Вы тут

У тым месцы ў той час


Думаю, што кожнаму з нас, і не раз, даводзілася перажываць такія сітуацыі, калі здаецца, што паспяшаўся літаральна на хвіліну. А каб прамарудзіў, то ўсё абышлося б, склалася б па-іншаму. Ну, напрыклад, трапіў у ДТЗ, выліў каструлю вару на нагу, сабраўся вынесці смецце, раптам зазваніў тэлефон, на аўтамаце ўзяў яго замест ключоў, нагой прыкрыў дзверы, а яны зачыніліся... І тады дакараеш сябе: хай бы даглядзеў сюжэт тэлеперадачы, выехаў крыху пазней, тады дакладна не трапіў бы ў аварыю. Альбо навошта было купляць той кісель-канцэнтрат і варыць яго — сто гадоў жыў без кісялю з пачка! Ці якой халеры далёкай сваячцы закарцела патэлефанаваць менавіта сёння?


Але ўсё адбываецца тут і цяпер, так было заўсёды, з гэтага складваецца жыццё, і нічога змяніць нельга. Бо, як сказана ў вядомым рамане, Ганначка ўжо разліла алей. Трэба думаць, што ніякая сіла не верне яго назад у бутэльку.

У час майго дзяцінства ў нашай вёсцы адно здарэнне згадвалі нават не гады — дзесяцігоддзі. Я тады зусім малая была, ведаю найбольш з аповедаў дарослых. Дык вось у гаспадарцы працаваў малады спецыяліст — галоўны эканаміст ці заатэхнік, і ўпадабаў ён другога маладога спецыяліста — настаўніцу, што працавала ў вёсцы кіламетраў за шэсць. Аднойчы, скарыстаўшыся тым, што дырэктар саўгаса ў пятніцу пасля абеду недзе з'ехаў, наш герой падхапіў службовую машыну і вырашыў падскочыць да дзяўчыны за гадзіну да канца рабочага дня. Тое было ў пачатку зімы ці напрыканцы восені, калі рэчку толькі пакрыў тонкі лядок. Чацвёра малодшых школьнікаў пайшлі коўзацца па лёдзе ў ціхай мясціне, якую ў нас называюць Бродам. Словам, лёд не вытрымаў, і ўсе, адзін за адным, трапілі ў ваду. Там хоць не асабліва глыбока было, але перапуджаныя дзеці не маглі выбрацца з ледзяной вады. Тады бераг быў зусім не зарослы хмызняком, як цяпер, Брод выдатна праглядаўся з дарогі. І кіроўца, на шчасце, заўважыў нейкую падазроную валтузню. Адлегласць там — адна хвіліна машынай, хлопец рашуча павярнуў, і, як гаварыла адна вясковая жанчына: «Нібы гусянят, павыкідваў аднаго за адным на бераг». Ну а потым, вядома, закінуў небарак у машыну і развёз па хатах. Дык вось, гадоў праз дзесяць, а можа, і пятнаццаць, жанкі на выгане зноў складвалі рукі і ківалі галовамі: «Гэта ж каб дырэктар не з'ехаў на сваё паляванне альбо хлопец не рашыўся адлучыцца за гадзіну да канца рабочага дня! Ці каб ехаў хутка і не затармазіў перад паваротам ды не заўважыў іх!» — і далей не працягвалі, бо вядома, што было б.

Згадаўся той далёкі выпадак учора, калі расказалі пра яшчэ адно цудоўнае выратаванне, што здарылася тыдні паўтара таму. Яны знаёмыя маіх знаёмых. У сям'і іх дачкі, якая гадуе траіх дзетак, пануе згода і любоў. Малады бацька, каб карміць і ўтрымліваць вялікую сям'ю, вядома, шмат працуе. Ён настройвае халадзільнае абсталяванне ў адной з буйных гандлёвых сетак. І вось у адзін з нядаўніх дзён у адной з крам здарылася сур'ёзная паломка, наладчык спрабаваў самастойна выправіць сітуацыю, ды атрымаў удар токам. Электрычнасць нейкім чынам прайшла праз руку, яе літаральна вывернула. Маладзенькая супрацоўніца, якая аказалася сведкай траўмы, вырашыла, што гэта пералом, так і тлумачыла аператару хуткай. На пералом канечнасці, вядома, не едзе рэанімацыйная брыгада: гэта не самы экстранны выпадак, яны прыехалі наогул праз паўгадзіны. Як высветліцца пазней, гэта быў зусім не пералом — электратраўма выклікала клінічную смерць мужчыны. А ў супермаркеце на тую хвіліну стаяў пакупнік, урач-рэаніматолаг адной з лячэбных устаноў горада. Ён адразу ацаніў сітуацыю і аказаў першую кваліфікаваную дапамогу.

Потым жонцы скажуць у бальніцы, што прамарудзь тая дапамога хвілін на дзесяць, і трое дзяцей былі б без бацькі. Мужу яшчэ спатрэбіцца доўгае лячэнне і рэабілітацыя, але ж прагнозы добрыя. Праз гарадскі аддзел аховы здароўя жанчына знайшла выратавальніка (нехта запомніў медыцынскі цэнтр, які ён назваў сваім месцам работы)... Не магла не пакланіцца яму, не падзякаваць ад імя ўсёй сям'і. Ён расказаў, што раней ніколі не быў у гэтым супермаркеце, а тут зайшоў праведаць пажылога бацьку, той папрасіў купіць нешта з прадуктаў, таму і накіраваўся ў найбліжэйшы гандлёвы пункт. Пасля гэтага крыху дапамог бацьку па хатняй гаспадарцы, потым яшчэ пасядзелі, пагаварылі. А сям'я цяпер бласлаўляе тую хвіліну, калі ён вырашыў зайсці ў тую краму. І зайсці не перад адыходам дадому, а менавіта ў час, калі ён быў там так неабходны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.