Вы тут

У Вуцеўскай школе робяць акцэнт на экалагічнае выхаванне


У Уцеўскім сельскім Савеце Добрушскага раёна органы ўлады і мясцовая гаспадарка актыўна падтрымліваюць вяскоўцаў-педагогаў і вучняў, якія даглядаюць вялікі прышкольны ўчастак, займаюцца пладаводствам і агародніцтвам. Вырошчванне сельгаспрадукцыі на тэрыторыі ўстановы адукацыі дапамагае не толькі зрабіць школьнае харчаванне таннейшым, але і прывучыць дзяцей да агульнай працы на зямлі.


У Вуцеўскай (менавіта так, нават у акадэмічным даведніку пазначаны два варыянты назвы паселішча — Уць і Вуць) сярэдняй школе сёння 122 вучні. Гэта не толькі школьнікі з самога аграгарадка Вуць, але і дзеці з некалькіх населеных пунктаў: пасёлкаў Гардуны, Зарадзвінне, Прудоўка, гарпасёлка Церахоўка. Школа ў Вуці вылучаецца тым, што ў агульнаадукацыйным працэсе тут робяць акцэнт на экалагічнае выхаванне. З 2010 года ўстанова адукацыі — апорная пляцоўка па экалагічным выхаванні ў сваім раёне, а з 2012 — узорная навучальная пляцоўка для ўсёй Гомельскай вобласці. Пры школе паспяхова працуе вучэбна-доследны ўчастак, дзе займаюцца школьнікі пад кіраўніцтвам дасведчаных педагогаў. Установа адукацыі штогод удзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах: перамагае з рознымі праектамі ці становіцца іх лаўрэатам.

— Раз мы жывём у сельскай мясцовасці, то вельмі важна выкарыстоўваць гэтую асаблівасць у працэсе навучальнай дзейнасці, заахвочваць дзяцей да працы на зямлі, — пераканана дырэктар Вуцеўскай сярэдняй школы Ганна Станкевіч.

Ганна Мікалаеўна ўсё жыццё прысвяціла рабоце з вясковымі дзецьмі. Хутка 18 гадоў, як яна працуе на пасадзе дырэктара Вуцеўскай сярэдняй школы, да таго шмат гадоў была завучам. Прышкольны ўчастак ва ўстанове даглядалі заўсёды. Але ў розны час яго тэрыторыя мянялася, пашыралася, развівалася, як і сама школа. Апошнія гады школьны вучэбна-доследны ўчастак і выглядае годна, і дапамагае вырашаць шмат задач. Адна з іх — магчымасць праводзіць заняткі на свежым паветры па біялогіі, геаграфіі.

— Паўгектара на нашым участку штогод адводзім толькі пад плодаагароднінныя культуры, — тлумачыць Ганна Станкевіч. — Бульбу, буракі, моркву для харчавання ў школьнай сталовай нарыхтоўваем на ўвесь навучальны год. Вырошчваем шмат цыбулі, капусты, якімі забяспечваем нашу школьную сталовую да канца зімы. Вялікі аб’ём агародніны патрабуе ўжо і дадатковай плошчы ў сховішчах, таму з восені выдаткі агародніны перадаём іншым установам адукацыі нашага сельсавета ці раёна.

З 2015 года на базе ўстановы адукацыі працуе школьная бізнес-кампанія «Гаспадар»: вядзецца сістэмнае планаванне працэсу земляробства. Ураджай атрымліваюць з вучэбнага ўчастка і двух парнікоў, набытых дзякуючы ўдзелу ў экалагічных праектах.

— У іх вясной вырошчваем расаду капусты і кветак. Пасля на іх месца высаджваем ужо памідоры і перац, — дадае дырэктар.

Сёлета на доследным школьным участку загатавалі 2800 кілаграмаў бульбы, 500 кілаграмаў морквы, 550 кілаграмаў сталовых буракоў, 630 кілаграмаў капусты, 310 кілаграмаў цыбулі. Акрамя таго, у жніўні вырасцілі і сабралі 60 кілаграмаў агуркоў, 120 кілаграмаў памідораў, 20 кілаграмаў чорнай парэчкі і 300 кілаграмаў яблыкаў. Частку атрыманага ўраджаю выкарыстоўваюць у сталовай Вуцеўскай школы. Апроч таго, частку агародніны і садавіны перадалі для патрэб аднаго з дзіцячых садкоў Добруша, Вуцеўскага і Церахоўскага дзіцячых садкоў, Добрушскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і Добрушскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Вучыць дзяцей думаць, займацца даследчай дзейнасцю і працаваць на доследным участку настаўнік геаграфіі Ірына Ярцава. Яна — кіраўнік адукацыйнага праекта «Зялёныя школы» Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Гэтым адукацыйным праектам ахоплена больш як палова навучэнцаў. Арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах, гурткоў, факультатыўных заняткаў экалагічнага кірунку. Увесь час займаецца вырошчваннем гародніны разам са школьнікамі настаўнік працоўнага навучання Лідзія Дудзянава. Ганна Станкевіч дзякуе ўвогуле ўсяму свайму калектыву за самаадданую працу з дзецьмі.

Між тым асаблівасць гэтай сельскай установы адукацыі і ў тым, што клопат аб вырошчванні садавіны і гародніны тут спалучаюць з захапленнем кветкаводствам. Тэрыторыя школы да самых маразоў цешыць вока ўсіх жыхароў аграгарадка Вуць. А апошнія гады школьнікі і педагогі з зайздросным імпэтам узяліся за стварэнне клумбаў і ў мясцовай гаспадарцы ААТ «Уцеўскае».

Дарэчы, сёння асноўная частка механізатараў, аграномы, спецыялісты кіравання сельгасарганізацыі — выпускнікі Вуцеўскай сярэдняй школы.

— З самага дзяцінства нашы дзеці не толькі бачаць, як іх бацькі працуюць на зямлі, у гаспадарцы, але і бачаць, як выбудоўваюцца адносіны паміж калектывамі на вёсцы, вучацца таму, што такое ўзаемадапамога, — пераканана дырэктар. — Па дапамогу ў любым хвалюючым пытанні можам звяртацца ў нашу гаспадарку, сельскі Савет, ФАП. Увесну і ўвосень, каб апрацаваць наш участак, мы без тэхнікі сельгасарганізацыі нікуды, тое ж з прывозкай арганічных угнаенняў. Сельскі Савет дапамагае ў рабоце з сем’ямі, з арганізацыяй мерапрыемстваў. Наша фельчар па ўсіх просьбах у плане медаглядаў, прафілактычных сустрэч таксама вельмі актыўна нас падтрымлівае. Мы шчыра шануем гэтыя выбудаваныя гадамі сяброўскія адносіны з сельскімі ўстановамі і арганізацыямі, — адзначае Ганна Станкевіч.

Школа ў сваю чаргу дзякуе вырашчанай сваімі рукамі расадай кветак, прымае самы актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні ўсіх сацыяльна-значных аб’ектаў роднага аграгарадка.

— Штогод вырошчваем і перадаём для стварэння клумбаў столькі расады кветак, колькі просяць. Сальвіі, агератум, розныя сарты петуні, аксаміткі: у ранейшыя гады заўважылі, што не заўсёды працаўнікі гаспадаркі маглі самі з нашай расады з густам аформіць клумбу. Таму прапанавалі рабіць гэта самім. Вучні і педагогі з задавальненнем бяруцца за справу і высаджваюць кветнік каля канторы гаспадаркі. Гэтую ініцыятыву ацанілі і самі працаўнікі-аграрыі, купілі добрае абсталяванне для паліву кветак. Мы ўжо цяпер і больш разнастайныя кветкі можам для іх высаджваць. Наш калектыў таксама адгукаецца на ўсе просьбы сельсавета па добраўпарадкаванні тэрыторыі, правядзенні суботнікаў, — дадае Ганна Мікалаеўна.

Тое, што іх Вуць у будучым можа стаць прыкладам вёскі будучыні, — спадзяецца другая мая суразмоўніца — выконваючая абавязкі старшыні Уцеўскага сельвыканкама Валянціна Досава.

— Спецыфіка працы і ўвогуле жыцця на вёсцы ў тым, што мы павінны быць усё як адна сям’я, — пераканана Валянціна Валянцінаўна. — У сельскай мясцовасці лічаныя дзяржаўныя арганізацыі, і яны павінны быць адной камандай, як браты з сёстрамі ў адной сям’і. Калі мы адно аднаму не будзем дапамагаць, то ўвогуле нічога не атрымаецца, і дзеці нашыя будуць вырастаць і адрывацца ад роднага населенага пункта, ад роднага раёна.

Сёння ў Вуцеўскім сельсавеце, дарэчы, рэалізуюць буйны сельскагаспадарчы інвестпраект. А гэта дадатковыя працоўныя месцы для сямей, ахвотных жыць і працаваць на вёсцы. Вучыцца ў мясцовай школе дзецям адназначна будзе вельмі цікава.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва Вуцеўскай сярэдняй школы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.