Вы тут

Кветкі маёй душы


Зайшла каляжанка і проста так з парога, каб пачаць гаворку, весела прамовіла: «Пра што пішаш, пра кветачкі?» А што, хіба кветкі займаюць так мала месца ў нашым жыцці, што не вартыя калонкі? Вунь цяпер махляры на звычцы радаваць мілых і родных букетамі немалыя грошы зарабляюць. Чулі, напэўна, як у інтэрнэце заказваюць букеты, плацяць за іх, а потым заказ не атрымліваюць.


Відаць, модна цяпер дарыць дарагія шыкоўныя букеты, ды яшчэ з дастаўкай. У часы маёй маладосці для дзяўчыны, маці альбо жонкі выбіралі кветкі ў краме, таму і не было ніякага падману. А калі я толькі пачынала працаваць у пружанcкай «раёнцы», у райцэнтры наогул не было магазіна кветак. Іх можна было купіць толькі ў Брэсце, за 80 кіламетраў, а калі пашанцуе, дастаць па блаце колькі гваздзікоў, бо іх вырошчвалі ў цяпліцы сельгастэхнікі. Цяпер з кветкамі праблем, як вядома, няма нідзе. Але ж цяплічнае нятаннае хараство здольнае радаваць некалькі дзён, а потым яно немінуча завяне.

Іншая справа — кветкі, вырашчаныя ў сваім гародчыку. Хто мае ўласны дом, дачу альбо дамок у вёсцы, мяне зразумеюць. Калі бачыш, як абуджаюцца любімыя краскі пасля зімы, як падрастаюць, выпускаюць бутоны альбо ўзыходзяць, пасеяныя на клумбе, гэта асаблівае задавальненне. У маёй суседкі Наталлі проста аграмадныя плантацыі: яна агарод не садзіць, вырошчвае толькі кветкі, шчыруе над імі з вясны да восені. У мяне кветнік куды больш сціплы. Але кожная з кветак мае сваю гісторыю.

Асабліва люблю ружовыя флёксы, бо іх некалі развяла мама каля нашай хаты, а ёй, калі не памыляюся, прывёз з горада брат. Ужо даўно няма ні маці, ні дзядзькі, а кветкі растуць і каля нашага дома, і тут, у мяне. Яны зацвітаюць у канцы чэрвеня і ружавеюць добры месяц. Пасаджаныя з боку вуліцы, звяртаюць на сябе ўвагу. Часам нехта спыняецца пахваліць кветкі, пагаварыць. У многіх бачыла флёксы, але мае — нейкі іншы сорт, яны не растуць высокія, маюць вялікія суквецці, выглядаюць больш пяшчотнымі за іншых сваіх суродзічаў. Вось толькі знізу лісце жаўцее, і ў інтэрнэце нічога слушнага з гэтай нагоды. Відаць, проста так рэагуюць на адсутнасць вільгаці. Трэба старацца больш паліваць.

А ранняй вясной у красавіку радуюць вока гіяцынты. Некалькі цыбулін падарыла аднойчы наша адданая чытачка падчас сустрэчы. Першыя гады яны неяк так-сяк цвілі, а цяпер увабраліся ў сілу і гэтай вясной здзівілі яркімі рознакаляровымі кветкамі. Яшчэ пуста кругом, зямля рудая, без травы, а гіяцынты так і ззяюць сваім вясновым прывітаннем.

Нечакана для сябе палюбіла лілею. Раней мне не падабаўся пах гэтай кветкі. А цяпер прывыкла, ды і лілея на рынку трапілася асаблівая, яна амаль не пахне. Праўда, вельмі далікатная, на яе перыядычна нападаюць розныя шкоднікі, даводзіцца ратаваць, пырскаць, каб да пачатку ліпеня яна паказала сваю элегантна-цнатлівую белую прыгажосць. А можа, яна не любіць суседства з гладыёлусамі? Трэба пачытаць у інтэрнэце. Гладыёлусы займаюць прадаўгаватую клумбу. Іх падарыла гераіня майго даўняга матэрыялу з Пружанскага раёна. У яе цэлая плантацыя гэтых кветак, якія вырошчвае на продаж. І ўжо некалькі гадоў яны растуць у мяне.

Яшчэ люблю ружы летам і хрызантэмы пад восень. А вось астры чамусьці не растуць, у першыя гады пасля куплі дома раслі добра, а цяпер нават не ўзыходзяць. Сёлета для эксперыменту купіла пакецік насення пад назвай «Маўрытанскі газон», дарэчы, у нашай газеце вычытала рэкамендацыю. Інструкцыя на адваротным баку абяцае доўгае цвіценне. Узышлі расліны добра, і ўжо некаторыя выпусцілі падобныя да каласкоў бутоны. Паглядзім, што за «маўрытанскую» красу яны пакажуць.

Але ж кветкі бываюць не толькі на клумбах і ў вазах. Кветкі ўпрыгожваюць розныя вырабы і тканіны. Цяпер іх усё менш ва ўзорах нашага тэкстылю, заўважылі? Сучасны чалавек цягнецца да мінімалізму. Цяпер мы купляем аднатонныя шторы, пакрывалы, дываны на падлогу. А раней жыццё ўпрыгожвалі кветкі. Нядаўна давялося быць у музеі «Бездзежскі фартушок». Зноў паглядзела на разнастайнасць кветкавых узораў нашых майстрых, простых вясковых жанчын. Там нагадалі, што ў калекцыі маецца некалькі соцень фартушкоў з адной мясцовасці. І ніводзін узор не паўтараецца! Працавала ж фантазія ў прабабуль. А ўзоры стагоддзе таму чэрпалі з наваколля, пераймалі з кветак ды пераносілі на тканіну.

Прыехала з той камандзіроўкі, дастала старую маміну вышыванку, якая дагэтуль ляжала ў шафе. Якія ж прыгожыя, яркія на ёй кветкі! Нарэзала з грады васількоў (іх таксама вырошчваю на падворку), паставіла ў кашпо, якое летась падарыла калега. Яна, дарэчы, гэткую прыгажосць робіць сваімі рукамі і ўпрыгожвае тым жа кветкавым узорам. І такі настрой сабе стварыла, не паверыце! На душы пасвятлела.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.