта выдатна спрацавала.


Балельшчыкі ў сеціве назвалі Расію Слабакіяй

Нашы ўсходнія суседзі вельмі ўскладнілі сабе выхад у плей-оф, саступіўшы камандзе Славакіі з лікам 1:2. Хоць расіяне і «правіселі» апошнія паўгадзіны на варотах саперніка, стварыць нічыйны цуд, як у матчы з англічанамі, у іх не атрымалася. Заўзятары расійскай каманды ў сеціве даволі рэзка адрэагавалі на гэтае паражэнне, выказаўшы шмат негатыву ў адрас гульцоў і галоўнага трэнера. Футбалістаў абвінавачвалі ў няўпэўненасці, непрафесіяналізме і нават назвалі каманду Слабакіяй.

Пасля славакаў зборную Расіі чакае яшчэ адно брытанскае выпрабаванне — моцная зборная Уэльса на чале з апантаным Бэйлам, і права на памылку ў каманды няма, інакш прыйдзецца пакаваць чамаданы. А гэта, зрэшты, можа стаць яшчэ адной нагодай для новых выхадак фанатаў, якімі так адзначаецца леташняе Еўра.


Фанацкія бойкі не сціхаюць

У сераду больш за 35 чалавек былі затрыманы паліцыяй Ліля ў выніку беспарадкаў з удзелам фанатаў, сярод іх 12 расіян. У той жа дзень 50 заўзятараў звярнуліся па медыцынскую дапамогу, 16 з іх прыйшлося накіраваць у стацыянар. Надоечы ў Марселі мясцовыя ўлады прынялі рашэнне аб дэпартацыі 20 расійскіх заўзятараў.

А ў Ліёне пасля матча Францыя — Албанія некалькі балельшчыкаў гаспадароў, а таксама бельгійскіх і албанскіх, атрымалі нават нажавыя раненні, у справу ўмешвалася паліцыя. Усяго з пачатку чэмпіянату на сярэдзіну чацвярга органы правапарадку затрымалі 323 заўзятараў з розных краін, 196 з іх знаходзяцца пад вартай, а 8 нават ужо атрымалі турэмныя тэрміны.


Горад Бэйла

Ва Уэльсе вырашылі даволі адыёзна ўганараваць лідара сваёй зборнай, футбаліста мадрыдскага «Рэала» Гарэта Бэйла — назваць у яго гонар цэлы горад! Так-так, горад Бала на поўначы Уэльса быў перайменаваны ў гонар футбольнай «зоркі», у ім ужо замянілі ўсе асноўныя паказальнікі.

Каманда Уэльса ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася на чэмпіянат Еўропы, і ўсе згаджаюцца з думкай, што ў асноўным Бэйл «цягне» каманду і менавіта ён забіў гістарычны першы гол у фінальнай частцы чэмпіянату.


 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.