Вы тут

У Брэсце праходзіць дваццаць сёмы па ліку Міжнародны тэатральны фестываль


Вось ужо больш за чвэрць стагоддзя восень у Брэсце трывала асацыюецца са святам аматараў Мельпамены. Тэатральны фестываль гэтым разам падняў сваю заслону 8 верасня. Па традыцыі апошніх гадоў адкрыў фестываль, горача прывітаў тэатральную грамадскасць і гледачоў старшыня Брэсцкага гарвыканкама. Сяргей Лабадзінскі выказаў надзею, што форум парадуе адкрыццямі, падаруе асалоду сустрэчы з сапраўдным мастацтвам. 


Так і сталася. Высокую ноту фестывалю задалі артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Стартаваў тэатральны форум рок-операй «Граф Монтэ-Крыста». Спектакль па знакамітаму раману Аляксандра Дзюма паставіў заслужаны дзеяч мастацтваў Сяргей Кавальчык. Музыку напісаў Цімур Каліноўскі. Несумненна, спектакль стаў святам сустрэчы з сапраўдным тэатрам. У антракце давялося пачуць меркаванне, з якім пагаджаюся з задавальненнем: «Калі б на „Вежы“ быў усяго толькі гэты годны спектакль, і то фестываль меў бы права на існаванне».

Сапраўды, калі сцэнічная дзея не толькі трымае ўвагу, але і прымушае думаць, разважаць, шукаць адказы на пытанні, значыць, тэатр адбыўся. «Граф Монтэ Крыста» — гэта гісторыя пра каханне і здразу, пра адплату і справядлівасць, пра дабрадзеі і заганы. Як быццам бы сюжэт рамана Дзюма ведаюць усе альбо амаль усе... Але для сучаснага чалавека, спажыўца цяперашніх фільмаў ды серыялаў, тая гісторыя, прачытаная, можа, у раннім юнацтве, ужо выглядае далёкай і паўзабытай. А тут яе нагадаюць зусім па-новаму. Маладога, прыгожага, закаханага, паспяховага марака, які, не сёння-заўтра, можа стаць капітанам карабля, кідаюць у цямніцу. Зласлівец напісаў данос, а суддзі разбірацца не сталі. Эдмон Дантэс прасядзеў у турме доўгія 17 гадоў, і цудам вызваліўся. Ён выйшаў не зломленым, бо трымала яго на свеце жаданне адпомсціць крыўдзіцелям. Эдмон даволі хутка здолеў разбагацець і вярнуўся ў Парыж пад чужым імем. Ён вытанчана помсціў, але ж ад не адчуваў задавальнення, наадварот, прыходзілі спустошанасць і расчараванне. 

...З дапамогай неверагоднай музыкі, цудоўнага драматычнага вакалу, яркай харэаграфіі, адпаведнага сцэнічнага афармлення перажыванні і пошукі Дантэса пранікалі ў самую душу. А Руслан Чарнецкі ў галоўнай ролі, вядомы гледачу па фільмах і серыялах, паказаў сябе надзвычай таленавітым вакалістам. «Фараон» у гэтай рок-оперы гучыць болей чым песня, гэта тэма-гімн, у тым ліку і пра тое, як пакараць зло і не стаць ліхадзеем. 

Відавочна, што ў задумцы аўтараў і ў выкананні Руслана Чарнецкага Эдмон Дантэс сапраўдны герой. Ён прагне справядлівай адплаты за страчаныя сям’ю, нявесту, свабоду. Ды мяжа паміж перамогай справядлівасці і помстай вельмі тонкая. А добрыя намеры, як вядома, не раз даводзілі да пекла. І калі чалавецкасць у душы героя перамагае, наступае палёгка, хочацца верыць у сябе, у чалавецтва, у дабро. І за гэта трэба падзякаваць Сяргею Кавальчыку і яго камандзе. 

«Камень дурасці»

Драма «Камень дурасці» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — работа зусім другога кшталту. Але яна таксама пра нешта вельмі важнае ў жыцці. П’еса Канстанціна Сцешыка, па якой Людміла Фёдарава паставіла спектакль, згадвае матывы Сярэднявечча, дакладней, сюжэты з карцін галандскіх мастакоў, што адлюстроўвалі хірургічныя аперацыі па выразанні «каменя» з галавы, каб зрабіць чалавека разумным. Дзеянне мяжуе з сапраўдным шарлатанствам, ідыёма «выдаляць камень» ужо тады азначала падманваць. 

Вось і галоўны герой Раман пасля складанай аперацыі на галаўным мозгу жыве нібы ў свеце падману. Яго нічога не радуе. Ва ўсім ён бачыць несапраўднасць, недарэчнасць, штучнасць. Часам падаецца, што проста ён больш востра адчувае рэчаіснасць і не баіцца сказаць, усё што думае. Напрыклад, дурнямі назваць сваіх сяброў, якія раяць адмовіцца ад малака, якое, паводле іх вызначэння, гной, і ад цукру, бо ён наркотык. Раман жорстка высмейвае сябра-спартсмена, які не ўжывае лекаў, а лечыцца травамі. Яму вельмі шкада сваіх бацькоў, што не здолелі захаваць сям’ю, а зараз ледзь агорваюць сваю адзінокую старасць: бацька папівае ў адзіноце на кухні, а маці перыядычна нацягвае на галаву недарэчны парык, падобны на здохлую варону. 

Раман у нейкі момант вырашае добраахвотна пакінуць свет, аддае даўгі, наведвае ўсіх, нібы перад расстаннем. Але ў апошні момант не паднімаецца рука... Ёсць ў яго жыцці і светлая паласа — гэта душэўныя размовы з дзяўчынай Марынай, якая не вытрымала аперацыю, і цяпер прыходзіць да яго ў сне. Яна дапамагае яму паглядзець крытычна на сябе і заўважыць, што не ўсё дрэнна вакол. Напрыклад, ёсць сям’я, жонка і дачка, якія зусім не заслужылі яго грахоўнага ўчынку. 

Напругу прыдае вельмі ўдалая гульня святла і цені. Мінімалістычная, графічная кампазіцыя распадаецца на дзве рэальнасці. І кожны герой п’есы варыцца ў сваёй рэальнасці, калі не хапае цэласці ўнутры і падтрымкі звонку. Нават калі здаецца, што ты выдаліў «камень дурасці», паразумнеў, а выходзіць, што падманваеш усіх і сябе. 

«Граф Монтэ Крыста»

І ўсё ж канец у гісторым аптымістычны, галоўны герой знаходзіць у сабе сілы зрабіць той самы важны крок, каб навучыцца жыць наноў: «Хаця б таму, каб некалі дачка сказала пра нас з жонкай: «Мае старыя». Ён разумее, як важна жыць і быць разам, а не так, як яго бацькі, што зараз шукаюць прычыну сваёй адзіноты, у якой вінаватыя самі. 

Цікавых работ, адкрыццяў сёлетняга фэсту здарылася нямала. Крытыка станоўча адзначыла работу дацка-расійскага тэатра «Дыялог» з Капенгагена пад назвай «Сапраўдная гісторыя фрэкен Хільдур Бок, равесніцы стагоддзя». Рэжысёр Аліса Ветрава вызначыла яе як аптымістычную драму. Гэтую споведзь стогадовай жанчыны, што пражыла надзвычай цікавае жыццё, глядач успрыняў вельмі цёпла. 

А мастацкі кіраўнік названа тэатра Таццяна Дзербянева-Якабсон сказала ў размове з журналістамі, што тэатр цяпер асабліва патрэбны людзям, бо ён выхоўвае маральнасць, ён сам па сабе становіцца месцам любові і міру. Дарэчы, сама мастацкі кіраўнік у нашым фестывалі ўдзельнічае ўжо чацвёрты раз. 

Сёлетняя «Вежа» вызначылася мноствам твораў класікі. І гэта, несумненна, станоўчы факт. Бо класіка заўсёды сучасная, а яе ўвасабленне на аснове аўтарскага прачытання толькі падцвярджае актуальнасць класічных твораў. Спектакль «Галаўлёвы» Новасібірскага драматычнага тэатра «Стары дом» стаў сапраўдным гіпнатычным сеансам ад лепшага расійскага інтэрпрытатара класікі, рэжысёра Сяргея Фядотава, дзе рэалізм паўсядзённага расійскага жыцця праламляецца ў люстэрку містыцызму. Гісторыя гібелі адной сям’і, пра якую расказаў Салтыкоў-Шчадрын ў ХІХ стагоддзі, ператварылася ў тэатральны хорар. 

Сяргея Фядотава брэсцкая публіка памятае. У 2010 годзе ён прывозіў да нас спектакль «Калека з Інішмана». Тады работа стала нумарам адзін, атрымала заслужанае Гран-пры форуму. Цяпер таксама чаканні публікі апраўдаліся. 

Даволі цікавай была лялечная праграма. Не засталося незаўважным выступленне гаспадароў фестывалю — работа Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы «Заходзіць андроід у бар» і спектакль брэсцкіх лялечнікаў «Асенні марафон». 

Форум татральнага мастацтва працягваецца. У праграму дзевяці фестывальных дзён упісана 28 спектакляў калектываў з дзевяці краін свету. У дзень закрыцця, у суботу, будуць абвешчаны вынікі конкурснай праграмы. Апошнім акордам «Белай вежы»-2023 стане спектакль Разанскага абласнога тэатра драмы «Даходнае месца». 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.