Вы тут

Палярнік Аляксей Гайдашоў пра сям'ю, сяброўства і Антарктыду


Калі ў Беларусі гаворка заходзіць пра Антарктыду, можна не сумнявацца — абавязкова назавуць імя Аляксея Гайдашова.


Кароткая даведка

Гайдашоў Аляксей Аляксандравіч нарадзіўся ў Мінску. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Тройчы «Майстар спорту СССР», чэмпіён БССР, СССР, УС па ваенна-прыкладных відах спорту, плывец-аквалангіст. У 1988 годзе яму ўдалося зафіксаваць рэкордную хуткасць ветру ў Антарктыдзе — 78 м/с (280 км/г).

Намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Аляксей Аляксандравіч узначальваў усе Беларускія антарктычныя экспедыцыі, у тым ліку і 15-ю, якая завяршылася ў чэрвені гэтага года. За гады, прысвечаныя вывучэнню самага паўднёвага кантынента Зямлі, Аляксей Гайдашоў па-сапраўднаму палюбіў яго.

Але ў гэты раз я не стала задаваць вядомаму палярніку традыцыйныя пытанні аб праведзенай у экспедыцыі рабоце, а папрасіла расказаць пра сям’ю, жонку, дзяцей і ўнукаў і падзяліцца назіраннямі аб узаемаадносінах у мужчынскім калектыве ва ўмовах вечнай мерзлаты.

Заўсёды з радасцю вяртаюся дадому

З маёй будучай жонкай мы пазнаёміліся ў 1980 годзе, калі былі студэнтамі БДУ. Я вучыўся на геаграфічным факультэце, а Ірына — на хімічным. Праз год пасля сустрэчы ўжо пажаніліся. Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта стала зразумела: мая праца будзе звязана з пастаяннымі раз’ездамі і працяглымі камандзіроўкамі. Ірына з самага «старту» нашых адносін ведала, якое неспакойнае качавое жыццё чакае мяне, а значыць, непазбежна адаб’ецца і на ёй. Але мая жонка вырасла ў сям’і вайскоўца, яе бацькі ў свой час паездзілі па гарнізонах, і яна была гатова да цяжкасцяў. Нашы рэгулярныя, дастаткова доўгія расстанні сталі індыкатарам адносін.

Безумоўна, і ў нашай сям’і здаралася ўсякае. Але ўсе выпрабаванні, лічу, мы прайшлі годна. Упэўнены: крызісы перажываюцца лягчэй, калі сужэнцаў звязваюць сапраўдныя пачуцці, якія абое шануюць. Каханне, вядома, з гадамі мяняецца. Але важна, каб яно заставалася. Думаю, менавіта каханне дапамагло маёй жонцы падтрымліваць у сям’і цёплую, прыязную атмасферу. Бо Ірына не была хатняй гаспадыняй. Яна працавала — спачатку ў «Белгідрамеце» па першай сваёй спецыяльнасці, потым бухгалтарам.

Часам жонка кажа мне: «Угаманіся ўжо. Антарктыдзе ты аддаў дастаткова часу і сіл. Можна і адпачыць». Але пры гэтым заўсёды ўсміхаецца, таму што разумее: пакуль сам не вырашу кінуць якар, угаворваць мяне не мае сэнсу. А я яшчэ не гатовы развітацца з работай у Антарктыдзе. Можа, менавіта таму, што ў мяне ёсць моцны, надзейны тыл, і я заўсёды з нецярпеннем чакаю сустрэчы са сваёй сям’ёй.

За сыноў не сорамна

У мяне трое дарослых сыноў — старэйшаму, Аляксею, 42 гады, аднаму Дзмітрыю (Міцю) — 39 гадоў, другому Дзмітрыю — 38. Два Дзімы на адну сям’ю — гэта лёс. Міця — сын майго таварыша Аляксандра, які загінуў.

Так сталася, што праз год пасля яго смерці памерла і яго жонка. У хлопчыка нікога з родных у Мінску не аказалася. І мы з Ірай вырашылі аформіць над ім апякунства. Нягледзячы на тое, што Міця застаўся на прозвішчы свайго бацькі — Аляксееў, мы з жонкай лічым яго такім жа родным, як і дваіх іншых.

Усім траім сынам стараўся прывіваць перш за ўсё сумленнасць, прынцыповасць, вучыў быць самастойнымі і самадастатковымі, не плыць у жыцці па цячэнні, а займаць актыўную пазіцыю; ставіць усвядомленыя мэты і праяўляць упартасць у іх дасягненні. Ніколі не імкнуўся вырасціць з хлапчукоў чэмпіёнаў, але прывіваў звычку да рухальнай актыўнасці, стараўся, каб раслі вынослівымі, загартаванымі, прытрымліваліся здаровага ладу жыцця. Кожны пераспрабаваў некалькі відаў спорту. Аляксей займаўся плаваннем. Міця — лёгкай атлетыкай, сілавым мнагаборствам. Дзіма — футболам, лёгкай атлетыкай, плаваннем. Па меры магчымасці ўсе трое і сёння знаходзяць час для фізічнай актыўнасці, далучаюць да яе ўжо сваіх дзяцей.

Жонка вельмі шмат уклала душэўнага цяпла і матчынага клопату ў сыноў. Вядома, Ірыне даводзілася няпроста, калі заставалася адна з трыма «байцамі». Але больш за ўсё трывожылася з-за таго, што не можа навучыць сыноў таму, у чым яны маюць патрэбу як прадстаўнікі моцнага полу. На шчасце, у маю адсутнасць да выхаваўчага працэсу падключаліся іншыя мужчыны нашай сям’і.

Я задаволены Аляксеем і Дзмітрыямі: усе трое знайшлі сабе справу па душы, стварылі сем’і, моцна стаяць на нагах. Мне за іх не даводзіцца чырванець. Мы з жонкай ніяк не ўплывалі на выбар сынамі спадарожніц жыцця, увогуле не ўмешваемся ў іх асабістае жыццё — яны дарослыя, павінны будаваць яго самастойна. У нас цёплыя даверныя адносіны з нявесткамі. Рэгулярна сустракаемся вялікай сям’ёй, з задавальненнем кантактуем. Нам камфортна і цікава адно з адным. У нас з жонкай шасцёра ўнукаў: пяць хлопчыкаў і адны «банцікі» на імя Лера. З улікам доўгіх адлучак я, напэўна, не самы лепшы дзед. Але калі ёсць вольны час, прысвячаю яго ўнукам: імкнуся з кожным пабачыцца, пагаварыць, кудысьці з’ездзіць. Для мяне гэта — аддушына! 

Самыя важныя ўрокі

Сяброў шмат не бывае. Сяброўства — гэта вялікая работа: яна правяраецца часам і выпрабаваннямі. Распаўсюджана меркаванне, што члены палярных экспедыцый — сябры не разлі вада. Гэта памылка. Ёсць тыя, хто сябруе паміж сабой, але, як правіла, мы проста калегі, таварышы па сумеснай рабоце. Праца ў Антарктыдзе — сур’ёзнае і небяспечнае рамяство, якое патрабуе ўсебаковых ведаў і навыкаў. Як у любой справе, тут неабходны досвед, а ён назапашваецца толькі з гадамі. Калі ты цалкам ізаляваны ад знешняга свету, падчас непрадбачаных сітуацый можаш спадзявацца толькі на тэхніку і людзей. Таму так важна ведаць: тыя, хто побач, не падвядуць.

Даводзіць сітуацыю да канфліктаў катэгарычна нельга — апошняе нясе ў сабе вялікія праблемы. Мае маладыя калегі, не скрыю, часам «рыпяць зубамі» з-за той жорсткай дысцыпліны, якой мы ў экспедыцыях вымушаныя прытрымлівацца. Але інакш ніяк: жыццё і здароўе — самае галоўнае. Ніводнае адкрыццё не вартае іх страты. У цэлым мне падабаюцца маладыя члены экспедыцый. Яны эрудзіраваныя, мэтанакіраваныя, славалюбівыя. Адзінае, чаго, на мой погляд, бракуе сучаснаму пакаленню мужчын — гэта рухальнай актыўнасці, любові да фізічных нагрузак.

Толькі з узростам я зразумеў, наколькі мне спатрэбіліся мае заняткі спортам. А яшчэ засвоеныя з дзяцінства бацькоўскія ўрокі. Мяне прывучылі працаваць не толькі галавой, але і рукамі. У любой — нават самай драматычнай, здавалася б, сітуацыі — бачыць штосьці добрае, заставацца аптымістам. Ад бацькі дасталася здольнасць быць адыходлівым, не таіць крыўдаў, верыць у лепшае. Ад мамы — настойлівасць, упартасць у дасягненні мэты, сур’ёзныя адносіны да справы. Для мяне заўсёды важна быць задаволеным не толькі працэсам работы, але і яе вынікам.

Пра што гавораць палярнікі паміж сабой?

У Антарктыдзе пры працяглым расстанні з блізкімі, у замкнутым мужчынскім калектыве, безумоўна, ёсць свае правілы. У палярнікаў прынята свята захоўваць асабістыя межы. У дачыненні да далікатнай тэмы асабістага жыцця прынцып такі: хочаш таварышу па экспедыцыі распавесці нешта аб сваёй сям’і — калі ласка. Але праяўляць назойлівую цікаўнасць, лезці ў душу, калі чалавек не схільны да адкрытых размоў, — недапушчальна.

Дзякуй богу, за 15 беларускіх антарктычных экспедыцый сур’ёзных выпадкаў сямейнага разладу ў членаў нашай каманды, наколькі мне вядома, не было. Цяпер расстанне з блізкімі пераносіць стала лягчэй: дзякуючы інтэрнэту можна рэгулярна выходзіць на відэасувязь. А я памятаю час, калі мы маглі хіба што адбіць радыётэлеграму, каб павіншаваць кагосьці з родных з днём нараджэння, ці перадаць радыёпісьмо, якое ішло так доўга, што інфармацыя паспявала ўстарэць. Вядома, некаторыя палярнікі псіхалагічна «ламаліся». За перыяд сваёй больш як 30-гадовай «сувязі» з Антарктыдай чуў не адну гісторыю сямейных расставанняў. Асабліва гэта датычыцца тых мужчын, якія на працягу дзесяцігоддзяў год за годам удзельнічаюць у палярных экспедыцыях. Фарміруецца асаблівы псіхатып чалавека, якому складана адаптавацца да звычайнага жыцця на Вялікай зямлі.

Аб жанчынах палярнікі калі і гавораць, то звычайна з нагоды значных падзей і свят, калі збіраюцца за агульным сталом. Звычайна гэтыя зносіны афарбаваныя цёплай танальнасцю. На ўсякія пошласці — поўнае і катэгарычнае табу.

Я б не рашыўся сцвярджаць, што мне ўсё ў жанчынах зразумела. Мама, жонка, нявесткі для мяне ў нейкай меры прадказальныя. Але наогул любая жанчына — гэта цэлы сусвет. Як у Антарктыдзе кожны дзень поўны нечаканасцяў, небяспек, радасцяў, адкрыццяў, так і з жанчынамі, па-мойму: ніколі дакладна нельга прадказаць, што яны здольныя зрабіць, чым яшчэ здзівіць.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота БелТА і з архіва А. А. Гайдашова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.