Вы тут

Асалода ў лістападзе


Сёння ў сталіцы адкрываецца міжнародны кінафестываль.

У сталічным кінатэатры «Масква» сёння будзе разбіта талерка аб штатыў кінакамеры, чым будзе абазначана адкрыццё XXІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Сёлета ён пройдзе пад дэвізам «Асалода для вачэй». Падчас урачыстасці будзе паказаны фільм адкрыцця — «Даліна любові», дзе сыгралі Ізабэль Юпер і Жэрар Дэпардзье. Галоўным словам на найбліжэйшы тыдзень становіцца «кіно», самі арганізатары ставяць не на шыкоўныя ўрачыстасці, а на добрыя фільмы і таленавітых рэжысёраў. Цырымонію наведае госця фестывалю французская актрыса і рэжысёр Фані Ардан, што стала вядомай пасля ролі ў фільме «Суседка» класіка кінематографа, рэжысёра французскай Новай хвалі Франсуа Труфо. На фестывалі яна ўжо ў якасці рэжысёра прадставіць свой другі поўнаметражны фільм «Неадчэпныя рытмы».

6-20

Калі я ўпершыню некалькі гадоў таму трапіла на фестываль, зразумела: «Лістапад» — гэта свята, якое заўсёды з табою». Вядома, гэта не Хэмінгуэеў Парыж, дзе натхняючыя галеча і голад, дзе яркія апельсіны ў кабінеце дысануюць з фінансава бязрадасным жыццём, дзе бяздонныя і такія прывабныя бібліятэкі, гэта не літаральны Хэмінгуэй. Хаця... Нешта агульнае дакладна ёсць. У апошні дзень таго, першага, фестывалю, які я пражыла ад пачатку да самага канца, я была згодна яшчэ не спаць, каб толькі «Лістапад» працягваўся. Толькі ён такія ўмовы не прымае.

Можна паставіць пытанне: навошта гэты фестываль увогуле патрэбны, чым ён можа зацікавіць абывацеля і выцягнуць з утульнага дома? І гэтае пытанне будзе карэлявацца з вечнымі «дзеля чаго мы жывём?», ці «што галоўнае ў жыцці?», ці «як узаемадзейнічаюць чалавек і сусвет?». Разумееце, кожны з тых фільмаў, што паказваецца ў рамках фестывалю, створаны людзьмі, якія задаюцца тымі ж пытаннямі. Няхай гэта будзе гісторыя пра турботы эмігрантаў у далёкай Паўночнай Амерыцы, ці пра любоў да адсталай у развіцці сястры ў ізраільскай сям'і, ці пра забытага старога чалавека, у якога за плячыма бурнае жыццё — гэта датычыцца кожнага з нас. Тыя фільмы могуць дапамагчы нам зразумець сябе і наваколле, нагадаць пра справядлівасць, годнасць, талерантнасць, навучыць любові да ўсяго свету і пашырыць светапогляд. Яны могуць стаць глебай, якая дапаможа ў пэўны момант зрабіць правільны выбар. Яны могуць стаць тым сродкам (апаратам, калі хочаце), па якім адзін чалавек размаўляе з іншым. Рэжысёр з гледачом. З кожным паасобку. Бо ў «кожнага сваё кіно».

Андрэй Звягінцаў, што зняў «Вяртанне», «Выгнанне», «Алену» і «Левіяфана», дзесяць гадоў перад сваім першым поўнаметражным фільмам не працаваў у кіно — ствараў сябе. Здаецца, не было б тых дзесяці гадоў у Звягінцава — не было б і чатырох глыбокіх, трапных і таленавітых фільмаў. Не было б тых дзесяці гадоў — не было б чалавека-філосафа, які мае што сказаць праз кіно. Не было б тых дзесяці гадоў — не ўзнікла б тысяч пытанняў, жаданняў і нагод прыйсці да нечага лепшага, што даюць яго фільмы. Карціны «Лістапада» — гэта дыялогі з тымі, каму ёсць што сказаць. Давайце пагутарым, давайце пашырым усведамленне, давайце паставім сабе тыя пытанні, што нам прапануюць найлепшыя розумы чалавецтва (хай гэта і гучна сказана).

Праграма, што складаецца са 184 карцін 60 краін свету, традыцыйна падзелена на конкурсныя і пазаконкурсныя паказы. У рамках фестывалю пройдуць асноўныя конкурсы ігравога і дакументальнага кіно, конкурс «Маладосць на маршы», Конкурс маладога дакументальнага кіно — конкурс нацыянальных кінашкол, Нацыянальны конкурс (што праходзіць другі раз), Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік».

Таксама будуць паказаны фільмы-пераможцы іншых кінафестываляў — іранская карціна «Таксі» Джафара Панахі, што атрымала «Залатога мядзведзя» ў Берліне; уладальнік Залатой пальмавай галіны Канскага кінафестывалю французскі фільм «Дзіпан» Жака Адзіяра; карціна «Голуб сядзеў на галіне, раздумваючы пра быццё» Роя Андэрсана, узнагароджаная «Залатым ільвом» у Венецыі. Варта звярнуць увагу на фільмы: «Маладосць» італьянскага рэжысёра Паола Сарэнціна, «Любоў» Гаспара Наэ (які праславіўся трэшавай сцэнай згвалтавання ў фільме «Незваротнасць» з Монікай Белучы), «Могілкі раскошы», абласканага Канскім фестывалем тайландскага рэжысёра Апічатпона Вірасетакула, апошні фільм выбітнага рускага аўтара Аляксандра Сакурава «Франкафонія»...

Няхай гэты пералік не выглядае як катэгорыя «абавязкова для прагляду», бо вылучэнне ўсяго цікавага з амаль двухсот карцін, здаецца, не мае сэнсу: напэўна, кожны фільм праграмы варты ўвагі. Затое названыя карціны паказваюць яе ўзровень.

Стваральнікі кіно трымаюць у руках адзін з самых дзівосных і прыгожых спосабаў перадаць свае думкі, сказаць сваё слова, паставіць пытанне. Дэвіз сёлетняга фестывалю «Асалода для вачэй» абяцае нам сумяшчэнне ў асобах прадстаўленых рэжысёраў нейкай усеахопнай глыбіні з эстэцкім бачаннем. А гэта ўдвая складаней. Можна быць упэўненым: канструктыўны дыялог будзе.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.