Вы тут

15 снежня ў Беларусі стартуе дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»


15 снежня ў Беларусі стартуе традыцыйная дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», гісторыя якой налічвае ўжо больш як чвэрць стагоддзя. Задача самай добрай акцыі — акружыць цяплом і клопатам маленькіх жыхароў нашай краіны, у першую чаргу, выхаванцаў дзіцячых дамоў, дамоў сямейнага тыпу, школ-інтэрнатаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, пацыентаў дзіцячых бальніц і рэабілітацыйных цэнтраў, якія асабліва востра маюць патрэбу ва ўвазе ў навагоднія і калядныя дні.


Старт будзе дадзены ў Белавежскай пушчы ў рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза 15 снежня ў 11.00.

— Гэта новы фармат адкрыцця акцыі, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар. — У Белавежскую пушчу будуць запрошаны дзеці з усіх рэгіёнаў краіны. Таксама будзе магчымасць удзелу ў адкрыцці і ў анлайн-рэжыме. Адна пляцоўка свята будзе цэнтральнай — у Белавежскай пушчы, але ў кожным рэгіёне, у тым ліку ў сталіцы (на базе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі), арганізуюць свае пляцоўкі, адкуль будуць весціся прамыя ўключэнні.

Вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду Беларусі, канцэрнаў, банкаў, буйных рэспубліканскіх прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў ужо пацвердзілі свой удзел у акцыі, якая будзе доўжыца да 15 студзеня. Мэта — стварыць свята для кожнага дзіцяці. Усяго рознымі мерапрыемствамі плануецца ахапіць па краіне больш за адзін мільён дзяцей.

У рамках акцыі «Нашы дзеці» пройдзе таксама збор сродкаў, якія потым накіруюць на дыягностыку і лячэнне дзяцей з нейрабластомай.

Юныя мінчане атрымаюць у рамках «Нашы дзеці» больш як 55 тысяч падарункаў ад Мінгарвыканкама. Падарункавыя наборы ім уручаць на мерапрыемствах, якія пройдуць ва ўсіх раёнах сталіцы. Іх закупілі за кошт сродкаў гарадскога бюджэту для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна неабароненым становішчы, дзяцей са шматдзетных, апякунскіх сем’яў і інш.

Гарадская акцыя «Нашы дзеці» адкрыецца 15 снежня таксама ў новым фармаце, на канькабежным стадыёне «Мінск-Арэны», дзе для дзвюх тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтавана лядовае шоу — маштабны тэатралізаваны паказ.

Найлепшых старшакласнікаў мінскіх школ і гімназій 26 снежня збярэ традыцыйны гарадскі баль у Палацы дзяцей і моладзі. 29 снежня адбудзецца тэатралізаваны навагодні паказ у Беларускім дзяржаўным цырку з удзелам кіраўніцтва горада.

Ёлкі з удзелам губернатараў пройдуць ва ўсіх рэгіёнах. На рэспубліканскім узроўні пройдзе навагодняя ёлка з удзелам кіраўніка дзяржавы, якая збярэ 2,5 тысячы дзяцей — не толькі прадстаўнікоў сацыяльна ўразлівых груп, але і школьнікаў, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе, творчасці, спорце, грамадзянскіх актывістаў. А ў Палацы Незалежнасці адбудзецца традыцыйны навагодні баль з удзелам 350 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

Паралельна з дабрачыннай акцыяй у краіне для дзяцей разгорнецца акцыя «Ад усёй душы», накіраваная на людзей «залатога» ўзросту.

«Упершыню акцыя была праведзена ў 2023 годзе па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы. Бясспрэчна, у нас усё найлепшае — дзецям, але мы не павінны забываць і пра людзей старэйшага ўзросту, якія сёння таксама маюць патрэбу ў асаблівым клопаце і ўвазе, — падкрэслівае начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына Каляда. — Самы актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах прыме наша моладзь — школьнікі і студэнты».

У рамках падрыхтоўкі да свят ужо запусцілі эстафету «Навагодні настрой». «Святочны настрой — гэта ў першую чаргу стварэнне адмысловай атмасферы, упрыгожванне і афармленне нашых устаноў сацыяльнага абслугоўвання, дзе пражываюць адзінокія пажылыя грамадзяне: тэрытарыяльных цэнтраў, дамоў-інтэрнатаў, бальніц сястрынскага догляду, хоспісаў, — патлумачыла Кацярына Каляда. — Наступны важны момант — стварэнне навагодняй атмасферы дома ў пажылых грамадзян і інвалідаў. Тут актыўны ўдзел прыме моладзь, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, нашы партнёры. Мы гатовы не толькі расчысціць снег, але і дапамагчы прынесці ёлку, упрыгожыць яе, даставіць прадукты для арганізацыі святочнага стала і нават дапамагчы нарэзаць салаты. Усе пажаданні, усе запатрабаванні нашага старэйшага пакалення будуць задаволены агульнымі сіламі. Да гэтай эстафеты могуць далучыцца ўсе ахвотныя. Інфармацыя аб тэрытарыяльных цэнтрах, дамах-інтэрнатах размешчана на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на сайтах абласных камітэтаў. Але адзінокія людзі жывуць і побач з намі. Нельга спасылацца на пастаянную занятасць. Наступаюць дні, калі кожны з нас можа рабіць цуды сваімі рукамі».

Буйныя ўрачыстыя мерапрыемствы падчас акцыі пройдуць 3 студзеня на абласным узроўні і ў Мінску. У сталіцы, напрыклад, рыхтуемся да свята ў Вялікім тэатры оперы і балета.

«Не застануцца без асаблівай увагі і доўгажыхары, а таксама тыя, у каго да 15 студзеня пройдуць дні нараджэння. Мы пастараемся зрабіць гэтыя дні яркімі і незабыўнымі», — адзначыла прадстаўнік Міністэрства працы.

Скарбонку добрых спраў дабрачынных акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы» папоўняць мерапрыемствы цімураўскага руху Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і валанцёрскага руху «Добрае сэрца» БРСМ. Аб гэтым расказала сакратар ЦК БРСМ і старшыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова:

— 15 снежня стартуе наша традыцыйная акцыя «Цуды на Каляды». Яе сімвал — чырвоныя рукавічкі — упрыгожыць усе святочныя дабрачынныя праграмы. Дзеці будуць наведваць з інтэрактыўнымі праграмамі сацыяльныя ўстановы. Апошнім часам папулярнасцю карыстаецца такая форма супрацоўніцтва, як рэтракіназала, калі маладыя людзі разам са старэйшым пакаленнем глядзяць старыя кінастужкі, а потым іх абмяркоўваюць. Толькі па лініі БРСМ запланавана больш як 300 мерапрыемстваў. Ключавой падзеяй стане Усебеларуская піянерская ёлка, якая збярэ 400 хлопцаў і дзяўчат — пераможцаў праектаў і праграм акцябрацкага і піянерскага рухаў. Плануецца, што да іх далучацца госці з Расіі і Узбекістана.

Гэтымі днямі ў БРСМ працуюць гарачыя лініі, на якія могуць звярнуцца па дапамогу людзі старэйшага ўзросту. За лістапад — снежань паступіла каля 700 зваротаў з просьбай скласці дровы, прыбраць снег, даставіць прадукты, дапамагчы з уборкай. У мерапрыемствах былі задзейнічаны больш як тры тысячы цімураўцаў і валанцёраў.

На думку Аляксандры Ганчаровай, добрых спраў шмат не бывае. Усе мы чакаем навагоднія святы, але можам і самі стварыць свята для іншых…

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.