Вы тут

Партугалія — чэмпіён Еўропы-2016


Упершыню ў вырашальным паядынку Еurо каманды не забілі ніводнага гола ў асноўны час. Аўтарам адзінага мяча стаў Эдэр, які далёкім ударам на 109-й хвіліне пацэліў у вароты французаў. Гэта быў «залаты» гол партугальскага нападаючага, за рэшту часу гаспадары турніру так і не змаглі дагнаць сапернікаў. Такім чынам, зборная Партугаліі ўпершыню ў гісторыі стала пераможцай чэмпіянату Еўропы.


А на самым старце паядынку на полі Стад-дэ-Франс разыгралася сапраўдная драма. На 8-й хвіліне сустрэчы ў выніку сутыкнення з нападаючым французаў Дзімітры Паетам траўму калена атрымаў капітан партугальцаў Крышціяну Раналду. На дапамогу футбалісту паспяшаліся медыкі і яшчэ дзясятак хвілін спрабавалі вярнуць «зорку» на поле, але так і не змаглі гэтага зрабіць. Са слязамі на вачах на 25-й хвіліне на насілках Раналду пакінуў газон. Яму на замену выйшаў Рыкарду Куарэжму.

— Мы прысвячаем перамогу Крышціяну, біліся дзеля яго. Ён наш лідар, наш капітан, легенда Партугаліі. Зразумела, для нас яго траўма стала шокам. Раналду — бліскучы гулец, найлепшы атакуючы футбаліст планеты. Ён можа зрабіць гол у любы момант з нічога. Вядома, мы звязвалі з ім нашы надзеі ў атацы. Але Партугалія — гэта не толькі Крышціяну. Што мы сёння і даказалі, — сказаў пасля гульні партугальскі абаронца Пепе.

Сам Раналду пасля перамогі яго каманды, здаецца, трохі забыўся пра сваю траўму і быў неверагодна шчаслівы.

— Я чакаў гэтага шанцу з 2004 года. Лічу, што мы заслужылі поспех усёй Партугаліяй. Гэта адзін з самых фантастычных момантаў у кар'еры. Я заўсёды казаў, што хачу нешта выйграць для сваёй краіны, і вось гэты момант надышоў. На жаль, я пакінуў поле вельмі рана праз траўму, але я заставаўся разам з камандай і працягваў верыць у нашу перамогу, — адзначыў футбаліст.

Нагадаем, што каманда Фернанду Сантуша заваявала тытул, атрымаўшы на турніры толькі адну перамогу ў асноўны час — у паўфінале над Уэльсам (2:0). Таму не дзіўна, што фаварытамі сустрэчы спецыялісты ўсё ж называлі французаў.

— Мы прапусцілі ўнікальную магчымасць выйграць Еўра дома. Адчуваю велізарнае расчараванне, у мяне проста няма слоў. Спатрэбіцца час, каб перажыць гэта. Мы перамагалі і прайгравалі разам. Было б вельмі добра прынесці трафей французам, але мы не зрабілі гэтага, — пракаментаваў паражэнне галоўны трэнер зборнай Францыі Дыд'е Дэшам.

Адзначым, што на турніры партугальцы вызначыліся шэрагам індывідуальных рэкордаў, Крышціяну Раналду стаў першым па колькасці матчаў у фінальных турнірах. На яго рахунку 21 гульня, што на чатыры больш, чым у француза Ліліяна Цюрама і галандца Эдвіна ван дэр Сара. Таксама нападаючы стаў першым гульцом, які забіў у фінальных стадыях чатырох чэмпіянатаў Еўропы. Іншы партугалец, Саншэш, стаў самым юным удзельнікам фіналаў чэмпіянату Еўропы, ён выйшаў на поле ва ўзросце 18 гадоў і 327 дзён і стаў самым маладым уладальнікам тытула чэмпіёна Еўропы ў гісторыі. Ну а найлепшым бамбардзірам Еўра-2016 стаў нападаючы зборнай Францыі Антуан Грызман.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Яны напісалі гісторыю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».