Вы тут

Што зменіцца для абітурыентаў у бягучым годзе?


Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ, які карэкціруе Правілы прыёму асоб для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Разбіраемся, што ж змянілася ў парадку адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет.


Па-першае, указ прадугледжвае змяненне тэрмінаў рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне (упершыню рэгістрацыя пройдзе з 9 да 22 красавіка), а таксама правядзенне ЦЭ і ЦТ у адзіныя тэрміны для ўсіх выпускнікоў бягучага і мінулых гадоў. 27 мая пройдзе ЦЭ і ЦТ па прадмеце на выбар, 30 мая — ЦЭ і ЦТ па беларускай ці рускай мове і 3 чэрвеня — ЦТ па прадмеце на выбар для тых, хто плануе паступаць у ВНУ. Гэта важны пункт, таму што шмат гадоў рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне праходзіла ў маі. А цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне праводзіліся летась у розныя тэрміны.

У абноўленых правілах забяспечваецца таксама магчымасць паступлення без уступных іспытаў асоб, якія маюць залаты (сярэбраны) медаль або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай у рэгіянальныя ўстановы вышэйшай адукацыі (за выключэннем спецыяльнасцей профілю адукацыі «ахова здароўя», спецыяльнасцей «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Дзяржаўнае кіраванне і права», «Усходазнаўства», а таксама спецыяльнасцяў, дысцыплінамі профільных выпрабаванняў якіх з’яўляюцца «Творчасць» і «Фізічная культура і спорт»).

У сталічныя ВНУ ўладальнікі школьных медалёў і дыпломаў з адзнакай змогуць паступаць без іспытаў толькі на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці.

Акрамя таго, павышаецца статус абітурыентаў — выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка і пашыраецца пералік спецыяльнасцяў, куды тыя змогуць паступаць без уступных іспытаў.

Пашыраюцца таксама магчымасці для паступлення ў спецыялізаваныя ўстановы вышэйшай адукацыі выпускнікоў профільных класаў 
ваенна-патрыятычнай накіраванасці і ваенна-патрыятычных клубаў.

Для абітурыентаў-мэтавікоў уводзіцца ніжні парог сярэдняга бала атэстата — ён павінен быць не ніжэйшы за 7 (за выключэннем найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў).

У абітурыентаў будзе магчымасць паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па конкурсе сярод асобных арганізацый-заказчыкаў, калі конкурс па спецыяльнасці ў цэлым не адбыўся.

Для абітурыентаў, якія паступаюць на агульных падставах, устанаўліваецца квота не менш як 20 працэнтаў ад плана набору (па медыцынскіх спецыяльнасцях — не менш як 10 працэнтаў).

У Міністэрстве адукацыі падкрэсліваюць, што ў новай рэдакцыі Правілаў прыёму захавалася магчымасць паступлення без уступных іспытаў у рэгіянальныя ВНУ для пераможцаў рэгіянальных універсітэцкіх алімпіяд. Дарэчы, пералік спецыяльнасцяў, на якія яны змогуць прэтэндаваць, пашырыцца. Правядзенне ўнутраных уступных іспытаў і залічэнне ў ВНУ абітурыентаў-мэтавікоў і пераможцаў рэгіянальных універсітэцкіх алімпіяд выдзелена ў асобны этап прыёмнай кампаніі (з 27 чэрвеня да 12 ліпеня).

Пералік ліцэяў, якія дзейнічаюць у структуры ВНУ, выпускнікі якіх змогуць паступаць без экзаменаў, пашырыўся. Цяпер такая магчымасць ёсць у выпускнікоў ліцэяў БДУ, БНТУ, ВДУ, БРУ і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны могуць паступаць ва ўніверсітэт без уступных іспытаў пры наяўнасці адзнак не ніжэй за 9 балаў па профільных прадметах і не ніжэй за 8 балаў па ўсіх астатніх вучэбных прадметах.

— Мадэрнізацыя Правілаў прыёму асоб для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з’яўляецца важным крокам у развіцці сістэмы адукацыі, — лічыць рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Харытончык. — На мой погляд, гэтыя змяненні робяць атрыманне вышэйшай адукацыі яшчэ больш прывабным, што дасць магчымасць прыцягнуць большую колькасць матываваных абітурыентаў. Прыёмная кампанія 2023 года паказала, што правілы прыёму рэалізаваны з улікам прынцыпаў празрыстай і справядлівай ацэнкі ведаў абітурыентаў. Лічу, што правядзенне ЦЭ і ЦТ у 2024 годзе ў адзіныя тэрміны для ўсіх выпускнікоў бягучага і мінулых гадоў дасць магчымасць удасканаліць забеспячэнне роўных умоў для абітурыентаў, якія здаюць ЦЭ і ЦТ.

У Беларусі 2024 год аб’яўлены Годам якасці, што азначае павышаную ўвагу да пытанняў якасці ва ўсіх сферах жыцця, уключаючы адукацыю. Важна, каб захоўваўся баланс паміж даступнасцю і якасцю, пры гэтым усе абітурыенты мелі роўныя магчымасці для паступлення незалежна ад іх сацыяльна-эканамічнага статусу. 

Сёння мы надаём вялікае значэнне мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, актуальнай для нацыянальнай эканомікі і яе рэальнага сектара. Упэўнены, што прыём студэнтаў на навучанне па мэтавым дагаворы ва ўстановы вышэйшай адукацыі — адзін з найбольш перспектыўных і запатрабаваных спосабаў атрымання якаснай адукацыі з гарантыяй наступнага працаўладкавання. На мой погляд, вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі павінны найбольш матываваныя, здольныя і ўсебакова развітыя абітурыенты. Гэтаму будуць садзейнічаць новаўвядзенні, занатаваныя ў абноўленых Правілах.

Таксама лічу справядлівым, што з гэтага года мы атрымліваем магчымасць прымаць без уступных іспытаў выпускнікоў ліцэяў пры ВНУ. Такая сістэма прыёму забяспечыць бесперапыннасць сістэмы адукацыі «школа—універсітэт» і, вядома ж, будзе стымуляваць ліцэістаў больш актыўна вывучаць складаныя і цікавыя прадметы, каб атрымаць высокі сярэдні бал атэстата, паспяхова здаць выпускныя экзамены і быць прынятымі ў ВНУ без дадатковых выпрабаванняў. Акрамя таго, гэта дапаможа ВНУ папоўніць свае рады прафесійна-арыентаванымі студэнтамі, якія змогуць унесці значны ўклад у развіццё навукі, тэхналогій і грамадства ў цэлым. Упэўнены, што абноўленыя правілы дазволяць будучым студэнтам больш свядома падысці да выбару спецыяльнасці і навучальнай установы. Безумоўна, такія новаўвядзенні будуць садзейнічаць павышэнню якасці адукацыі і стварэнню ўмоў для рэалізацыі патэнцыялу маладых людзей, якія імкнуцца да атрымання вышэйшай адукацыі. 

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.