Вы тут

Хронікі "Еўра-2016"



Ісландыю ўзносяць, Англію высмейваюць

Каманда Ісландыі стала зборнай №1 на гэтым Еўра па частцы згадак у інфармацыйных зводках. У адборачным турніры паўночнікі абышлі Турцыю і Галандыю, а ў фінальным не атрымалі ніводнага паражэння. Аднак сенсацыйная перамога над англічанамі і выхад у чвэрцьфінал ужо на дэбютным чэмпіянаце літаральна ўзарвалі інтэрнэт. І справа не толькі ў тым, што зборная краіны з насельніцтвам у 320 тысяч чалавек абыграла 53-мільённую Англію з даўнімі традыцыямі і найбагацейшай лігай свету. Свядомыя аўтсайдары не так ужо рэдка перамагаюць фаварытаў на буйных турнірах, а зборная Грэцыі ўзору 2004 года дык і наогул выйграла чэмпіянат Еўропы.

Аднак усё ў гэтай перамозе склалася такім чынам і ў такі час, што яна была асуджаная стаць эпічнай. Brexіt, які, здаецца, шакіраваў саміх брытанцаў больш, чым каго б там ні было, брутальная знешнасць і стрыманая гульня ісландцаў і нават завяршэнне шостага сезона «Гульні тронаў» стварылі вакол матча асаблівую атмасферу, якая выклікала ў інтэрнэце дзясяткі пародый і мемаў. Шмат хто ў жартах чакана параўноўваў вылет англійскай зборнай з выхадам Брытаніі з Еўрасаюза: «Англія — адзіная краіна, якая пакінула Еўропу двойчы за тыдзень». Англійскія аматары футбола нават спарадыравалі петыцыю за паўторны рэферэндум. У іх варыянце яна заклікае галасаваць за перагульванне. Персанальна дасталася галкіперу англійскай каманды Джо Харту, які прапусціў недарэчны гол ад Сігтарсана. «Ісландыя, здаецца, недарагая краіна, але Харт не сэканоміў нічога» (гульня слоў, маецца на ўвазе — не зрабіў сэйв, не ўратаваў).

Вельмі агнявой фразай вызначыўся былы форвард англічан Гары Лінекер, які цяпер працуе экспертам. «Горшае паражэнне ў нашай гісторыі. Англія прайграла краіне, дзе вулканаў больш, чым прафесійных футбалістаў. Ісландцы гулялі выдатна», — напісаў ён у «Твітары».


Арэндую самалёт

Футбольны фанат з Ісландыі Грэтар Сігфінур Сігурдарсан арандаваў «Боінг-737», каб злятаць у Ніцу і назад на матч паміж нацыянальнай зборнай краіны і камандай Англіі. Пракат паветранага судна, якое ўмяшчае да 180 пасажыраў, абышоўся мужчыну прыблізна 172 тысячы еўра. Пра тое, што ён арандаваў самалёт, Сігурдарсан абвясціў на сваёй старонцы ў Facebook, і з усіх, хто пажадаў далучыцца да яго, спаганяў плату ў памеры 920 еўра. Пры гэтым, як адзначае The Daіly Mіrror, амаль усе месцы ў лайнеры былі раскуплены.


Усёй краінай

Матч 1/8 фіналу чэмпіянату Еўропы па футболе паміж зборнымі Англіі і Ісландыі глядзелі 99,8% ісландскіх тэлегледачоў. Гэты вынік пабіў папярэдні рэкорд ісландскага тэлебачання, які быў устаноўлены падчас паядынку трэцяга тура групавога этапу з аўстрыйцамі — 98,5%.


Магчымы падзаробак

Брытанская анлайн-крама адзення ASOS прапанавала паўабаронцу зборнай Ісландыі Біркіру Б'ярнасану стаць мадэллю, паведамляецца на старонцы ASOS у «Твітары». «Прывітанне, Біркір Б'ярнасан. Калі скончыце выступаць на Еўра-2016, патэлефануйце нам. Мы маглі б задзейнічаць вас у паказах», — напісалі прадстаўнікі крамы.


Ходжсан сышоў

Галоўны трэнер зборнай Англіі Рой Ходжсан падаў у адстаўку пасля паражэння ад Ісландыі ў 1/8 фіналу. Ходжсан узначаліў нацыянальную каманду ў маі 2012 года. Пад яго кіраўніцтвам на Еўра-2012 англічане выйшлі з групы, але ў чвэрцьфінале па пенальці прайгралі італьянцам, а на сусветным першынстве 2014 года падапечныя Ходжсана занялі апошняе месца ў групе, набраўшы толькі 1 ачко.


Нашы майкі лепшыя

Падсыпаў трохі солі на раны англічанам і вытворца спартыўнай экіпіроўкі Umbro. У «Твітары» ён апублікаваў жартаўлівае паведамленне ў сувязі з паражэннем Англіі ад Ісландыі. «Зборная Англіі была добрая, калі яе футбалісты насілі нашу форму», — гаворыцца ў паведамленні Umbro. Англійская зборная пачала супрацоўніцтва з Umbro ў 50-я гады мінулага стагоддзя, у форме Umbro англічане выйгралі чэмпіянат свету 1966 года і заваявалі бронзавыя медалі Еўра-1968 і Еўра-1996. Тры гады таму англічан стала экіпіраваць кампанія Nіke.


Медаль для балельшчыкаў

Балельшчыкі зборнай Ірландыі ў знак прызнання іх узорных паводзін атрымалі ад гарадскіх улад Парыжа спецыяльную медаль. Аб узнагароджанні медалём Гран Вермей за ўзорныя паводзіны ірландскіх балельшчыкаў абвясціла мэр французскай сталіцы Ан Ідальга. «Іх паводзіны былі ў найвышэйшай ступені пазітыўнымі. Яны былі ўзорам для пераймання. Хочам сказаць ім дзякуй», — сказала Ідальга ў фан-зоне ў Парыжы. Раней медалём Гран Вермей узнагароджвалі сярод іншых пісьменніцу Тоні Морысан, джазавага піяніста Херба Хэнкока і дзевяціразовага пераможцу «Ралан Гарос» Рафаэля Надаля.


Самы выніковы

Гол Кальбейна Сігтарсана ў вароты англічан стаў 88-м на турніры. Такім чынам, па колькасці галоў бягучы чэмпіянат Еўропы выйшаў на першае месца ў гісторыі. Папярэдні рэкорд выніковасці трымаў Еўра-2000, на якім было забіта 85 галоў. Зразумела, гэты рэкорд стаў магчымым у першую чаргу таму, што на Еўра-2016 упершыню ў гісторыі гуляе 24 каманды, і колькасць галоў яшчэ павялічыцца. З 1960 года да 1976-га ў турніры ўдзельнічалі 4 каманды, з 1980-га па 1992-гі — 8, з 1996-га па 2012-ты — 16.


* * *

Учора позна ўвечары матчам Партугалія — Польшча пачалася 1/4 фіналу Еўра-2016, Уэльс з апантаным Бэйлам сёння згуляе з Бельгіяй, якая спіць і бачыць сябе ў фінале. Заўтра аматараў футбола чакае супергульня, вартая фіналу (Італія — Германія), ну а 3 ліпеня ісландцы паспрабуюць стварыць другую сенсацыю і абыграць гаспадароў-французаў. А мы з вамі будзем «хварэць» за прыгожы футбол.


 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.