Вы тут

Чым можа ўразіць Слуцкая гімназія?


У самым цэнтры горада Слуцка размясцілася найстарэйшая школа ў нашай краіне — гімназія № 1. Заснавана яна ажно ў 1617 годзе Янушам VІ Радзівілам і Хрыстафорам Радзівілам. Дарэчы, іх партрэты дагэтуль займаюць пачэснае месца ў старым корпусе.


Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ірына Куніцкая падчас правядзення заняткаў

Кальвінісцкае вучылішча, слуцкая школа, гімназія № 1 — усё гэта назвы адной навучальнай установы ў розныя гістарычныя перыяды. Сярод выпускнікоў — шмат выдатных гістарычных асоб. Напрыклад, асветнік і пісьменнік Ілья Капіевіч, які праз некалькі гадоў пасля выпуску вярнуўся сюды ў якасці выкладчыка. Па словах настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Ірыны Куніцкай, менавіта ён заклаў такую традыцыю.

Ірына Куніцкая скончыла гэтую гімназію і вярнулася сюды ў якасці педагога. Так, разам з навучальнай установай яна ўжо больш за 50 гадоў. З трапятаннем расказвае гісторыю станаўлення гімназіі:

— Гэтаму будынку амаль 200 гадоў, ён узведзены ў 1840 годзе ў стылі класіцызму. Першапачаткова гімназія, адкрытая ў 1617 годзе як кальвінісцкая вучэльня, выглядала не вельмі прывабна. Гэта быў маленькі драўляны домік, які стаяў каля пратэстанцкага сабора.

Стары корпус гімназіі № 1

Адной з адметных рыс класіцызму з’яўляюцца калоны або звонку, або ўнутры. У гімназіі гэтым архітэктурным элементам упрыгожана актавая зала, дзе цяпер праходзяць урачыстыя мерапрыемствы і выступленні школьнага гістарычнага тэатра.

— Раней тут праводзілі публічныя іспыты, дыспуты і тэатральныя пастаноўкі, — расказвае Ірына Куніцкая. — Так, у 1923 годзе ў гэтай зале Якуб Колас упершыню прачытаў рукапіс сваёй паэмы «Новая зямля» падчас праходжання курсаў павышэння кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

Зразумела, што амаль за 200 гадоў школу неаднаразова рамантавалі, тым не менш захавалася шмат аўтэнтычных элементаў, напрыклад, форма вокнаў, аркі і ўсходы. Дарэчы, вялікі рамонт прайшоў у гімназіі ў 2018 годзе да 400-годдзя найстарэйшай школы Беларусі.

— У поўным аб’ёме рэканструяваны стары будынак гімназіі, які захаваўся з XІX стагоддзя. Адрамантаваны фае ўсіх трох паверхаў сучаснага будынка, 30 навучальных кабінетаў, харчаблок з поўнай заменай абсталявання, абедзенная зала, — адзначае загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама Алена Камоцкая.

Таксама ў гімназіі № 1 ёсць унікальны музей сістэмы адукацыі Мінскай вобласці «Адукацыя Міншчыны». Ён быў адкрыты ў 2023-м да 85-годдзя Мінскай вобласці. У экспазіцыі прадстаўлена гісторыя станаўлення і развіцця агульнай сярэдняй адукацыі ў цэнтральным рэгіёне ад вытокаў да сучаснасці.

Музей сістэмы адукацыі Мінскай вобласці «Адукацыя Міншчыны» быў адкрыты тут у 2023 годзе

Што ж датычыцца навучальнага працэсу, то цяпер у школе каля 600 навучэнцаў. Шмат алімпіяднікаў, даследчыкаў і актывістаў.

— На працягу васьмі гадоў доля выпускнікоў, якія паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, складае 100%. З іх больш за 90 працэнтаў паступаюць на бюджэтную форму навучання, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Бандарэнка.

Славіцца ўстанова дасягненнямі не толькі школьнікаў, але і педагогаў. Так, кіраўнік гімназіі Алена Міронава па выніках работы за 2020 год занесена на Дошку гонару Слуцкага раёна, у 2023 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Таксама ў 2023 годзе ажно тры педагогі гімназіі сталі фіналістамі заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».

Выдатныя педагогі і таленавітыя дзеці — такое спалучэнне ў выніку абавязкова дае высокія паказчыкі.

— На працягу сямі гадоў гімназія становіцца пераможцам у раённым конкурсе па выніках работы ўстаноў адукацыі ў намінацыях «Найлепшая гімназія Слуцкага раёна» і «Найлепшая ўстанова адукацыі, размешчаная ў гарадской мясцовасці», — дзеліцца Алена Бандарэнка.

Цікава і тое, што ў гэтай навучальнай установы ёсць свой сімвал, які прыдумалі самі навучэнцы ў 1998 годзе. Гэта выява мурашкі, якая падымаецца ўверх па прыступках кніг, асвятляючы шлях ліхтаром — сімвалам святла ведаў. Яго можна ўбачыць на флігелі старога корпуса. На эмблеме таксама размешчана лацінскае выказванне «Sіk іtur ad astra» — «Так ідуць да зорак». Менавіта гэтыя словы з’яўляюцца дэвізам гімназістаў дагэтуль.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Шлях да зорак у гімназіі № 1

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.