Вы тут

Вясна гаворыць голасам жанчыны


Вясна, паэзія, музыка, жанчына... У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася імпрэза «Вясновыя перазовы: Жанчыны-творцы на старонках сакавіцкага нумара “Роднага слова”». Гэта пачатак новага праекту «Літаратурная брама XXI стагоддзя», які здзяйсняецца рэдакцыяй часопіса сумесна з музеем гісторыі беларускай літаратуры і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Прысутнічалі прадстаўнікі і іншых партнёраў «Роднага слова» — Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Выдавецкага дома «Звязда», Нацыянальнага мастацкага музея. Прысутных прывітаў дырэктар музея Сяргей Усік, вялі прэзентацыю галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран і намеснік дырэктара музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова.


Па традыцыі ў сакавіцкім нумары «Роднага слова» аддаецца перавага жанчынам-творцам. У нумары змешчаныя матэрыялы пра сакавіцкіх юбілярак: Ганну Новік, маладаследаваную цікавую паэтку, у чыёй творчасці адлюстраваўся драматызм жыцця Заходняй Беларусі часоў польскай акупацыі, і Еўдакію Лось — аналізуецца тэма Вялікай Айчыннай вайны ў яе паэзіі. Архіўныя даследванні распавядаюць новыя факты пра спявачку Ларысу Александроўскую і паэтку Яўгенію Пфляўмбаўм. 

—Хаця тэма жаночай творчасці — гэта толькі трэць нашага сакавіцкага нумара, — патлумачыла галоўны рэдактар «Роднага слова» Наталля Шапран, якая зрабіла агляд матэрыялаў выдання. — Нумар аб’ёмны, разнастайны. 

І прапанавала разам перагартаць яго старонкі. Цікавостак шмат. Напрыклад, змешчаныя сяброўскія шаржы на Еўдакію Лось, якую часта малявалі сучаснікі-мастакі. Можна знайсці яе выявы і ў выглядзе антычнай багіні Нікі, і ў выглядзе Пенелопы... Друкуюцца выявы яшчэ аднаго юбіляра года Васіля Быкава, зробленыя мастачкамі.

Размова зайшла і пра зборнік жаночай навелы з кніжнай серыі выдавецтва «Аверсэв» «Сучасная беларуская літаратура» «Размова з люстэркам». Аўтар «Роднага слова», літаратуразнаўца Ірына Шматкова распавяла пра сваё разуменне тэрміну «жаночая проза», і ці мае ён права на існаванне. Загадчык аддзела культуры газеты «Звязда» Людміла Рублеўская падзялілася сваймі архіўнымі даследваннямі пра Ларысу Александроўскую і Яўгенію Пфляўмбаўм.

У прыватнасці, распавяла пра малюнкі, якія яна ўбачыла ў нататніках вядомай спявачкі. Адзін з такіх партрэтаў-замалёвак удалося ідэнтыфікаваць: Ларыса Александроўская зрабіла партрэт алоўкам спявачкі Соф’і Друкер на чарнавіку віншавання ёй. Таксама Людміла Рублеўская зачытала адзін з вершаў Яўгеніі Пфляўбаўм, прысвечаны завірусе, і распавяла кранальную гісторыю гэтага твора, напісанага ў 1930-я ў Сібіры, куды маладая паэтка адправілася ўслед за сасланым мужам, паэтам Максімам Лужаніным. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка падзялілася знаходкамі, якія тычацца Ларысы Александроўскай, у прыватнасці, знойдзеную вельмі эмацыйную любоўную перапіску.

Традыцыйна ў часопісе «Роднае слова» ёсць каляровыя выявы, яны прадстаўляюць беларускую архітэктуру ў карцінах мастакоў. Для сакавіцкага нумара была абраная карціна «Подых вясны» Раісы Кудрэвіч. Для гасцей прэзентацыі падрыхтавалі сюрпрыз: можна было на свае вочы пабачыць гэтае цудоўнае палатно, якое захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і было адмыслова прывезенае для дэманстрацыі на вечарыне. Дарэчы, у Раісы Кудрэвіч у гэтым годзе таксама юбілей — 105 гадоў. Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Анастасія Трафімчык падкрэсліла, што ў той час, як сярод народных пісьменнікаў Беларусі няма ніводнай жанчыны, Раіса Кудрэвіч стала адзінай жанчынай сярод народных мастакоў Беларусі. Прычым яна была дачкой вядомага мастака, жонкай вядомага мастака, тым не меней здолела не застацца ў іх ценю, а сказаць сваё слова ў мастацтве. 

На імпрэзе прагучалі вершы Яўгеніі Янішчыц, Еўдакіі Лось, Яўгеніі Пфляўмбаўм у выкананні Народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» і спевы кіраўніка тэатра Алесі Сівохінай. Імправізаваны музычны салон Ларысы Александроўскай стварыў струнны ансамбль «La vie», а таксама выступленні студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Быў і «кітайскі складнік» вечарыны — студэнт магістратуры Акадэміі музыкі Дун Гуаньнань выканаў песню «Бярозка» на словы Анатоля Вялюгіна і музыку Ігара Лучанка, выкладчыца Прафесійна-тэхнічнага ўніверсітэта кітайскага горада Саньмэнся Луань Ін прадставіла кітайскія легенды пра каханне, яе артыкул пра гэта друкуецца ў часопісе. Спадарыня Луань Ін распавяла, што займаецца параўнаннем кітайскай і беларускай міфалогій. 

Напрыканцы ўсе займелі магчымасць сфатаграфавацца каля вясновага палатна Раісы Кудрэвіч. А Наталля Шапран запэўніла, што падобныя сустрэчы стануць перыядычнымі, для іх будуць шукацца новыя цікавыя тэмы. 

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.