Установа адукацыі, дзе праведзена маштабная рэканструкцыя, прымае вучняў. Адначасова ў школе цяпер змогуць размясціцца 460 чалавек.
Жыхары аграгарадка Камунар сёння не могуць не адзначыць дапамогу і падтрымку кіраўніцтва вобласці і раёна ў развіцці сацыяльна значнай інфраструктуры іх роднага населенага пункта. За апошнія гады тут абноўлены мясцовы Палац культуры, цяпер завершана будаўніцтва новага крыла сярэдняй школы. Так, на пачатку мінулага года ў Камунары зрушылася з месца хвалюючае пытанне — пашырэнне плошчы сельскай ўстановы адукацыі. Стары аварыйны школьны будынак, ўзведзены яшчэ ў 1956 годзе, быў закрыты для эксплуатацыі ў 2010 годзе. Заняткі праходзілі ў адным корпусе. Але аграгарадок апошнім часам актыўна развіваецца, з году ў год павялічваецца колькасць дзяцей школьнага ўзросту.
З просьбай дапамагчы з мадэрнізацыяй навучальнай установы ў Камунары мясцовыя педагогі звярнуліся да старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. Ужо на пачатку мінулага года ў рамках інвестпраграмы Гомельскай вобласці ў аграгарадку быў знесены стары аварыйны школьны будынак, і пачата ўзвядзенне новага корпуса. Цяпер новая славутасць сельскага населенага пункта — двухпавярховы будынак з пераходнай галерэяй.
— Я вельмі добра памятаю той званок да мяне на прамую лінію ў красавіку 2022 года ад намесніка дырэктара ўстановы Вольгі Пятроўны Кашлачовай, якая прасіла ўключыць у план рэканструкцыі школу і, абавязкова, са спартыўнай залай. Як яна расказала тады, настаўнікі рыхтуюць тут моцных спецыялістаў для працы на вёсцы і, каб развівацца далей, адкрыць дадатковыя аграрныя і педагагічныя класы, проста неабходны новы будынак, — узгадаў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця школы Іван Крупко. — Адкрыццём будынка школы мы ўступаем у Год якасці. Якасць вашай вучобы — гэта выдатныя веды і добрыя справы на карысць Радзімы, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
У новым корпусе школы размясціліся спартыўная і актавая залы, школьныя майстэрні, кабінеты фізікі, інфарматыкі, біялогіі, харчаблок, аддзяленне для дзяцей пачатковых класаў са спальнымі, гульнявымі памяшканнямі. Галоўны ўваход у школу абсталяваны неабходнымі элементамі безбар’ернага асяроддзя.
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко перадаў сертыфікат на набыццё абсталявання для школьнага харчаблока. Ад старшыні Буда-Кашалёўскага райвыканкама Анатоля Гапоніка — у падарунак установе адукацыі перададзены сертыфікат на набыццё камп’ютарнай тэхнікі.
— Паспрабуем да новага навучальнага года зрабіць і для школы, і для жыхароў населенага пункта ў цэлым добры стадыён са штучным пакрыццём, з пляцоўкамі для міні-футбола, баскетбола, валейбола, — адзначыў Іван Крупко.
Для шаноўных гасцей правялі экскурсію па школе. Губернатар і кіраўніцтва раёна паназіралі, як праходзяць заняткі ў новых класах, як абсталяваны школьныя майстэрні, арганізавана работа харчблока. У новенькай спартыўнай зале можна было цаніць, наколькі папулярны сярод мясцовых школьнікаў заняткі фізічнай культурай.
Падчас наведвання класаў вучні змаглі і пагутарыць з губернатарам. Прагучалі словы віншавання з наваселлем, падзякі, а таксама асабіста ад кіраўніка рэгіёна карысныя парады старэйшым школьнікам аб выбары даоешага жыццёвага шляху.
— Вызначайцеся з выбарам прафесіі. А мы дапаможам вам і мэтавымі накірвання, і далейшым працаўладкаваннем не толькі ў Буда-Кашалёўскім раёне, але ў цэлым па вобласці, — звярнуўся да школьнікаў старшыня аблвыканкама. — Прыслухайцеся, да чаго ляжыць ваша душа, усё ўзважце добра. І не таіцеся. Мы гатовы вам дапамагчы. Паглядзіце, колькі навучальных устаноў ёсць у Гомельскай вобласці — атрымаць можна любую спецыяльнасць, — заклікаў юнакоў і дзяўчат Іван Крупко.
Кіраўнік рэгіёну, дарэчы, адразу даў даручэнне на ўзроўні Буда-Кашалёўскага раёна і на ўзроўні Галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкма індывідуальна з кожным адзінаццацікласнікам мясцовай школы прапрацаваць пытанне прафарыентацыі.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».