Вы тут

Хронікі "Еўра-2016"



Уэльс дабраўся да медалёў

Аўтар трэцяга гола валійцаў Сэм Воўкс.

У першую пару паўфіналістаў чэмпіянату Еўропы 2016 года да Партугаліі дабавілася зборная Уэльса.

Каманда Бельгіі лічылася фаварытам у 1/4 фіналу, першай адкрыла лік у матчы, але потым не змагла справіцца з супербаявым настроем валійцаў і прапусціла аж тры мячы ў свае вароты.

Пасля Ісландыі, Уэльс другі навічок еўра, які паказвае выдатныя вынікі ў дэбютным для сябе турніры высокага ўзроўню. Такім чынам, каманда з Брытанскіх астравоў ужо забяспечыла сабе бронзавыя ўзнагароды першынства, бо матч за 3-е месца на ЧЕ не праводзяць, і медалі аўтаматычна атрымліваюць каманды, якія прайгралі свае паўфіналы. Што цікава, Уэльс стаў краінай з найменшым насельніцтвам, зборная якой калі-небудзь дабіралася да паўфіналаў чэмпіянатаў Еўропы і свету. Там на момант Еўра-2016 пражывае каля 3 млн чалавек.


Хто вінаваты?

Галкіпер зборнай Бельгіі па футболе Ціба Куртуа назваў галоўнага трэнера каманды Марка Вільматса вінаватым у паражэнні ў чвэрцьфінале ад валійцаў. «Вільматс павінен прыняць самастойнае рашэнне аб адстаўцы. Мы гулялі з такой жа тактыкай, як і супраць Італіі. І зноў усё пайшло не так. Я вельмі расчараваны. Я прайграў у фінале Лігі чэмпіёнаў, але тут пацярпець паражэнне яшчэ больш крыўдна», — адзначыў Куртуа. А вось яго калега па зборнай паўабаронца Эдэн Азар пасля матча адзначыў, што «ў адрас Вільматса было занадта шмат крытыкі. Думаю, што ўсе 23 гульцы ў нашай камандзе стаяць на яго баку. Зборная Бельгіі перажывала з ім добрыя і дрэнныя часы». Як відаць, бельгійцы вельмі спадзяваліся на перамогу, і паражэнне стала для іх вельмі непрыемным сюрпрызам, які не кожны змог годна перажыць.


Італія саступіла чэмпіёнам свету

Джанлуіджы Буфон не змог сябе прымусіць глядзець, як партнёры прабіваюць пенальці.

У футбол гуляюць 22 чалавекі, а перамагаюць заўсёды немцы. Гэтая крылатая фраза легенды англійскага футбола Гары Лінекера спраўдзілася ў матчы самых знакамітых сборных на гэтым чэмпіянаце Еўропы — Італіі і Германіі. Італьянцы саступілі чэмпіёнам свету толькі ў серыі пасляматчавых пенальці, прычым 11-метровыя дрэнна выконвалі абедзве каманды, але на адзін лепш прабіць усё ж атрымалася ў немцаў. Каманды паўтарылі рэкорд чэмпіянатаў Еўропы па даўжыні серыі пасляматчавых пенальці — 18 удараў на дваіх. Галоўны трэнер «скуадра адзуры» Антоніа Контэ пасля матча сказаў: «Італьянцы на гэтым турніры даказалі, што гульня сэрцам можа прыносіць вынік. Так, мы не былі самай класнай па ўзроўні камандай на Еўра. Але адной з самых шчырых — дакладна. Вы б ведалі, як мне балюча прайграць вось так. Але, у рэшце рэшт, Італія саступіла лепшай камандзе свету. Я правёў з імі цудоўныя два гады. Яшчэ раз хачу сказаць дзякуй і футбалістам, і ўсім супрацоўнікам зборнай. У нас была сапраўдная сям'я».


32 зборныя — на еўра, 40 — на чэмпіянаце свету?

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) Джані Інфанціна дапусціў, што ў будучыні колькасць удзельнікаў чэмпіянатаў свету можа быць павялічана да 40 каманд. «Прыцягненне большай колькасці краін неабходна для футбола. Абмяркуем праект пашырэння чэмпіянату свету з гульцамі, лігамі, клубамі, а потым супаставім усе меркаванні. Чэмпіянат Еўропы і Кубак Амерыкі паказалі, наколькі высокі ўзровень сусветнага футбола. Чэмпіянат свету можа дазволіць сабе пашырэнне да 40 удзельнікаў, таму што гэта падзея сусветнага маштабу».

У бягучым Еўра-2016 упершыню ў гісторыі прымаюць удзел 24 зборныя. Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) раней паведаміў, што разгледзіць магчымасць пашырэння чэмпіянату Еўропы да 32 каманд. Праціўнікі пашырэння колькасці ўдзельнікаў топ-турніраў зараз дакладна абрушаць шквал крытыкі на футбольнае кіраўніцтва, але тым не менш прапанова прагучала. Цікава, можа пры ажыццяўленні такіх планаў у зборнай Беларусі нарэшце з'явіцца шанц трапіць на топ-турнір?


Жонка футбаліста зборнай супраць Расіі

У казанскага клуба «Рубін» сарваўся трансфер аднаго з гульцоў зборнай Расіі, удзельніка чэмпіянату Еўропы, паўабаронцы Рамана Нойштэдтэра, які меў нямецкае грамадзянства, гуляў за нямецкі «Шальке» і перад Еўра-2016 атрымаў расійскі пашпарт, каб выступаць за каманду Расіі. «Рубін» ужо купіў свайму патэнцыйнаму навічку квіткі на самалёт з Франкфурта ў Казань, але той на розных падставах адкладваў візіт. У выніку, у сталіцы Татарстана ён так і не з'явіўся. Галоўнай прычынай стала жонка Мона, якая катэгарычна адмовілася пераязджаць у Расію, прыстрашыўшы ў адваротным выпадку мужа разводам. Можна, канешне, вінаваціць жонку ў занадта негатыўным стаўленні да краіны, за зборную якой выступае муж, але, як пішуць СМІ, Раман прызнаваўся, што толькі дзякуючы Моне ён змог справіцца з цяжкасцямі на шляху да поспеху. У пэўны перыяд маладосці, калі ўсе сябры футбаліста гулялі ночы напралёт, менавіта Мона змагла пераканаць Рамана адмовіцца ад такога ладу жыцця і зрабіць упор на спорце.


 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.