Вы тут

Брэстчына першай у краіне праводзіць абласны фестываль працаўнікоў вёскі


Чым вызначаюцца сёлетнія «Дажынкі», чым адрозніваюцца ад папярэдніх, якія некалькі гадоў запар праходзілі ў пасёлках — былых райцэнтрах вобласці? Відаць, мноствам, музыкі, танцаў, усмешак, парадам сельгастэхнікі, якая ўдзельнічала ва ўборцы, разнастайнасцю кветкавых кампазіцый і вырабаў з саломы, недалёкіх ад сапраўдных твораў мастацтва. Маляўнічыя снапы і дажыначныя вянкі зрабілі нават асобныя жыхары райцэнтра і ўпрыгожылі імі ўласныя двары. А яшчэ звяртаюць на сябе ўвагу прыгожыя караваі на многіх лакацыях як галоўны сімвал свята.


Ганцаўчане ўмеюць прывеціць гасцей! Дэлегацыю кожнага раёна сустракалі караваем, бадзёрай музыкай, добрымі словамі, што адразу настройвала на свята. Людзі ішлі ў цэнтр горада арганізавана і паасобку, сем’ямі, невялікімі групамі. Зранку наваколле было расквечана стракатымі фарбамі кірмашу, мноствам па-святочнаму прыбраных людзей, усмешкамі гасцей і ўдзельнікаў, якія сустракалі тут сяброў і знаёмых. 

Па ўсім відно, што самадзейныя артысты старанна рыхтаваліся да фестывалю. Асабліва варта адзначыць дзіцячае мастацтва. Праграму выступлення юных артыстаў назвалі «Дзеці на дажыначнай планеце». Сказаць, што канцэрт калектываў Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў сабраў шмат гледачоў і праходзіў з вялікім поспехам, амаль нічога не сказаць. Выступленне маленькіх артыстаў уздымала настрой, зараджала пазітывам. Юныя танцоры, скрыпачы, салісты паказалі сябе як саппраўдныя майстры сцэны. 

— Яны рыхтаваліся, яны разам з намі хваляваліся, нам хацелася як мага лепш паказаць сябе і падарыць добры настрой гледачам — сказала карэспандэнту газеты дырэктар Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Купрыянік. — Нашаму узорнаму ансамблю народных духавых інструментаў «Дударыкі» выпаў гонар разам з дарослымі артыстамі адкрываць канцэртную праграму «Дажынак». Неаднаразовыя лаурэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў ігралі «Пралог». Гэта вялікая адказнасць, юныя артысты пад кіраўніцтвам свайго педагога Любові Занькі надзвычай старанна рыхтаваліся, і ўсё ў іх атрымалася. Ансамбль скрыпачоў «Срэбныя струны» хораша паказаў сябе, узорны танцавальны калектыў таксама. Сваім выступленнем нашы выхаванцы сапраўды стварылі адмысловую «дажыначную планету». Мы хацелі падкрэсліць, як шануем свята хлебаробаў, як паважаем працу людзей, што вырошчваюць хлеб. 

З самага ранку разгарнуў свае шатры па вуліцы 17 верасня горад майстроў. Тут ладзяць не толькі гандаль, але і выставу. Народныя ўмельцы з задавальненнем расказваюць пра вырабы, праводзяць майстар-класы для ахвотных. На гэтай пляцоўцы яе аўтары-арганізатары пастараліся паказаць адметнасць ганцаўскага краю, найперш прадставіць рамёствы свайго раёна: вышыванкі, ткацтва, ганчарныя вырабы, і ім, як выглядае, удалося. Ёсць тут і майстры з іншых раёнаў, словам, ніхто не застанецца буз сувеніра на памяць.

Горад майстроў, несумненна, парадаваў. А яго прадукцыя арганічна ўпісалася ў абноўленае аблічча Ганцавічаў. Райцэнтр прыкметна папрыгажэў і памаладзеў. Знешнія перамены адчуваюцца літаральна ва ўсім. Падрыхтоўка вялася амаль год, і зроблена вельмі многа. Абноўлена ў тым ліку інфраструктура: вуліцы і тратуары, інжынерныя камунікацыі — усё, што зрабіла райцэнтр больш сучасным, прыгожым, зручным. Капітальны рамонт праведзены амаль на 9 кіламетрах вуліц. З'явілася новае асвятленне. На трох асноўных транспартных артэрыях горада пракладзена ліўнёвая каналізацыя. Устаноўлены новыя сучасныя прыпыначныя павільёны. Капітальна адрамантаваны некалькі жылых дамоў, іншыя перажылі бягучы рамонт. 

Многа зроблена для паляпшэння аб’ектаў сацыяльнай сферы. Адрамантаваны і мадэрнізаваны гарадскі Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў, сярэдняя школа № 1, дзіцячы садок № 4. У дашкольнай установе праведзены ўцяпленне сцен, замена інжынерных камунікацый. У кінатэатр, які таксама пахарашэў і абнавіўся, купілі новую мэблю. Каля тэатра запрацаваў фантан, яго, дарэчы, таксама адкрылі падчас свята.

На тэтыторыі Дома дзіцячай і юнацкай творчасці паявіўся новы спартыўны аб’ект — скейт-пляцоўка. Фінансаванне яе вялося па абласной інвестпраграме. Пляцоўку адкрылі ў ліпені, і юныя ганцаўчане ўжо паспелі ацаніць зону актыўнага і бяспечнага адпачынку, яна стала месцам прыцягнення для многіх. 

Добраўпарадкаванне зачапіла і прывакзальную плошчу чыгуначнай станцыі Ганцавічы. Замест асфальтавага палатна паявілася больш стыльная тратуарная плітка. Сам будынак станцыі таксама папрыгажэў, яго фасад адрамантавалі, а колькасць парковачных месцаў для тых, хто сутракае і праводзіць пасажыраў, павялічылі.

У сацыяльнай сферы асаблівы ўпор зроблены на медыцыну. З абласнога бюджэта пайшло на гэта 3, 5 мільёна рублёў. Самы вялікі аб’ём работ праведзены ў паліклініцы. Замянілі ліфты і пажарную сігналізацыю. Куплена новае абсталяванне і мэбля. У рамках падрыхтоўкі да «Дажынак» рэканструкцыя вялася паэтапна, каб не перашкаджаць працэсу лячэння людзей. Тут працавалі майстры прадпрыемства «Палессежылбуд». У іх вялікі вопыт на падобных аб’ектах, і завяршэнне работы на аб’екце стала і для іх святам. Тым больш, што ўрачыстае адкрыццё паліклінікі пасля рэканструкцыі прымеркавалі да фестывалю-кірмашу. 

Міністр аховы здароўя краіны Дзмітрый Піневіч, які прымаў удзел у цырымоніі адкрыцця, адзначыў, што ахова здароўя Брэсцкай вобласці ў пытаннях перафармаціравання займае адну з лідзіруючых пазіцый. Міністр падкрэсліў, што ў працэсе работы акцэнт робіцца на на развіццё лабараторнага звяна, стварэнне больш даступных дыягнастычных і тэрапеўтычных паслуг для кожнага жыхара. Сведчаннем таму і новая паліклініка. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка падчас адкрыцця паліклінікі адзначыў, што ў выніку рамонту палепшаны ўмовы працы медыкаў, а пацыенты атрымалі магчымасць камфортнага, кваліфікаванага, якаснага прыёму. 

Шматлікія госці фестывалю адзначалі, што свята ўраджаю ў Ганцавічах праводзяць годна, як гэта рабілі продкі, толькі больш маштабна і відовішчна. Павіншаваць хлебаробаў Брэстчыны прыехаў намеснік прэм’ер-міністра краіны Леанід Заяц. Віцэ-прэм’ер адзначыў, што на Брэстчыне зладжана, арганізавана і прафесійна праведзена работа на ўсіх этапах. 

— Першымі закончылі ўборку, першымі святкуеце «Дажынкі» — падкрэсліў Леанід Заяц. — Брэсцкі рэгіён заўсёды з’яўляецца лідэрам аграпрамысловага комплекса. Тут пабудавалі сучасную, высокаэфектыўную сельскую гаспадарку, зараз бачым высокую аддачу сродкаў, якія былі ўкладзены. Кожны кілаграм корму дае прадукцыю, а кожны кілаграм збожжа дае прыбытак. 

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч адзначыў, што фестываль працаўнікоў вёскі — цудоўнае свята: «Яно паказвае, наколькі важная для людзей увага, якую надае дзяржава развіццю сельскай гаспадаркі і тым, хто працуе на зямлі. Гэта важнае мерапрыемства як з эканамічнага, так і з палітычнага пункту гледжання». Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ адзначыў той факт, што чатыры раёны Брэсцкай вобласці намалацілі больш за 100 тысяч тон збожжа і выказаў пажаданне, каб такіх раёнаў станавілася больш. 

Па традыцыі ўрачыстая частка «Дыжынак» пачалася з шэсця перадавікоў жніва, затым пачалося ўзнагароджанне. Пераможцам абласнога спаборніцтва сярод раёнаў вобласці стаў Камянецкі, на другім месцы — Жабінкаўскі, на трэцім — Пружанскі. 

Сярод гаспадарак у першую чаргу адзначылі філіял «Камароўка-Агра» ААТ «Батчы» Кобрынскага раёна, ААТ «Агра-Калядзічы» Пружанскага раёна, ААТ «Арэпічы» Жабінкаўскага раёна. Па многіх намінацыях ушанавалі камбайнераў, вадзіцеляў, якія адвозілі збожжа, машыністаў збожжасушыльных комплексаў, спецыялістаў гаспадарак і іншых удзельнікаў жніва. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі 38 груп аграрыяў. Больш за сто чалавек паднімаліся на сцэну за ўзнагародай аблвыканкама.

Іх, герояў дня, можна было пазнаць па чырвоных стужках. Агульны настрой пераможцаў выразіў камбайнер з ААТ «Крошын» Баранавіцкага раёна Аляксандр Яраш, калі сказаў: «Не чакаў нават, што ў першым сваім жніве выйду ў лік пераможцаў, але галоўнае, што мне падабаецца мая работа». Відавочна, што ўсе, хто атрымліваў сёння ўзнагароды, любяць сваю справу, працуюць з поўнай аддачай. 

Героям жніва, кіраўнікам гаспадарак, спецыялістам за іх працу, за важкі каравай рэгіёна падзякаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка: 

— Аграрыі спрацавалі добра. Сёлетнія паказчыкі сталі вынікам работы людзей і захавання тэхналогіі — лічыць губернатар. — А яшчэ памагла сучасная тэхніка. За два гады куплена каля 300 новых камбайнаў. У планах — далейшае нарошчванне тээхнічнага патэнцыялу, налета намечана купіць яшчэ каля сотні камбайнаў — сказаў кіраўнік рэгіёна. 

Хлебаробам Брэстчыны, несумненна, ёсць чым ганарыцца на свяце. Першымі ў краіне завяршылі ўборку з надзвычай добрымі вынікамі. Усяго атрымана 1,34 мільёна тон збожжа (без уліку грэчкі, просы, кукурузы). Ураджайнасць склала 40 цэнтнераў з гектара, што крышачку больш за леташні паказчык. Важкі намалот, напрыклад, дала азімая пшаніца — 52 цэнтнеры намалацілі з кожнага гектара. Ды і другія культуры не падвялі.

Святлана ЯСКЕВІЧ 

Фота БелТА 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.