Вы тут

Алесь Бадак пра адметнасці XXX Дня беларускага пісьменства ў Гарадку


Адна з самых яркіх і ўжо традыцыйных падзей Дня беларускага пісьменства — уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Як правіла, інтрыга трымаецца да апошняга, і толькі падчас свята мы даведваемся імёны чарговых лаўрэатаў. Вось і ў гэтым годзе, калі сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў Гарадок, лаўрэатаў абвесцяць падчас адкрыцця свята, увечары 2 верасня. Напярэдадні ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання мы пагаварылі са старшынёй журы, вядомым паэтам і пісьменнікам, дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем Бадаком пра галоўны літаратурны конкурс краіны і чым яго правядзенне было адметнае.


— Сёлета вы з'яўляецеся старшынёй журы Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Ці шмат аказалася прэтэндэнтаў, у якіх намінацыях конкурс быў большы, у якіх — меншы? Ці адрознівалася гэта ад папярэдніх гадоў?

— Не сакрэт, што гэта прэмія з'яўляецца адной з самых прэстыжных у галіне літаратуры, таму і прэтэндэнтаў на званне лаўрэатаў кожны год шмат. Сёлета ў фінал трапілі 46 кніг з 68, паколькі перад фіналам экспертны савет вельмі строга вывучае пададзеныя заяўкі на прадмет іх адпаведнасці ўмовам конкурсу. Па традыцыі больш за ўсё заявак падаецца ў намінацыю «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва», на што ёсць некалькі прычын. Па-першае, дзіцячая літаратура — найбольш запатрабаваны жанр, і не толькі ў Беларусі. А там, дзе ёсць попыт, непазбежна ўзнікае і прапанова, гэта адзін з законаў, у тым ліку і кніжнага рынку. Па-другое, дзіцячыя кнігі, асабліва для маленькіх, пішуцца хутчэй, чым, напрыклад, раманы. Я, калі заходжу ў кнігарню, часам бачу на паліцы адразу некалькі (тры, чатыры) кніг аднаго і таго ж аўтара, якія выйшлі ў адзін год. Ну, выйшлі — і дзякуй богу, мяне асабіста гэта не здзіўляе.

Праблемнай жа часам бывае сітуацыя з драматургіяй, творы якой не кожны год трапляюць у фінал. Сёлета, напрыклад, таксама. Але і гэтаму ёсць тлумачэнне. Успомніце савецкі час: ці часта вы бачылі кнігі нашых драматургаў у кнігарнях? Вядома, не. І не таму, што іх хутка раскуплялі, а таму, што гэты жанр сярод чытачоў далёка не самы запатрабаваны. Калі мы даведваемся, што папулярны драматург N напісаў новую п'есу, то, як правіла, цікавімся не тым, калі яна з'явіцца ў кніжным фармаце, а калі і ў якім тэатры будзе пастаўлена. Ды і выдаць кнігу — гэта яшчэ паўсправы, паколькі сярод крытэрыяў, якія сведчаць аб грамадскім прызнанні драматургічных твораў, ёсць і паказы спектакляў, пастаўленых па іх.

— Якімі крытэрыямі кіруецца журы, хто ўваходзіць у склад? Як вырашаюцца спрэчкі?

— У склад журы ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, Інстытута літаратуразнаўства Акадэміі навук, вядомыя пісьменнікі, лаўрэаты прэстыжных прэмій, якія карыстаюцца павагай як сярод калег, так і сярод чытачоў. Што датычыцца крытэрыяў — іх некалькі. Па-першае, зразумела, асабістая ацэнка вартасці той ці іншай кнігі. Па-другое, аналіз таго, які рэзананс мела кніга ў друку, у чытацкіх колах. Гэта таксама важна, таму што арыенцір толькі на ўласныя прыярытэты быў бы няправільным. Бывае, што можа ўлічвацца і агульны ўклад намінанта ў літаратуру, але гэта толькі ў тых выпадках, калі, напрыклад, лідзіруюць дзве кнігі, і аддаць перавагу адной з іх ну вельмі цяжка. А ўвогуле, ісціна нараджаецца ў спрэчках, часам вельмі гарачых, а ўсё вырашае галасаванне — тайнае ці адкрытае, як ужо вырашыць журы на сваім пасяджэнні, палажэнне дазваляе і той, і другі варыянт галасавання.

— Здаецца, праблематычнай з'яўляецца і намінацыя «Дэбют», таму што не кожны год аб'яўляліся лаўрэаты. З чым гэта звязана — недахоп маладых літаратурных талентаў ці, можа, недастатковая папулярызацыя прэміі сярод гэтага кантынгенту? Ці можаце згадаць маладога аўтара, якому прэмія дала заўважны штуршок для творчага росту?

— За маю памяць прэмію ў намінацыі «Дэбют» не ўручалі ўсяго раз ці два. Кніжак маладых выходзіць шмат, і праблема не ў гэтым. Мы часта сутыкаемся з сітуацыяй, што статус Нацянальнай літаратурнай прэміі сам па сабе вельмі высокі, і пераможцы — як сталыя, так і маладыя — павінны адпавядаць яму, а пры разглядзе кніг дэбютантаў аказваецца, што адпаведнасці гэтай пакуль няма, бо планка на іх шляху да перамогі вельмі высокая. Тым не менш мы кожны раз схіляемся да думкі, што маладых трэба падтрымліваць, трэба даваць ім, самым таленавітым і перспектыўным, магчымасць адчуваць сваю далучанасць да сур'ёзнай літаратуры — і далучанасць не колькасцю лайкаў у сацыяльных сетках, а нечым значна большым і важным.

Дарэчы, калі мы гаворым пра маладую літаратуру, то часцей за ўсё звязваем гэта з паэзіяй. Так, усе маладыя, як правіла, пачынаюць з вершаў. Але асабіста мне вельмі прыемна, што летась прэмію ў намінацыі «Дэбют» атрымала малады публіцыст «Звязды» Валерыя Сцяцко за кнігу «Нязломны. Аляксей Талай». Падтрымліваць маладых, што працуюць у гэтым няпростым жанры, таксама вельмі важна.

— Конкурс у намінацыі «Дзіцячая літаратура» сёлета быў надзвычай вялікі. Як на вашу думку, ці адэкватна ў ёй канкурыруюць кнігі, прызначаныя для самых маленькіх і для падлеткаў?

— Мне здаецца, што ў кнігах для маленькіх і для падлеткаў больш агульнага, чым таго, што іх адрознівае. Арыгінальная па сваёй задуме, таленавіта напісаная кніга заўсёды выдзяляецца сярод астатніх, незалежна ад таго, у якіх узроставых межах сваіх адрасатаў яна знаходзіцца. Можна сказаць і па-іншаму. Вядома, калі б давялося выбіраць паміж «Вавёрчыным горам» Віткі і «Палескімі рабінзонамі» Маўра, гэта была б вельмі складаная задача. Але не менш і не больш складаная, калі б давялося выбіраць паміж «Палескімі рабінзонамі» і «Міколкам-паравозам».

— Ці ўплывае Нацыянальная літаратурная прэмія на лёс кніг-лаўрэатаў і якім чынам?

— Думаю, што, безумоўна, уплывае. Але ёсць, скажам так, знешні ўплыў, а ёсць унутраны. Знешні, калі пра пісьменніка пачынаюць больш гаварыць, пісаць, часцей браць у яго інтэрв'ю, запрашаць на сустрэчы — адным словам, цікавіцца яго творчасцю. Унутраны ўплыў схаваны ад старонняга вока. Гэта калі ты, атрымаўшы прэстыжную прэмію, пачынаеш адчуваць большую адказнасць перад словам, перад тым, што з'явіцца ў выніку тваёй далейшай творчай працы. Абодва ўплывы раўназначныя і вельмі важныя. Таму я спадзяюся, што Нацыянальная літаратурная прэмія будзе яшчэ доўга існаваць, гэтым самым спрыяючы развіццю айчыннага прыгожага пісьменства.

— Як стаць прэтэндэнтам на Нацыянальную літаратурную прэмію? Якія захады для гэтага трэба зрабіць?

— Ёсць спецыяльнае палажэнне аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія», зацверджанае ўрадам нашай краіны. Я не буду пераказваць усе яго пункты, паколькі яно знаходзіцца ў адкрытым доступе ў інтэрнэце. Толькі нагадаю, што заяўкі прымаюцца Міністэрствам інфармацыі да 1 красавіка года, у якім праводзіцца конкурс, — як ад аўтараў твораў або іх афіцыйных прадстаўнікоў, так і ад творчых саюзаў, выдавецтваў, рэдакцый СМІ і гэтак далей. Увогуле, працэдура па ўдзеле ў конкурсе даволі простая. Ну, а далей усё вырашае талент.

Гутарыла Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.