Вы тут

Што такое «зялёныя» пахаванні?


Пажылым рэкамендуюць шахматы і карты

Настольныя гульні карысныя для мозга

З узростам усе органы і сістэмы нашага арганізма, на жаль, пачынаюць функцыянаваць усё горш і горш. Гэта натуральны працэс, звязаны з механізмамі старэння, аднак у шэрагу выпадкаў ён спакойна паддаецца невялікай карэкцыі.

Часцяком найбольш моцна век б'е па цэнтральнай нервовай сістэме ў цэлым і функцыях памяці і запамінання ў прыватнасці (так званых кагнітыўных функцыях). Аднак жа шматлікіх праблем, звязаных з парушэннем кагнітыўных функцый, з узростам можна пазбегнуць дзякуючы настольным гульням. І гэта пацвярджае свежае даследаванне шатландскіх навукоўцаў.

Як паведамляецца на сайце Эдынбургскага ўніверсітэта, людзі, якія гуляюць у гульні, прычым не толькі ў шахматы, але і, напрыклад, у карты, больш схільныя таго, каб захаваць востры розум і памяць нават у глыбокай старасці. Даследаванне паказала, што тыя, хто рэгулярна бавіў час за настольнымі гульнямі, лепш спраўляліся з тэстамі на памяць і мысленне. Узрост удзельнікаў склаў 70 гадоў.

Псіхолагі Эдынбургскага ўніверсітэта дзевяць гадоў таму пратэставалі больш за 1000 чалавек ва ўзросце 70 гадоў на прадмет магчымасці запамінаць новую інфармацыю, прымаць рашэнні, а таксама замяралі хуткасць мыслення і агульныя паказчыкі разумовага здароўя. Затым удзельнікі паўтаралі адны і тыя ж разумовыя тэсты кожныя тры гады, пакуль пажылым людзям не споўнілася 79 гадоў. Удзельнікаў групы таксама спыталі, як часта яны гулялі ў настольныя гульні: карты, шахматы, лато — або разгадвалі крыжаванкі. Акрамя гэтага, каманда прыняла пад увагу вынікі тэста інтэлекту, які ўдзельнікі праходзілі, калі ім было па 11 гадоў. А яшчэ ўлічваліся і такія фактары ладу жыцця, як адукацыя, сацыяльна-эканамічны статус і ўзровень фізічнай актыўнасці.

Было выяўлена, што людзі, якія ў сталым узросце сталі часцей гуляць у настольныя гульні, мелі меншае зніжэнне навыкаў мыслення, асабліва ў дачыненні да функцый памяці і хуткасці рэакцыі на прыняцце рашэнняў. Даследчыкі кажуць, што атрыманыя вынікі дапамагаюць лепш зразумець, якія тыпы спосабу жыцця і паводзін могуць быць звязаныя з кагнітыўнымі функцыямі нашай цэнтральнай нервовай сістэмы.

Апошнія даныя дапаўняюць доказы таго, што больш актыўны спосаб жыцця можа быць звязаны з цэнтральнай нервовай сістэмай у старасці. Для тых, каму за 70, ёсць яшчэ адно важнае паведамленне. Яно заключаецца ў тым, што нават простыя настольныя гульні могуць быць прафілактыкай узроставага спаду мазгавых функцый і звязаных з гэтым захворванняў, падкрэсліваюць аўтары даследавання.

Нягледзячы на тое што ў цяперашні момант сувязь паміж настольнымі гульнямі і прафілактыкай узроставых паражэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы здаецца відавочнай, у навукоўцаў наперадзе яшчэ шмат работы. Для пачатку ім трэба праверыць сваю гіпотэзу на большай колькасці людзей з розных сацыяльных груп, а таксама высветліць, якія з настольных гульняў з'яўляюцца больш «магутнымі» прафілактычнымі сродкамі.

Акрамя гэтага, у планах шатландскіх навукоўцаў маецца распрацоўка рэкамендацый і правілаў, згодна з якімі можна будзе праводзіць прафілактыку ўзроставых змяненняў пры дапамозе настольных гульняў. Але гэта будзе магчыма толькі ў тым выпадку, калі названыя тэзісы знойдуць сваё пацвярджэнне ў шырокамаштабным даследаванні.


Што такое «парыжскі сіндром»

Штогод псіхічнае засмучэнне з рамантычнай назвай «парыжскі сіндром» здараецца ў сярэднім у 20 японскіх турыстаў, якія не ў стане суаднесці сваё ўяўленне пра Парыж з рэальнасцю.

Рэч у тым, што японцы па еўрапейскіх мерках гіперуспрымальныя, а Парыж у іх уяўленні (дзякуй рэкламе) — горад мары, дзе ўсе жанчыны — прыгожыя, а ўсе мужчыны — галантныя. І калі яны ў гэтую сваю «мару» сапраўды трапляюць, яна здаецца ім начным кашмарам — непрыветлівыя афіцыянты, абыякавыя прадаўшчыцы, нахабныя пакаёўкі. Каб прыйсці ў норму, прыблізна траціне пацярпелых дастаткова парачкі сеансаў псіхатэрапіі, але большасці даводзіцца лячыцца даволі доўга.

Як камары забілі 52 000 000 000 чалавек

Амаль палова з усіх людзей, якія калі-небудзь жылі на Зямлі, — звыш 50 мільярдаў — памерла ад хвароб, пераносчыкамі якіх з'яўляюцца камары, такіх як воспа, адзёр, малярыя, жоўтая ліхаманка, ліхаманка Дэнге і г. д. Камары пераносяць усё што толькі можна: бактэрыі, вірусы, паразітаў. Таксама іх укусы могуць выклікаць алергічныя рэакцыі рознай ступені цяжкасці аж да анафілактычнага шоку.


Закапайце мяне ў лесе, або Што такое «зялёныя» пахаванні

Індустрыя экалагічна чыстых пахаванняў набірае абароты, але ўсё яшчэ сутыкаецца з сур'ёзнымі праблемамі.

Наведвальнікі мемарыяльнага запаведніка «Белы арол» на поўдні штата Вашынгтон не знойдуць шэрагу надмагілляў, дагледжаных газонаў ці сцяжынак, якія вядуць да месца апошняга спачынку блізкага чалавека. Замест гэтага яны гуляюць па дубовым лесе плошчай 20 гектараў. Целы тут змяшчаюць у неглыбокія магілы сярод дрэў, часта заварочваючы ў біяраскладальныя матэрыялы, дазваляючы разлагацца натуральным чынам і вяртаць пажыўныя рэчывы ў глебу. Такія пахаванні называюць «зялёнымі», і яны актыўна цяпер развіваюцца ў Еўропе, ЗША і Японіі. «Гэта быў вельмі павольны рост, але зараз мы бачым, што сітуацыя змяняецца ў спрыяльны бок», — кажа Браян Флаўэрс, каардынатар «зялёных пахаванняў» у штаце Вашынгтон.

На сённяшні дзень каля 200 пляцовак пад экапахаванні выдзелена ў Вялікабрытаніі. У ЗША іх 72. Тут сітуацыя ўскладняецца адмысловымі палажэннямі ў заканадаўстве розных штатаў. Некаторыя законы, напрыклад, патрабуюць асфальтаваных дарог, пракладзеных да ўчасткаў пахавання. Іншыя — агароджы вакол могілак. У некаторых штатах неабходна стварэнне спецыяльнай інфраструктуры для будучага абслугоўвання могілак, што, на думку прыхільнікаў «зялёных» пахаванняў, з'яўляецца цяжкім патрабаваннем для месцаў, якія мяркуецца пакінуць у іх натуральным стане і спакоі.

У многіх месцах мясцовыя чыноўнікі могуць не даваць «зялёным» могілкам дазволу на заніраванне ці прымаюць іншыя правілы для іх блакіравання. Напрыклад, у 2008 годзе камісары ў акрузе Мэйсан-Біб у штаце Джорджыя прынялі пастанову, якая патрабуе герметычных кантэйнераў для пахаванняў, пасля таго як мясцовыя жыхары паскардзіліся на прапанаваныя могілкі з «зялёным» пахаваннем.

Абаронцы такіх пахаванняў сцвярджаюць, што іх рух наспеў ужо даўно. Па звестках Зялёнага пахавальнага савета, які знаходзіцца ў Каліфорніі, на могілках у Злучаных Штатах штогод скідаюць у зямлю больш за 15 мільёнаў літраў вадкасці для бальзаміравання, 64 тысячы тон сталі, а таксама 1,6 мільёна тон бетону.

Насельніцтва таксама мяняе свае прыярытэты. Паводле справаздачы Нацыянальнай асацыяцыі дырэктараў пахавальных службаў, больш за палову памерлых у ЗША на сённяшні дзень крэміруюць, тады як у 1960-х гадах гэты паказчык складаў усяго 4 %. На думку амерыканцаў, такі спосаб менш шкодзіць навакольнаму асяроддзю, але гэта не зусім так. Для крэмацыі патрабуецца награванне печы да 1000 градусаў Цэльсія на працягу дзвюх гадзін. Выкіды шкодных рэчываў (дыяксін, двухвокіс серы і вуглякіслы газ) у атмасферу пры гэтым прыблізна адпавядаюць выкідам аўтамабіля, які праехаў 800 кіламетраў.

Цяпер, паводле звестак асацыяцыі дырэктараў пахавальных службаў, амаль 52 % амерыканцаў праявілі цікавасць да варыянтаў такога натуральнага пахавання. «Большасць людзей ведае, што гэта такое. Яны проста не ведаюць, як гэта ажыццявіць», — кажа Лі Вэбстэр, член Зялёнага пахавальнага савета.

Сярод прычын, па якіх «зялёныя» пахаванні маюць добрыя перспектывы развіцця, — не толькі іх экалагічная чысціня, але і адносна невысокі кошт. Звычайныя пахаванні ў ЗША каштуюць больш за 8000 долараў яшчэ да куплі ўчастка на могілках, сам участак каштуе яшчэ ад тысячы да чатырох. «Зялёныя» пахаванні абыдуцца значна танней — ад 2 да 4,5 тысячы долараў.

Матэрыялы падрыхтаваў Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Святлодыёды са шматслойнымі нанаплёнкамі, якія мяняюць колер у залежнасці ад часу сутак і падстройваюцца пад біярытм чалавека...

Спорт

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

«У юбілейны сезон хацелася сур'ёзна адзначыць дзень нараджэння. Але пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы».

Эканоміка

 Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансавыя паслугi адзiн аднаму людзi аказваюць ужо тысячы гадоў.