Вы тут

Лабірынты пакручастага лёсу


Гэта гісторыя пачыналася амаль што камічна. Вам, шаноўныя чытачы, думаю, таксама тэлефанавалі рознага кшталту зладзеі. Не раз яны набіралі і мне. Калі званок ідзе на месенджар, звычайна нават не адказваю. Але аднойчы раздаецца званок на мабільны, на экране бачу незнаёмы маскоўскі нумар. Варта сказаць, што на той момант была зусім не ў гуморы. У рашучай упэўненасці, што на лініі чарговы махляр, раблю глыбокі ўздых, каб, не асабліва выбіраючы словы і выразы, сказаць усё, што думаю...


Апошняе і выратавала маскоўскага абанента ад таго, што выпадала пачуць прайдзісветам, бо нейкае імгненне я ўсё ж збіралася з рэзкімі думкамі. Тым часам ён пачаў рэкамендавацца: «Тэлефануе калега: прозвішча, імя, рэдактар н-скай кінастудыі. У мяне да вас просьба». Далей ён расказвае, што ў інтэрнэце адшукаў мой даўні матэрыял пра франтавую медсястру, вельмі яго кранула гісторыя, хоча зняць дакументальны фільм. Просіць знайсці кантакты хоць нейкай яе радні. Гавару яму, што гэта надзвычай складана, бо ведаю, што Ганна Іванаўна шмат гадоў жыла адна. Яе адзіны сын маладым з'ехаў ва Украіну, на радзіму жонкі. Ведаю толькі ад работнікаў сацыяльнай службы, што дагледзела шаноўнага ветэрана ўнучка, якая прыязджала з Украіны. Было гэта даволі даўно. А што калі ўнучка прадала бабуліну кватэру і з'ехала? Але ж абяцаю распытаць. Абяцанне дадзена, мусіш выконваць.

...Тая далёкая сустрэча з Ганнай Іванаўнай, яе расповед некалі мяне таксама ўзрушылі. Пісала пра яе незвычайную гісторыю кахання даўно, а помніцца.

Масквічка Аня трапіла на фронт васямнаццацігадовай учарашняй школьніцай. На вайну накіравалася добраахвотна, як і многія яе равеснікі. Прайшла пекла Курскай дугі ды іншых прыфрантавых шпіталяў. Аднойчы выратавала жыццё салдаціку. Не тым, што вынесла з поля бою, а тым, што дала сваю кроў. Раненыя ішлі патокам, стомлены хірург займаўся тымі, хто «перспектыўны». А гэты ляжаў збоку, бо яму патрабавалася пераліванне крыві, якой не было. Яна чамусьці звярнула ўвагу, а потым сказала доктару, што ў яе такая ж група, і прапанавала сваю кроў. Хірург заўважыў, што шанцы ў яго надзвычай малыя. Але кроў хлопцу пералілі, неўзабаве ён пайшоў на папраўку, потым быў адпраўлены ў шпіталь у Саратаў. А яна забылася пра той выпадак. Са сваім шпіталем пайшла далей. Потым вайна скончылася. Прыгажуня, весялуха Аня выйшла замуж за афіцэра, пераехала з ім у Брэст. Яна працавала, гадавала сына, заўсёды была ў актывістках і на працы, і ў грамадскай дзейнасці. Нярэдка ездзіла на сустрэчы з франтавымі сябрамі. Праўда, муж Ганны памёр рана, дало пра сябе знаць баявое мінулае.

А ён, Мікалай, выратаваны салдацік, шукаў яе шмат гадоў. Ведаў толькі імя і нумар танкавай арміі, да якой быў прыпісаны яе шпіталь. І вось аднойчы на сустрэчы ў Маскве ў гонар 35-годдзя Перамогі ён убачыў яе. І сказаў тыя словы, што ўразілі: «Я шукаў вас усё жыццё». Сталі перапісвацца, потым сустракацца. Да той пары Мікалай Васільевіч таксама быў удаўцом, кіраваў у Іркуцку адным з КБ на буйным прадпрыемстве. А потым ён перамяніў сваё жыццё і пераехаў да яе ў Брэст. Крыху больш за дваццаць гадоў яны пражылі ў любові і згодзе. Ганна Іванаўна казала мне, што толькі гэтыя гады яна адчувала сябе па-сапраўднаму шчаслівай жанчынай. Лёс адмераў шаноўнаму ветэрану доўгі жыццёвы шлях. Памерла Ганна Марозава ва ўзросце 95 гадоў.

...Без асаблівай надзеі патэлефанавала ў сацыяльную службу, а там мне сказалі, што ведаюць унучку, апошнія гады жыцця ветэрана трымалі з ёй кантакт, і, паводле іх звестак, яна засталася ў Брэсце. Ірына вельмі здзівілася майму званку, адразу паставіла своеасаблівы бар'ер, сказала, што яна чалавек не публічны, інтэрв'ю не дае, бо не хоча рабіць піяр на сваёй заслужанай бабулі. А потым крышачку ўсё ж памякчэла і расказала, што з бабуляй яны пазнаёміліся, калі ёй было ўжо за трыццаць.

Сваю ракавую ролю ў іх сямейнай гісторыі адыграла старая як свет прычына: непрыязь свекрыві і нявесткі. Так яны, мякка кажучы, прыйшліся адна адной не даспадобы, што жонка сына звезла свайго мужа на радзіму, і ўсялякія стасункі спыніліся. Сын Ганны Іванаўны і бацька Ірыны памёр зусім маладым. А калі не стала маці, ёй захацелася адшукаць бацькаву радню, аб якой чула ад яго ў дзяцінстве. Як прыехала, як шукала, гэта амаль цэлы дэтэктыў. А калі знайшла, то стала для бабулі сапраўдным адкрыццём. Тая ж зусім не ведала пра існаванне ўнучкі. Абрадавалася, вядома. На ўсялякі выпадак яны нават аналіз ДНК зрабілі. Ірына настаяла, для таго найперш, каб бабуля была ўпэўненая, каб не краліся нават іскрынкі сумневу. Ну і, вядома, скрасіла апошнія гады роднага чалавека клопатам, увагай. А потым вырашыла застацца жыць тут, у бабулінай кватэры. Такі вось паварот лёсу.

Ірына прасіла парады ў тым, як знайсці радню Мікалая Васільевіча, каб аддаць ім яго ўзнагароды. На што я параіла скарыстацца выпадкам і папрасіць маскоўскіх кінематаграфістаў, якія чакалі яе каардынаты. Ім жа прасцей з Масквы звязацца, скажам, з саветам ветэранаў далёкага расійскага горада і адшукаць сваякоў ветэрана вайны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Па зразумелых прычынах імёны і прозвішчы герояў зменены.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.