Вы тут

У Знаменскім сельсавеце налічваецца 14 помнікаў падзеям вайны


Ледзь не кожны населены пункт нашай краіны мае сваю сумную або нават трагічную старонку гісторыі перыяду ваеннага ліхалецця. Сведчаннем таму — абеліскі, помнікі, стэлы, памятныя знакі. У адным толькі Знаменскім сельсавеце Брэсцкага раёна такіх помнікаў чатырнаццаць. Устаноўлены яны на брацкіх магілах, на месцах вайсковых пахаванняў, расстрэлаў мірных жыхароў, а таксама ў гонар землякоў-франтавікоў і ахвяр фашызму.


Са старшынёй сельвыканкама Сяргеем Галавенкам наведваем некаторыя помнікі ў першай палове сакавіка. Сяргей Сямёнавіч адразу папярэджвае, што ніводзін з іх яшчэ не перажыў веснавую прыборку. Але і без гэтага яны выглядаюць дагледжанымі, што сведчыць пра пастаянны клопат аб захаванні памяці. Помнікі даглядаюць школьнікі са сваімі настаўнікамі, менавіта дзякуючы ім там падтрымліваецца парадак. Не застаюцца ўбаку прадстаўнікі грамадскасці, устаноў і прадпрыемстваў, якія працуюць на тэрыторыі, проста нераўнадушныя людзі. Ну а каардынуе работу, забяспечвае сродкамі догляду, будаўнічымі матэрыяламі для касметычнага рамонту мясцовая ўлада.

— У вёсцы Страдзеч тры помнікі, у Рагозне чатыры, а ў Медне іх пяць, па адным у Знаменцы і Прылуках, — расказвае кіраўнік мясцовай улады. — Чаму столькі? Насельніцтва актыўна дапамагала партызанам. Акупанты лютавалі. Многія вясковыя людзі былі расстраляны, закатаваны. А ў 1944 годзе пры вызваленні ішлі надзвычай жорсткія баі, — працягвае Сяргей Галавенка. — Толькі ўявіць сабе: за вызваленне населеных пунктаў нашага сельсавета тры вайскоўцы Чырвонай Арміі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза! Больш не ведаю падобных прыкладаў. А ў жорсткіх баях, як вядома, бываюць вялікія страты. Байцоў і афіцэраў нярэдка хавалі тут, потым ставілі помнікі.

Спачатку памятныя знакі былі даволі простыя. 

З гадамі яны перажывалі рэканструкцыю, абнаўленне. Апошнім часам на многіх з іх памянялі мемарыяльныя пліты, на іх змешчана інфармацыя пра тых людзей, у гонар якіх устаноўлены помнікі. Дарэчы, нядаўна з’явіліся і таблічкі з QR-кодамі.

Варта ўлічыць яшчэ той факт, што ў Брэсцкім раёне праходзіць дзяржаўная граніца. Тады, у чэрвені 1941 года, першымі з нападам ворага сутыкаліся пагранічнікі, многія з іх, на жаль, загінулі. У Знаменскім сельсавеце таксама ўвекавечаны подзвіг пагранічнікаў. На сціплым абеліску накрэслены тры прозвішчы вартавых граніцы, якія ўдалося ўстанавіць, а яшчэ тры іх баявыя таварышы значацца як невядомыя. Цікава, што абеліск устаноўлены побач з брацкай магілай воінаў, якія загінулі тут у гады вайны. А калі памятныя знакі ўзводзілі, падымалі дакументы, апытвалі сведак, знайшлі інфармацыю аб па-зверску закатаваных тут вяскоўцах. Іх памяць таксама вырашылі ўвекавечыць. У якасці помніка зрабілі кампазіцыю ў форме зруба вясковай хаты на падмурку. На апошнім умацавалі мармуровую пліту з прозвішчамі сямі ахвяр фашызму. Такім чынам утварылася адзіная памятная мясціна з трох памятных знакаў. Да яе вядзе сцяжына, абсаджаная дэкаратыўнымі кустамі. Хутка тут будзе прыбрана мінулагодняе лісце і з’явяцца кветкі.

Помнік у гонар 86 чалавек, расстраляных фашыстамі ў Страдзечы, абнеслі невысокай цаглянай агароджай. Каля падножжа яго ўстаноўлена шэсць мемарыяльных табліц з імёнамі ахвяр. У кожнага з гэтых абеліскаў — свая трагічная гісторыя.

Пра адну з іх расказала настаўніца Меднаўскай сярэдняй школы, захавальніца школьнага музея Ала Карабейка. Ала Пятроўна падхапіла эстафету школьных пошукавых клопатаў ад свайго бацькі Пятра Данілавіча. Ён у свой час ствараў гэты музей, збіраў экспанаты і матэрыялы. Пётр Карабейка апытаў многіх аднавяскоўцаў, запісаў іх расповеды. Нават праз раённую газету прасіў адгукнуцца відавочцаў, і яны знаходзіліся. Такім чынам сабралася бясцэнная калекцыя сведчанняў вясковых людзей пра падзеі таго часу.

Побач са школай стаіць помнік сям’і з Медны, якую расстралялі за сувязь з партызанамі. Іх прозвішча Мароз. Ад рук акупантаў загінула восем чалавек — тры пакаленні... І не толькі гэтая сям’я знайшла тут спачын. Разам з імі расстралялі настаўніцу Манефу Бабарыкіну. Яна прыехала ў 1939 годзе з Расіі, вучыла вясковых дзяцей у Медне. Да таго ж Манефа была яўрэйкай. 

З прыходам немцаў яна хавалася ў добрых людзей у Страдзечы. Але ж знайшоўся злыдзень, выдаў яе акупантам.

Людзі запомнілі той расстрэл. Спачатку забілі Марозавых, скінулі ў яму. Пасля гэтага расстрэльная каманда, хутчэй за ўсё, адразу з’ехала, а тут прывезлі настаўніцу. Нямецкі афіцэр выстраліў у маладую жанчыну, затым скінуў з рук пальчаткі, кінуў іх у яму ўслед за ёй і сказаў: «Маёй віны тут няма», тым самым хацеў пераадрасаваць адказнасць у бок даносчыкаў, фашысцкіх прыслужнікаў і памагатых…

На месцы расстрэлу да нядаўняга часу стаяў дубовы крыж. Клопатамі мясцовай улады побач устаноўлены камень-валун з мемарыяльнай дошкай. А школьны музей нядаўна перажыў рэканструкцыю і абнаўленне. Пад экспазіцыю адведзена цэлае крыло школы, утворана некалькі залаў. Цяпер тут праходзяць урокі краязнаўства, урокі мужнасці.

Паводле слоў старшыні сельвыканкама, у красавіку ўсе помнікі будуць прыбраны і дагледжаны, побач пасадзяць кветкі: «Там, дзе дазваляе месца, высаджваем дэкаратыўныя кусты і нават цэлыя памятныя алеі. Работа будзе працягвацца, каб памятныя мясціны выглядалі годна. Сюды мы прыходзім у Дзень Перамогі, у дні дзяржаўных свят, аддаём даніну пашаны героям-франтавікам і бязвінным ахвярам вайны. Асабліва важна, што сюды прыходзяць дзеці і моладзь», — сказаў кіраўнік мясцовай улады.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і Меднаўскай сярэдняй школы

Брэсцкі раён

Загаловак у газеце: Каб сюды прыходзілі дзеці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.