Вы тут

У Брэсцкай вобласці абмеркавалі выкарыстанне аб’ектаў камунальнай маёмасці


Навядзенне парадку на зямлі з дапамогай прыцягнення ў абарот маёмасці, якая не выкарыстоўвалася, пачалася ў далёкім ужо 2006 годзе. Да той пары на Брэстчыне было назапашана шмат нерухомасці, што зрабілася баластам на рахунках балансатрымальнікаў. Таму Указ № 108 за 27 лютага 2007 года «Аб некаторых мерах па прыцягненні ў гаспадарчы абарот дзяржмаёмасці, якая не выкарыстоўваецца» сустрэлі з пэўным энтузіязмам. Многія будынкі, якія стаялі без ужытку, пачалі знаходзіць новых гаспадароў.


Удзельнікі выязнога пасяджэння ў Пружанах

Жылы дом, буйная вытворчасць, рытуальнае агенцтва

Прадаваць сталі і за адну базавую. Напрыклад, пачынаючы з 2008 года з малатка за такую цану ў вобласці пайшло 665 аб’ектаў. Варта сказаць, што не ўсім гэтым аб’ектам пашанцавала з пакупнікамі. Але ў 320 выпадках здзелкі аказаліся ўдалымі. Аб’екты ў іх новым абліччы працягваюць служыць людзям. Некаторыя з такіх у Пружанскім раёне наведалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў. Пасля агляду на пленарным пасяджэнні члены прэзідыума аблсавета, старшыні раённых і гарадскіх Саветаў абмеркавалі праблемы выканання ўмоў продажу дзяржмаёмасці, прададзенай на таргах за адну базавую велічыню, гаварылі таксама аб набытках і падводных камянях важнай дзяржаўнай кампаніі.

Першым аб’ектам наведвання стаў шматкватэрны жылы дом з убудавана-прыбудаванымі гандлёвымі і адміністрацыйнымі памяшканнямі на вуліцы Заводскай у Пружанах. На аўкцыёне ў 2017 годзе будынак набыло прыватнае прадпрыемства «ШэрманТры». Умовамі продажу стала перапрафіляванне аб’екта ў жылы дом, а таксама завяршэнне рэканструкцыі аб’екта і ўвод у эксплуатацыю. Удзельнікі мерапрыемства ацанілі маштаб праведзеных работ, адзначылі выгаднае месцазнаходжанне аб’екта, зручнасць для жыхароў у плане наяўнасці на першым паверсе магазінаў і гандлёвых павільёнаў.

Удзельнікі мерапрыемства таксама наведалі прадпрыемства «Рытуал Сэрвіс», якое з’явілася на месцы былой сталоўкі завода радыёдэталяў. Індывідуальныя прадпрымальнікі — сужэнцы Бондары — стварылі новыя рабочыя месцы і аказваюць увесь комплекс рытуальных паслуг — ад арганізацыі развітання з памерлым у спецыяльна створанай зале да вырабу і ўстаноўкі помніка. У планах значыцца абсталяванне памяшкання для правядзення памінальных абедаў.

Цэхі былога завода радыёдэталяў сталі вытворчай базай сучаснага прадпрыемства ТАА «Нятканы свет». Яго дырэктар Алег Гіль расказаў наведвальнікам, што сёння тут працуе 112 чалавек. «Нятканы свет» стаў пастаўшчыком для такіх вядомых брэндаў, як «Аскона», «Арматэк», актыўна працуе з Расіяй, вытрымліваючы вялікую канкурэнцыю; валокны з Пружан купляюць вытворцы Шры-Ланкі, Індыі, В’етнама. Цяпер акрамя палотнаў, валакна вырабляюць яшчэ тэрмалямец, медыцынскія маскі, рэспіратары, іншую прадукцыю — асартымент даволі вялікі.

Побач з Ружанамі дэпутаты наведалі аграсядзібу «Залаты Фазан», пачаткам якой таксама стаў аўкцыён па продажы аб’екта за адну базавую велічыню. Гаспадар сядзібы Валерый Ланшакоў, аматар жывёл і птушак, стварыў тут цікавы заалагічны аб’ект. Алені, лані, яноты, лісы, рознае птаства сталі насельнікамі заасада. Паглядзець на жывёл, паслухаць птушыныя сімфоніі прыязджаюць адпачывальнікі з санаторыя «Ружанскі», ахвотна едуць у Малочкі школьныя экскурсіі. А будынак былой школы з названай вёскі, куплены за адну базавую, адрамантаваны і служыць кавярняй для турыстаў.

З гісторыі пытання

Намеснік старшыні камітэта дзяржаўнай маёмасці Брэсцкага аблвыканкама Надзея Стральцова падрабязна азнаёміла ўдзельнікаў нарады са станам спраў у азначаным кірунку. Надзея Мікалаеўна спынілася на гісторыі пытання, якая ў пэўнай меры стала адлюстраваннем змяненняў у заканадаўстве. Паводле яе слоў, пачынаючы з 2008 года і да 2012-га штогод заключалася па 20-30 дагавораў продажу. У 2012 годзе нормы, якія рэгулююць такі спосаб продажу, былі перанесены ва Указ № 294 са значным пашырэннем магчымасцяў пакупніка. Напрыклад, не прададзеную для прадпрымальніцтва маёмасць стала магчыма набыць фізічным асобам пад жыллё альбо для вядзення падсобнай гаспадаркі, дазволены знос некаторых аб’ектаў і будаўніцтва новых. Была выключана з умоў неабходнасць стварэння рабочых месцаў. Акрамя таго, мясцовыя ўлады атрымалі права прадаваць аб’ект за базавую без праходжання этапаў паніжэння цаны на 20, 50, 80 працэнтаў. Таму лагічным выглядае ўсплёск продажаў у 2015–2016 гадах. Але ж «на хвалі» новымі ўласнікамі сталі і тыя, хто яўна не разлічыў свае сілы. У выніку некаторыя атрымалі немалыя штрафы і прадпісанні вярнуць маёмасць дзяржаве. Гэты вопыт крыху астудзіў запал асобных грамадзян, і, як вынік, колькасць продажаў скарацілася ўдвая.

Прадпрыемства «Нятканы свет»

Узрастанне ролі мясцовых Саветаў

Як вядома, у сакавіку бягучага года ўступіў у сілу Указ № 330 «Аб распараджэнні маёмасцю», якім істотна ўзмоцнена роля мясцовых Саветаў дэпутатаў. Цяпер яны могуць устанаўліваць і мяняць абавязковыя ўмовы продажу, працягваць тэрміны іх выканання, а таксама мяняць альбо вызваляць ад штрафаў пакупніка за невыкананне абавязацельстваў. Такім чынам, на сваім узроўні яны змогуць знаходзіць кампрамісныя рашэнні, улічваючы інтарэсы рэгіёна і пакупнікоў, аператыўна ўплываць на вырашэнне праблемных сітуацый.

— Пасля таргоў узаемаадносіны выканкамаў, камунальных прадаўцоў і пакупнікоў набіраюць абароты, — адзначыла Надзея Стральцова. — Да абследавання аб’ектаў падключаюцца камісіі, створаныя пры выканкамах, у склад якіх уваходзяць дэпутаты. У шэрагу раёнаў гэта праходзіць публічна, напрыклад, пры правядзенні дзён сельскіх Саветаў. Своечасовая сумесная работа прыносіць плён. На месцы вызваленых будынкаў адкрытыя вытворчасці, склады, магазіны, фермы, з’явіліся новыя суб’екты гаспадарання, у вобласці створана каля 750 новых рабочых месцаў. Частка аб’ектаў выкарыстоўваецца пад жыллё і для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Яшчэ 50 пакупнікоў рамантуюць, праводзяць рэканструкцыю, зносяць пабудовы для будаўніцтва новых.

Рыбны цэх замест клуба і ферма на ферме

Як адзін з паспяховых прыкладаў праекта на прададзеным за адну базавую велічыню аб’екце ў Кобрынскім раёне Надзея Мікалаеўна назвала прадпрыемства «ЮдзісІнвест» у Кобрынскім раёне. У 2016 годзе гэты суб’ект гаспадарання купіў адміністрацыйны будынак у вёсцы Шамятоўка. Памяшканне плошчай 473,8 квадратнага метра два гады не маглі прадаць нават за адну базавую. Рэзультатыўным стаў толькі восьмы па ліку аўкцыён. Пакупнік пабудаваў комплекс цэхаў па перапрацоўцы рыбы. Калі справы пайшлі добра, Кобрынскі райсавет сваім рашэннем перадаў прадпрыемству двухпавярховы будынак былога клуба ў гэтай жа вёсцы, які раней хацелі знесці. І прадпрымальнік у сціслыя тэрміны задзейнічаў пабудову. Фірма паспяхова развіваецца, у вёсцы з’явіліся дзясяткі новых рабочых месцаў, парадак падтрымліваецца на навакольнай тэрыторыі (дарэчы, пра дадзенае прадпрыемства «Звязда» расказвала ў чэрвені 2021 года ў публікацыі «Новае жыццё пустога будынка»).

Такіх і падобных прыкладаў у вобласці можна знайсці нямала. Было шэсць няўдалых спроб прадаць жывёлагадоўчую ферму ў Столінскім раёне. Гаворка ідзе пра 12 аб’ектаў на зямельным участку амаль у 12 гектараў. Цану зніжалі на 20, 50, 80 працэнтаў, а потым за адну базавую старую ферму ўсё ж купіў прадпрымальнік. Цяпер там размешчана сельгаспрадпрыемства «Грушава-МІЛК», якое займаецца малочнай жывёлагадоўляй. Летась прыватнікі-аграрыі атрымалі 1750 тон малака. Працуюць на ферме 22 чалавекі.

Рыбны цэх у Кобрынскім раёне

У вёсцы Ліпнікі Брэсцкага раёна на базе будынка былога клуба-бібліятэкі наладжана швейная вытворчасць, у вёсцы Зубелевічы Ляхавіцкага раёна ў былой школе зрабілі залу для ўрачыстых мерапрыемстваў. Спіс можна доўжыць, галоўнае, што былая маёмасць не разбураецца, не ідзе пад бульдозер, а прыносіць карысць людзям.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, сенатар Юрый Наркевіч:

— У вобласці назапашаны шматгадовы вопыт работы з маёмасцю, прададзенай за адну базавую велічыню. На падставе вопыту сфарміраваны падыходы да вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у працэсе. На выязным пасяджэнні прэзідыума аблсавета мы мелі магчымасць пазнаёміцца са станоўчымі прыкладамі на Пружаншчыне, а таксама пачулі падрабязны аналіз стану спраў на Брэстчыне ў цэлым. Зыходзячы з гэтага, варта звярнуць увагу на ўзмацненне ўзаемадзеянння паміж мясцовымі Саветамі дэпутатаў і зацікаўленымі службамі рэгіёнаў, кантролю за падтрыманнем парадку на аб’ектах нерухомасці і зямельных участках, што выдзелены для іх абслугоўвання. У дапамогу нам Указ № 330, які нядаўна ўступіў у сілу. Трэба больш актыўна ўкараняць у жыццё новаўвядзенні заканадаўства, і пустых аб’ектаў будзе станавіцца менш.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Брэсцкага аблвыканкама і аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.