Вы тут

Прадстаўнікі 16 педагагічных дынастый Мінскай вобласці прысутнічалі на прэзентацыі кнігі «Імя табе — Настаўнік»


Сукупны стаж педагагічнай дынастыі Трафімовіч — Старжынскія — Калядка налічвае 1115 гадоў. Яна аб’ядноўвае пяць пакаленняў педагогаў, 39 прадстаўнікоў і з’яўляецца адной з самых вопытных і мудрых не толькі на Міншчыне, але і ў Беларусі. Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у свет выйшла кніга «Імя табе — Настаўнік», якая стала вынікам двухгадовай работы не адной сотні людзей.


Ідэя расказаць шырокай грамадскасці пра залаты фонд айчыннай адукацыі нарадзілася падчас святкавання 100-гадовага юбілею Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

— Нам хацелася пакінуць след для наступных пакаленняў, і мы пачалі разважаць, што можна для гэтага зрабіць, — расказвае старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч. — Вырашылі, а чаму б не расказаць краіне аб магутнай сіле педагагічных дынастый?

Нас падтрымалі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і Міністэрства адукацыі. У краіне стартаваў рэспубліканскі сацыяльна-адукацыйны праект «Педагагічныя дынастыі Беларусі». Прайшлі месяцы карпатлівай работы. Да збору і падрыхтоўкі матэрыялаў актыўна падключыліся рэгіёны: пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі нашых устаноў адукацыі, абкамы, райкамы галіновага прафсаюза, рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі. Удзельнікі праекта сустракаліся з будучымі героямі кнігі, вывучалі архіўныя крыніцы, сістэматызавалі атрыманыя звесткі. Першапачатковай мэтай было сабраць для друку інфармацыю пра ўсе педагагічныя дынастыі, аднак высветлілася, што ў краіне толькі па тры пакаленні маюць каля 700 з іх. Таму ў першае выданне кнігі ўвайшлі гісторыі сем’яў, якія налічваюць чатыры і больш пакаленняў, адданых настаўніцкай справе, — інфармацыя пра 129 дынастый з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта людзі, якія зрабілі бясцэнны ўнёсак у нацыянальную сістэму адукацыі. Яны не толькі самі выхоўвалі патрыётаў і грамадзян сваёй краіны, але і далучылі да самай важнай і патрэбнай прафесіі на зямлі сваіх дзяцей і ўнукаў. Мы рады, што праект адбыўся і знайшоў водгук.

Адной з пляцовак для прэзентацыі кнігі «Імя табе — Настаўнік» стаў у сталіцы Музей Вялікай Айчыннай вайны, куды былі запрошаны прадстаўнікі 16 педагагічных дынастый Мінскай вобласці, што ўвайшлі ў выданне. Іх агульны стаж складае 6225 гадоў. Сярод іх былі як ветэраны педагагічнай працы, так і будучыя настаўнікі — студэнты педагагічных спецыяльнасцяў і профільных педагагічных класаў, якія яшчэ толькі збіраюцца працягнуць педагагічную дынастыю.

— Толькі ўявіце, колькі за гэтымі лічбамі вучняў, дзіцячых эмоцый, правераных сшыткаў, напісаных планаў, асабістых перажыванняў, начэй без сну. Проста неверагодная арыфметыка! І як гэта кранальна, калі родныя людзі могуць назваць адзін аднаго калегамі. Мы ведаем, што выпадковых людзей у сістэме адукацыі няма, яны там проста не затрымліваюцца, — падкрэсліла ў сваёй прамове Таццяна Якубовіч. — І месца для ўшанавання педагагічных дынастый было абрана невыпадкова. Мы знаходзімся ў будынку, які захоўвае памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны. А чым не героі — прадстаўнікі педагагічных дынастый? Гэта кніга — сумесная праца многіх людзей і памяць для тых, хто знаходзіцца ў гэтай зале... Я бы вельмі хацела, каб яна стала фамільнай рэліквіяй у вашых сем’ях і перадавалася з пакалення ў пакаленне.

— Педагагічныя дынастыі — гэта залаты фонд нашага грамадства, — лічыць заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Алена Жураўлёва. — Я ўпэўнена, што генетычная памяць не дазволіць здрадзіць фамільнаму прызванню і захаваць самае каштоўнае — веру, надзею і любоў да сваёй прафесіі... І ніякія цяжкасці не могуць прымусіць педагога ў пятым пакаленні збочыць з абранага шляху.

— А калі настаўніку было лёгка? Калі Андрэй Лабановіч хадзіў па балотах Палесся? Ці калі педагогі навучалі дзяцей у партызанскіх школах? Не будзем хаваць, што мы адчуваем сёння пэўны дэфіцыт педагагічных кадраў. І каму, як не вам, якасна і эфектыўна праводзіць прафарыентацыйную работу, пачынаючы са сваёй сям’і, — звярнуўся да прадстаўнікоў педагагічных дынастый начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — Упэўнены, калегі, што ў вашым прафесійным жыцці яшчэ будзе шмат яркіх старонак. Канешне, тыя прадметныя веды, што вы закладваеце на ўроках хіміі, біялогіі, літаратуры, вельмі важныя, але яшчэ больш важнае тое, што вы закладваеце ў дзіцячыя душы. Усё, што вы робіце, вы робіце для будучыні краіны. У нас былі складаныя пераломныя моманты, і мы ўдзячныя вам за тое, што вы захавалі сваю грамадзянскую дзяржаўную пазіцыю.

Сярод запрошаных на ўрачыстасці педагогаў быў і даўні чытач «Звязды» — выпускнік БДПУ, настаўнікі матэматыкі і фізікі Пугачоўскай сярэдняй школы Валожынскага раёна Уладзімір Уладзіміравіч Унучак. Ён прадстаўнік дынастыі, чый педагагічны стаж набліжаецца да 500 гадоў. Заснавальнікам дынастыі з’яўляецца яго прадзед Ігнат Вікенцьевіч Станкевіч, які скончыў Санкт-Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю ў 1913 годзе, а потым працаваў настаўнікам Капусцінскай школы ў Ашмянскім павеце.

Амаль палову стагоддзя прысвяціў выкладанню Уладзімір Уладзіміравіч. 16 гадоў ён быў дырэктарам школы. У свой 71 год вопытны настаўнік па-ранейшаму ў страі. Прызнаецца, што кожны верасень кажа сабе, што гэты навучальны год у яго будзе апошні. Але ён зноў і зноў вяртаецца ў школу.

«Трэба працаваць так, каб пра цябе памяталі, а памятаюць па апошнім годзе. Ну ніяк мне не ўдаецца паставіць апошнюю кропку, — усміхаецца педагог і дадае: — У нас любяць параўноўваць цяперашняе пакаленне дзяцей з папярэднімі. Навошта? Проста трэба не адставаць ад вучняў, каб заставацца для іх цікавым. Сучасныя дзеці — вельмі добрыя, творчыя, таму творчасць — важная якасць для настаўніка. Я многаму вучуся ў сваіх выхаванцаў, пастаянна займаюся самаадукацыяй, асвойваю новыя тэхналогіі. Шкада, што наша прафесія становіцца пераважна жаночай. Мужчына-педагог у школе абавязкова павінен прысутнічаць. Трэба, каб хоць палову педагагічнага калектыву складалі мужчыны-настаўнікі».

Дарэчы, жонка Уладзіміра Уладзіміравіча — таксама педагог, усё жыццё працавала настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Цяпер яна на пенсіі. Сын — кандыдат гістарычных навук, выкладаў па сумяшчальніцтве ў вышэйшых навучальных установах сталіцы. Цяпер займаецца доктарскай дысертацыяй.

А вось студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Дар’я Касценіч яшчэ толькі збіраецца стаць школьным настаўнікам. «Для мяне гонар — быць членам педагагічнай дынастыі, якая вядзе свой адлік з ХІХ стагоддзя, — кажа яна. — Пытанне з выбарам прафесіі для мяне ніколі не стаяла. Я з дзяцінства заўсёды была акружана ў сям’і педагогамі. Ганарылася сваімі продкамі. Мае прабабуля і прадзядуля былі заслужанымі настаўнікамі Рэспублікі Беларусь. 

Лічу, што настаўнік — не толькі прафесія, але і прызванне. Вельмі складана быць прыкладам цярплівасці, а для мяне цярплівасць — самая галоўная якасць педагога...»

Трэба дадаць, што кніга «Імя табе — Настаўнік» — гэта толькі пачатак. Праект працягваецца, прычым магчымасць далучыцца да яго ёсць у кожнага: інфармацыю пра педагогаў, для якіх прафесія стала сямейнай справай, дакументы, фотаздымкі, аповеды калег, вучняў, сваякоў, успаміны пра сваіх настаўнікаў можна дасылаць на сайт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. На электронным рэсурсе прафсаюза створаны раздзел, дзе пра педагагічныя дынастыі будзе ўтрымлівацца значна больш інфармацыі. А кніга носіць больш бібліяграфічны характар.

Матэрыялы паласы падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.