Вы тут

Бэзавы букет, што чакаў ледзь не сорак гадоў


Заўважаю, што кожнае лета ў газеце адбываецца пэўны ўсплёск тэмы вясковых дамоў і іх жыхароў. Летась у гэтую пару цэлая дыскусія здарылася з падачы Надзеі Дрындрожык аб тым, ці «...прадаецца хата бацькоў». Тады я напісала ў сваёй калонцы, што пад уплывам разваг нашых штатных і пазаштатных аўтараў рашылася нарэшце, больш чым праз 35 гадоў, наведаць бабулін дом. І летась зрабіла тое, але гаспадароў не застала. Суседзі сказалі, што яны надоечы паехалі ў горад. Давялося развярнуцца.


Фота аўтара

А гэтым летам, калі прыехала ў бацькоўскую хату падчас адпачынку, зноў вырашыла зазірнуць у суседнюю вёску, дзе часта бывала ў дзяцінстве. Бабуля Ганна памерла, калі я была на пятым курсе ўніверсітэта, праз тры гады дзядзька, мамін брат, прадаў хату дачнікам з Баранавіч. Больш там я не была. Але ж карцела пабываць кожны раз, як толькі трапляла на малую радзіму, ну хоць бы збоку глянуць на хату, дзе заўсёды чакалі і любілі. Баба Ганна з усіх сваякоў старэйшага пакалення была мне найбольш духоўна блізкім чалавекам. Здавалася, яна разумее без слоў. Іншы раз думаю, каб магла пагаварыць з ёй у маім цяперашнім узросце, мы дакладна аказаліся б аднадумцамі.

Я вельмі мала знаю пра яе маладыя гады і ўвесь час дакараю сябе, што не распытала некалі. Ведаю толькі, што расла сіратой, бацькоў сваіх нават не памятала, вядома, пасагу асабліва не было. Аднойчы паўжартам расказвала, што дзед, калі заслаў сватоў, меў адну каштоўную рэч — шынель з сукна, які прывёз з Грамадзянскай вайны. Але ж той шынель не дажыў да вяселля, яго са злосці ўкрала яшчэ адна вясковая нявеста, якая мела зуб на маладзёна. Вось такая гісторыя.

Бабуля была працаўніцай, якіх пашукаць. У калгасе не проста ў перадавіках хадзіла, яе на абласную выставу вазілі як найлепшага льнавода. Я так разумею, і тады нешта накшталт цяперашніх «Дажынак» праводзілі. А яшчэ яна добра шыла, мела швейную машынку, рабіла карункавыя фіранкі на вокны, калі з дапамогай дзірачак на белым паркалі ствараюцца розныя ўзоры і арнаменты. Ні ў кога ў вёсцы не было такіх прыгожых…

І вось па старой брукаванцы, што добра захавалася, але крышачку ўжо зарастае травой, пад’язджаю да знаёмай хаты, якая цяпер літаральна патанае ў кветках. На гэты раз застаю гаспадароў на падворку. Называю сябе, расказваю пра мэту свайго візіту і бачу шчырыя ўсмешкі на тварах. Знаёмімся. Яўгенія і Вячаслаў, адукаваныя, інтэлігентныя пенсіянеры з Баранавіч, за 34 гады добраўпарадкавалі хату, падрамантавалі і звонку, і знутры, правялі ў кухню ваду. Але галоўнае, што з падворка яны зрабілі сапраўдны кветкавы сад. Цэлыя зараснікі гартэнзіі хаваюць і дом, і агароджу ад вуліцы. Клумбы самых розных формаў з яркімі летнімі кветкамі надаюць святочны выгляд прасторы.

Агародам яны таксама займаюцца, наводдаль стаіць цяпліца, далей — грады. Расказалі, што цяпер гэта любімае месца іх сям’і. Толькі нядаўна адна дачка са сваёй сям’ёй з’ехала, неўзабаве чакаюць другую. Яшчэ гаспадары надзвычай любяць рыбалку, заядлай рыбачкай аказалася і Яўгенія. Згадала, як нядаўна на вуду ёй трапілася невялікая фарэль. Сапраўды, рэдка дзе ў Беларусі можна сустрэць гэтую рыбіну, нездарма яе завуць царскай, бо водзіцца яна толькі ў цалкам чыстай вадзе. А ў нашай рачулцы — вераб’ю па калена — аказваецца, яна ёсць.

Запрасілі гасцінныя гаспадары зайсці ў дом. Амаль праз сорак гадоў я пераступала гэты парог з вялікім хваляваннем. З цяжкасцю, але пазнала пакоі, дзе многае памянялася. Напрыклад, новыя гаспадары прыбралі печку, пакінулі толькі вялікую печ у кухні, зрабілі перагародку паміж пакоямі. На месцы бабулінай шафы стаіць вялікая гарадская, але і бабуліну, цёмную, з фанернымі дзвярыма не выкінулі, яе паставілі ў спальні! І мяне гэта чамусьці абрадавала. Некалі там віселі са дзве яе выхадныя сукенкі ды дзедаў гарнітур, а бялізну яна складвала ў куфар. Яго, дарэчы, таксама прыстасавалі да нейкіх гаспадарчых патрэб. А над ложкам я пазнала карціну-вышыўку — белыя і бэзавыя гронкі на чорнай тканіне. Калі не памыляюся, яе вышывала не бабуля, а яе дачка, мая мама…

Мне засталося шчыра падзякаваць гэтым раней незнаёмым людзям за тое, што падтрымліваюць дом у парадку, за тое, што зрабілі адным з найпрыгажэйшых у вёсцы падворак, што не згасла жыццё ў доме. У Навасёлках, дарэчы, амаль не засталося карэнных жыхароў. Асобныя дамы даглядаюць спадчыннікі, іншыя купілі вось такія дачнікі. Жывуць тут з вясны да позняй восені, дыхаюць чыстым паветрам. «Не разумею тых пенсіянераў, што сядзяць на лаўках у горадзе, — сказаў Вячаслаў. — З жонкай іх жартам называем „худсавет“. Мы лічым, што пасля завяршэння працоўнага этапу жыцця ў горадзе пачалі новы этап, не менш актыўны і прадукцыйны».

Са словамі ўдзячнасці я выказала меркаванне, што душа маёй бабулі Ганны радуецца за хату, што не пустуе яна, а служыць на карысць людзям. 

А калі развітвалася, Вячаслаў папрасіў пачакаць і праз хвіліну вынес з хаты вышыўку ў рамцы — бэзавы букет на чорным фоне: «Вазьміце, хай будзе на памяць пра бабулю». Цяпер ён вісіць у маім вясковым доме. Спачатку хацела памяняць драўляную рамку на новую, а потым перадумала. Нехта з маіх продкаў рабіў яе сваёй клапатлівай рукой.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.