Вы тут

Завіруха рэальная і віртуальная


Новы тэлевядучы прагнозу надвор’я тэлерадыёкампаніі «Брэст» Багдан Завіруха стаў сапраўднай сенсацыяй месяца. Ён прыгожы, ветлівы, бездакорна стылёвы, валодае пачуццём гумару, вядзе праграму абсалютна без памылак і агрэхаў. Але ён... не чалавек. Ён і не робат, ён — віртуальнае ўвасабленне чалавека. Яго стварыла нейрасетка, ён уяўляе сабой новую ступень лічбавізацыі жыцця.


Фота: pexels.com

Багдан Завіруха, несумненна, — вельмі цікавы праект, бо гэта першы ў краіне віртуальны тэлевядучы. Ідэю брастаўчане падгледзелі ў расійскіх калег. На стаўрапальскім тэлебачанні прагноз надвор’я агучвае віртуальная Сняжана Туманава. Ну а ў Брэсце з дапамогай нейрасетак стварылі свайго «дыктара». Гэта зусім не азначае, што телевізіёншчыкі падалі запыт, і нейрасетка адразу выдала гатовы прадукт. Над вобразам вядучага пэўны час працавалі спецыялісты ТРК «Брэст». Багдан увасобіў рысы некаторых рэальных людзей. Імя і прозвішча яму прыдумалі адпаведныя. Завіруха пасуе таму, хто прафесійна займаецца надвор’ем, бо нагадвае канкрэтную прыродную з’яву.

Вядома, гэтая цікавостка здольная прыцягнуць увагу аўдыторыі. Нехта назваў бы яе ўдалым маркетынгавым ходам, іншыя лічаць сучаснай забавай. На шматлікія пытанні журналістаў дырэктар брэсцкай тэлерадыёкампаніі адказвала жартам: «Багдан не есць і не спіць, не спазняецца на працу, не просіць зарплату, не ходзіць на бальнічны і ў адпачынак, але канкурэнт толькі прафесійна непрыдатнаму чалавеку...» Выходзіць, што ён яшчэ ўвасобленая мара любога работадаўцы: каб работнік не прасіў зарплаты і заўсёды быў на працы.

А калі сур’ёзна, то гэта ўжо не надта і сенсацыя, хутчэй, звычайны і лагічны працяг працэсаў камп’ютарызацыі, рабатызацыі, лічбавізацыі грамадства. І ён будзе працягвацца. Беспілотныя лятальныя апараты ўвайшлі ва ўжытак у многіх сферах жыцця, цяпер усё больш актыўна вядзецца гутарка пра беспілотныя машыны, трактары, аўтобусы. Робаты замяняюць чалавека на канвеерах, здольны замяніць яго ў небяспечных зонах: скажам, у працэсе выратавання пры аварыях, катастрофах. А пачыналася некалі з імкнення замяніць цяжкую ручную працу машынай. Сёння ў вёсках усе забыліся, якімі цяжкімі былі праполка альбо ўборка буракоў, лёну, дойка кароў. Усё робяць машыны. На дапамогу гаспадыням прыйшлі пральныя машыны, робаты-пыласосы, якім трэба задаваць праграму. Ну, а на любым прадпрыемстве, складанай вытворчасці на пярэдні план выходзіць лічбавы цэнтр кіравання. Назад дарогі няма, толькі — наперад.

І ўсё часцей можна пачуць апасенні, што робат, альбо лічба, паступова выцесніць чалавека, і людзі неўзабаве застануцца без работы, бо віртуальны працаўнік, як вядома, есці не просіць, правы не качае. А пісьменнікі-фантасты ўжо даўно страшаць чытачоў магчымымі паўстаннямі, войнамі робатаў, якія аднойчы захочуць знішчыць чалавецтва альбо падпарадкаваць яго сабе. Самі па сабе машыны наўрад ці прымуць такое рашэнне, усё ў рэшце рэшт будзе залежаць ад чалавека, ад таго, якую праграму ён закладзе ў тыя віртуальныя істоты альбо іх супольнасці.

Гледзячы на гэтага прыветлівага Багдана, падумалася: а што калі яны не выцесняць, не знішчаць чалавецтва, а, наадварот, навучаць яго жыць? Удзяўбуць, напрыклад, яму ў мазгі, што ваяваць і забіваць — гэта непатрэбна, нерацыянальна і злачынна, што трэба не глуміцца з прыроды, а ўсяляк абараняць і зберагаць яе, яшчэ — не выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэту для масавага махлярства, аблапошвання пенсіянераў ды і маладзейшых карыстальнікаў. Ну і далей, у тым жа родзе. Бо людзі самі, як відаць, ужо не спраўляюцца з выклікамі.

Але ж трэба, каб знайшоўся нейкі геній і запраграмаваў увесь гэты віртуальны свет на стварэнне і развіццё, а не на разбурэнне і знішчэнне. Праўда, заўсёды ёсць рызыка, што геній акажацца з нутром антыпода Таго, Хто задумаў свет. І тады людзей чакае далёка не станоўчы фінал... Ды хочацца спадзявацца на лепшае.

Пакуль жа вясёлы і прывабны Багдан Завіруха папярэджвае нас пра дождж і спякоту, часам раіць прыхопліваць парасоны і заклікае берагчы сябе. У яго ясным, адкрытым поглядзе ўсё роўна крышачку ўгадваецца штучнае, незямное — відаць, даецца ў знакі адсутнасць адбітка эмоцый на твары, як у мульцяшнай Снежнай Каралевы. І ўсё ж верыцца, што віртуальная завіруха не змяце з зямлі найлепшае, а нагадае пра яго першаснасць, нязменнасць, прымусіць па-новаму адчуць заклік да згоды Багдановіча яго віртуозным «...калі ўсе разам мы ляцім да зор».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.