Вы тут

Лукашэнка прыняў удзел у мерапрыемстве па ўводзе ў эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу станцыі «Усход» у Антарктыдзе


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным прыняў удзел у мерапрыемстве па ўводзе ў доследную эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу на станцыі «Усход» у Антарктыдзе. Мерапрыемства прайшло ў фармаце відэа-канферэнцыі, перадае БелТА.


Цяпер там завершаны работы па стварэнню новага зімовачнага комплексу. «Усход» — круглагадовая ўнутрыкантынентальная антарктычная навуковая станцыя Расіі – знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Антарктыды. Па інфармацыі ТАСС, там вядуцца працы па даследаванні клімату і магнітнага поля Зямлі, метэаралагічныя, геафізічныя, гляцыялагічныя (па даследаванні прыроднага лёду) назіранні, вывучаюцца ўласцівасці матэрыялаў ва ўмовах нізкіх тэмператур і іншыя.

Новы зімовачны комплекс станцыі выраблены на доследным заводзе будаўнічых канструкцый у Гатчыне (Ленінградская вобл.). Ён уключае ў сябе два службова-жылыя памяшканні, будынак з чатырма дызель-генератарамі магутнасцю 200 кВт кожны і сістэмай ачысткі і захоўвання вады, складам і гаражом. Кожны блок здольны працаваць аўтаномна.

Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб выніках палярных даследаванняў, адзначыў, што на яго больш за ўсё ўразіла інфармацыя аб тым, што за апошнія прыкладна 420 тыс. гадоў прайшло чатыры цыклы, калі глабальнае пахаладанне змянялася глабальным пацяпленнем. «Я так жартам гавару: цікава б ведаць, у якім мы перыядзе і ў якім пункце знаходзімся, калі гэта пахаладанне або пацяпленне прыйдзе да нас, — сказаў Прэзідэнт. — Вельмі хочацца, каб не толькі мы, але і планета існавала. А то , што вы мне распавялі, гэта ўвогуле за гранню разумення знаходзіцца. Цяжка нават усвядоміць, што нашы даследчыкі і навукоўцы робяць такія высновы».

Што да ўводу ў строй новага зімовачнага комплексу, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Хлопцы робяць вельмі добрую работу. Я таксама далучаюся да слоў Прэзідэнта і хачу павіншаваць усіх вас з адкрыццём новага зімовачнага комплексу станцыі „Усход“. Немалыя грошы, мільярды рублёў укладзены для таго, каб стварыць такую зручную і ўтульную прыгажосць для працы там нашых рабят».

Падчас мерапрыемстваў планавалася сувязь і са станцыяй, дзе знаходзяцца беларускія палярнікі, але ўмовы надвор’я не дазволілі гэта зрабіць.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Антарктыда да гэтага часу з’яўляецца самым малавывучаным мацерыком планеты. «Расія з’яўляецца лідэрам у вывучэнні Антарктыкі на сённяшні дзень. Ніхто не можа з гэтым параўнацца. У нас была вялікая краіна — Савецкі Саюз. Мы разам працавалі. Але калі нехта спадзяваўся, што гэта ўсё загіне, — аказваецца, не загінула, а выйшла на больш высокі ўзровень», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама падзякаваў расійскім сябрам, якія і раней, і цяпер дапамагаюць беларускім вучоным з размяшчэннем на сваёй станцыі, падтрымліваюць даследаванні, дзеляцца навуковымі данымі, прадастаўляюць абсталяванне. «Ведаю, што працуе і наша абсталяванне там. Мне далі інфармацыю: у 2018-2020 гадах тут быў уведзены ў эксплуатацыю ўльтрафіялетавы фатометр канструкцыі беларускага ўніверсітэта. Я ўпэўнены, праграма будзе працягвацца з выкарыстаннем гэтага абсталявання. Я ў Беларусі зверну больш пільную ўвагу на развіццё гэтага сектара навукі і практыкі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта дасць добры штуршок развіццю, і мы вельмі сур’ёзна да гэтага паставімся. Мы вельмі ганарымся, што маем дачыненне да гэтага. Яшчэ раз дзякую расіянам, вам, Уладзімір Уладзіміравіч. Вы ўдзяляеце гэтаму вялікаю увагу».

Звяртаючыся да палярнікаў, Прэзідэнт адзначыў складаныя ўмовы, у якіх ім даводзіцца працаваць, і нават маршрут да станцыі вельмі доўгі і складаны: «Вы ўчыняеце подзвіг. Мы вамі ганарымся. Дзякуй вам вялікі. Мы, беларусы, будзем больш актыўна ўключацца ў гэтыя працэсы. Жывіце дружна. Мы — браты, нам дзяліць няма чаго. Уклад у навуку павінен быць як з боку Расіі, так і Беларусі».

Беларусь на працягу шэрага гадоў рэалізуе і сваю антарктычную праграму. Пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы ў 2006 годзе краіна пачала свой шлях у засваенні Антарктыды. Вынікі даследаванняў у палярным рэгіёне важныя не толькі з фундаментальнага, але і з практычнага пункту гледжання. Геафізічныя працэсы, якія адбываюцца ў Антарктыдзе, вызначаюць клімат планеты і захаванне біяразнастайнасці. Гэта прычына актыўнасці высокатэхналагічна развітых краін у гэтым рэгіёне.

З 2015 года ва Усходняй Антарктыдзе будуецца Беларуская даследчая станцыя. У 2021 годзе завершана стварэнне першай яе чаргі, а да 2026 года плануецца завяршыць фарміраванне яе другой чаргі. Склад і тэхнічныя характарыстыкі блокаў (мадэляў) станцыі дазваляюць у поўным аб’ёме забяспечыць бяспечныя ўмовы працы палярнікаў агульнай колькасцю да 15 чалавек.

У рамках дзяржаўных праграм па даследаванні Антарктыкі з 2007 па 2023 год арганізавана і праведзена 15 беларускіх сезонных антарктычных экспедыцый, у якіх прынялі ўдзел больш за 80 беларускіх і 6 замежных вучоных і спецыялістаў.

У НАН Беларусі 30 кастрычніка 2023 года быў дадзены ўрачысты старт 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі на чале з вопытным палярнікам, удзельнікам усіх папярэдніх 15 экспедыцый Аляксеем Гайдашовым. У першай дэкадзе студзеня бягучага года была праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы генеральнага грузу і супрацоўнікаў Беларускай антарктычнай экспедыцыі на палявую базу «Гара Вячэрняя». Яна размешчана на ўзбярэжжы мора Касманаўтаў недалёка ад сезоннай расійскай станцыі «Маладзёжная».

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.