Вы тут

Мацярынскай малітвай


Патэлефанавала чытачка з Мінска. Ірына Сцяпанаўна вельмі хвалявалася, асабліва на пачатку нашай размовы. Дзякавала за матэрыял «Мама, я вярнуўся». Казала, што чытала яго разам з суседкай па лесвічнай пляцоўцы. Плакалі, згадвалі сваё пасляваеннае дзяцінства, сваякоў, аднавяскоўцаў, лёсы якіх паламала-пакарабаціла вайна. А пазваніла, каб расказаць гісторыю шчаслівага вяртання сына сваёй аднавяскоўкі. Хоць слова «шчаслівага» тут можна ўжыць, напэўна, з вялікай нацяжкай. Толькі для маці ўбачыць сына жывым Усё роўна было шчасцем.


Спачатку колькі слоў нагадаю пра публікацыю ў «Звяздзе» за 27 жніўня 2023 года, аб якой ішла гаворка. Гэта расповед пра 21-гадовага лётчыка Пятра Шмыгава, якога збілі на трэці дзень вайны над балотам у Кобрынскім раёне. Сям’я ў вёсцы Велікадвор’е Уладзімірскай вобласці атрымала стандартную паперчыну, у якой гаварылася, што вайсковец прапаў без вестак. А маці яго Еўдакія ўсё жыццё сцвярджала, што яе хлопчык рана ці позна вернецца на радзіму, што яна вымаліла ў Бога гэтае вяртанне. Ёй ніхто асабліва не верыў, але ж ставіліся да слоў з пэўнай доляй спагады, паважаючы мацярынскае гора. І, паводле яе завяшчання, пакінулі месца побач з магілай. Яна памерла роўна праз сорак гадоў пасля яго гібелі. А яшчэ праз сорак гадоў брэсцкія пошукавікі ўзнялі самалёт з балота, якое захавала і цела, і дакументы. І праз восемдзесят гадоў Пятра пахавалі побач з маці, а на помніку напісалі: «Мама, я вярнуўся!».

Дык вось цяперашняя мінчанка Ірына Сцяпанаўна нарадзілася і вырасла ў палескай вёсцы на мяжы Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў. Яе суседа таксама звалі Пятром. Яго забралі на вайну ў 1944-м, хлопцу было толькі васямнаццаць. А праз год прывезлі са шпіталя без нагі і ляжачага. Усе дактары, якім толькі маці здолела паказаць Пятра, гаварылі, што шанЦаў узняць яго на ногі практычна няма, асколак пашкодзіў адзін з пазванкоў. Яна тады кінулася па шаптухах, у той час іх многа было ў ваколіцы. Але ўсе іх травы і прымочкі нічога істотнага не далі. Пасля гэтага Ганна стала шукаць суцяшэння ў царкве. На службу хадзіла ледзь не за дзесяць кіламетраў, бо бліжэй не было, і горача малілася. Але пры гэтым не пакідала лячэння, майстравала немудрагелістыя трэнажоры, рабіла масажы. Адкуль гэтыя прыёмы ведала непісьменная паляшучка, невядома: адны казалі, што яна ўсё ж перыядычна хадзіла Па кансультацыі да дактароў у райцэнтр, іншыя згадвалі, быццам бы да яе з царквы наведвалася нейкая нетутэйшая манашка і вучыла правільнаму догляду.

Адным словам праз некалькі гадоў нястомнай працы яе хлопчык пачаў паціху ўставаць, а потым і пайшоў на мыліцах. Яму зрабілі пратэз, і Пётр стаў хадзіць. Недзе ў канцы 50-х гадоў, калі калгасы ўтваралі з адной альбо дзвюх вёсак, яго нават абралі старшынёй. Бо быў ён чалавек надзвычай сумленны і справядлівы, да таго ж франтавік. «Гэта я ўжо памятаю, — расказвае Ірына Сцяпанаўна. — Як мы школьнікамі хадзілі дапамагаць маці палоць буракі, а ён прыязджаў у брычцы, хадзіў з кулькай, да кожнага — з усмешкай, з добрым словам. А вось сям’ю не стварыў. Мая мама лічыла, што саромеўся свайго калецтва. Так і пражыў з маці, шанаваў, падтрымліваў ва ўсім, а перажыў яе, можа, на які год. Маладым пайшоў з жыцця, яно і не дзіва пры такіх раненнях. Сям’і не было, дзяцей не пакінуў, вайна ўсё гэта адняла. Малодшая сястра ў яго была. Але адзіная пляменніца Пятра шмат гадоў таму з мужам з’ехала ў Ізраіль»…

— Можа, і не наважылася б вам пазваніць, тэлефон трэба было адшукаць, — расказвае далей суразмоўніца. — Суседка паспрыяла. Я кожнае лета бываю ў бацькоўскім доме, даглядаю сядзібу. Яна таксама прыязджае ў хату сваіх бацькоў, якая нядаўна апусцела, а працуе ў раёнцы. Вось яна і ўзялася знайсці тэлефон. А пакуль мы шукалі, высвятлялі, такія навіны прыйшлі з Ізраіля... Я ўсё згадваю Марыю, думаю, як яны там, ці жывыя. Гляджу на тыя жахлівыя кадры. Вось скажыце, як можна так перайсці са зброяй мяжу, ды забіваць ні ў чым не павінных людзей, ракетамі абстрэльваць населеныя пункты?! — задае рытарычныя пытанні Ірына Сцяпанаўна. — Хіба мала было войнаў, хіба мала нацярпелася пакаленне нашых маці і бабуль? Адкуль у свеце столькі злыдняў, якім войны патрэбныя, якія гатовыя забіваць нават без дай прычыны? Хіба ў іх маці ніколі не было?

І што я магла ёй адказаць?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.