Вы тут

Сківічна-тварны хірург Алена Рудая: Аперыруючы, становішся іншым чалавекам


Кампліменты сваім залатым рукам і словы ўдзячнасці яна чуе ад пацыентаў пастаянна ўжо на працягу чвэрці стагоддзя.

З якімі праблемамі часцей за ўсё да яе звяртаюцца? Як новыя тэхналогіі і падыходы робяць медыцынскую дапамогу больш эфектыўнай? Аб гэтым гутарым з загадчыцай аддзялення сківічна-тварнай хірургіі і рэканструкцыйнай стаматалогіі Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі (МНПЦ ХТіГ) Аленай Рудой.


Выратаваць твар

— Нават дарослыя часта прызнаюцца, што баяцца стаматолагаў. Што ўжо казаць пра сківічна-тварных хірургаў? З развіццём медыцыны, паводле вашых назіранняў, Алена Валер’еўна, страх перад урачамі Вашай спецыяльнасці зменшыўся?

— Думаю, так. Ва ўсякім разе, пасля аперацый часта чую прызнанні: усё аказалася не так страшна, як уяўлялася. Безумоўна, гэта тлумачыцца прагрэсам у медыцыне, новымі тэхналогіямі і падыходамі, якія мы прымяняем. Нярэдка ў наша аддзяленне трапляюць складаныя пацыенты, якія маюць патрэбу ў высокатэхналагічных аперацыях. Ёсць і эксклюзіўныя паслугі, што нідзе больш у Беларусі не аказваюць. Напрыклад, нараўне са стаматалагічнай паталогіяй ёсць скрыўленне насавой перагародкі, што прыводзіць да хранічных парушэнняў дыхання, сну. Такіх пацыентаў лечым разам з лор-хірургам. Спачатку выдаляем хворыя зубы, потым аперыруем верхнясківічныя пазухі, чысцім прыдаткавыя пазухі носа, устараняем скрыўленне насавой перагародкі. Замест двух візітаў і аперацый у розных спецыялістаў вырашаем за адно наведванне дзве праблемы, якія ўзмацняюць адна адну.

— З якімі праблемамі часцей за ўсё Вам даводзіцца мець справу?

— Шмат зваротаў з прычыны дэнтальнай імплантацыі. Такія паслугі аказваюць многія прыватныя цэнтры. Аднак да нас, паўтаруся, трапляюць вельмі складаныя і запушчаныя пацыенты, за каго, як правіла, не бяруцца ў іншых месцах. Напрыклад, атрафія альвеалярных адросткаў (часцей за ўсё ўзнікае з-за працяглай адсутнасці зубоў), сур’ёзныя касцявыя дэфекты сківіцы вельмі ўскладняюць устанаўленне імплантаў. Прыходзіцца спачатку выканаць касцявую пластыку. Для гэтага выкарыстоўваем алагенныя біятрансплантаты з адзінай у краіне лабараторыі такога кшталту пры нашым МНПЦ. Яны праходзяць 16 ступеняў ачысткі, і толькі пасля гэтага перасаджваюцца пацыентам. Праз чатыры месяцы, калі біяматэрыял прыжыўся, праводзіцца імплантацыя зубоў. Падобныя тэхналогіі дазваляюць не браць касцявую тканку ў самога пацыента (са сцегнавой косці, рабра і г. д). Так аперацыя становіцца менш траўматычнай, а рэабілітацыя паскараецца. Жавальныя функцыі аднаўляюцца, эстэтычны выгляд прыкметна паляпшаецца, якасць жыцця павялічваецца.

— Вы 17 гадоў загадвалі гнойным аддзяленнем сківічна-тварнай хірургіі ГКБ № 11 Мінска. Ці маглі б параўнаць сваю работу ў МНПЦ з ранейшай?

— Пацыенты клінікі мелі патрэбу ў неадкладнай дапамозе. Гэта вельмі добрая школа для ўрачоў нашага профілю. Памятаю, як аднойчы ў пацыента пасля гнойнага запаленчага захворвання на міжсценні нечакана адкрыўся крывацёк. Мы ратавалі яго брыгадай чалавек 10 на працягу 8 гадзін, і на шчасце, выратавалі. Тут, у МНПЦ, займаемся планавымі аперацыямі на пазабюджэтнай аснове. Наша аддзяленне адкрылася ў снежні 2021-га. За гэты час перакаліся, які высокі попыт на нашы паслугі. Да таго ж у XXI стагоддзі ёсць запыт на высокі ўзровень сэрвісу. У нас амбулаторны прынцып работы, але ёсць і стацыянар. Пасля аперацый пад наркозам пацыенты трапляюць у «палаты абуджэння». Калі трэба пабыць пад нашым назіраннем даўжэй, яны могуць затрымацца ў палаце павышанай камфортнасці. Упэўнена: у нашага аддзялення вялікія перспектывы.

— Галоўнае, як вядома, у любой справе — кадры. З імі ў вас няма праблем?

— У нас у аддзяленні выдатныя ўрачы, якія пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю. Напрыклад, прафесар А. С. Ластоўка спецыялізуецца на выдаленні пухлін слінных залоз, праводзіць мікрахірургічныя аперацыі пад мікраскопам. Ёсць урач, якая займаецца лячэннем паталогій скронева-сківічных суставаў ін’екцыямі гіялуронавай кіслаты. Калі падчас аперацый узнікаюць няштатныя сітуацыі, можам выклікаць неабходных спецыялістаў нашага МНПЦ. Гэта вельмі зручна. Вось прыклад. Нядаўна да нас звярнуўся пажылы мужчына, каб выдаліць кісту на сківіцы. Ён дыябетык, перанёс анкалогію. Безумоўна, перажываў з прычыны хірургічнага ўмяшання. Але мы растлумачылі: у выпадку непрадбачаных ускладненняў выклічам спецыялістаў, і яны абавязкова акажуць яму любую неабходную дапамогу.

— Вы маеце справу з тварам. Напэўна, пацыенты турбуюцца, каб ён не пацярпеў пасля аперацыі, каб не было якіх-небудзь негатыўных знешніх наступстваў. Ці даводзіцца Вам звяртацца да дапамогі пластычных хірургаў?

— З часам, упэўнена, возьмем у штат і пластычнага хірурга, і артадонта. Пакуль спраўляемся самі. Усе сківічна-тварныя хірургі праходзяць спецыяльны курс і могуць самастойна выканаць невялікую пластыку, напрыклад, дзясны вакол дэнтальных імплантаў. Усе разрэзы на твары таксама робім з улікам прынцыпаў пластычнай хірургіі.

— Чаму, на Ваш погляд, у беларусаў так шырока распаўсюджана стаматалагічная і сківічная паталогія?

— Таму што многія зацягваюць візіт да ўрача. Выдаліўшы зуб, пажадана на працягу паўгода паставіць імплант ці пратэз. Заўсёды прасцей вырашыць праблему з адным зубам. Калі страціць 3-5, касцявая тканка атрафіруецца. Раз на паўгода трэба знаходзіць час, каб наведаць урача-стаматолага.

Прафесія лідараў

— Хірургія традыцыйна лічыцца пераважна мужчынскай справай. Што заахвоціла Вас выбраць гэту спецыяльнасць?

— Гэта не я яе выбрала, а яна — мяне. Калі вучылася ў медуніверсітэце, збіралася быць звычайным стаматолагам. Аднак мяне размеркавалі ў аддзяленне сківічна-тварнай хірургіі, і я адразу ж улюбілася ў гэту спецыяльнасць. Мусіць, гэта той самы Шчаслівы Выпадак. Сёння без сваёй прафесіі проста не ўяўляю жыцця. Мне падабаецца дапамагаць людзям, хутка бачыць вынікі сваёй працы, увесь час удасканальвацца.

— Якімі якасцямі павінна валодаць жанчына, каб стаць добрым сківічна-тварным хірургам?

— Па маіх назіраннях, усе жанчыны нашай спецыяльнасці ў той ці іншай ступені надзеленыя лідарскімі якасцямі. Іх вызначае ўменне браць адказнасць на сябе, дзейнічаць хутка і рашуча. Без гэтага складана дабіцца поспеху ў хірургіі. Гэта зусім не значыць, што мы пазбаўленыя жаноцкасці або не схільныя да эмоцый. Але калі аперыруеш, становішся іншым чалавекам. На мой погляд, у жанчын ёсць свае канкурэнтныя перавагі ў параўнанні з мужчынамі-хірургамі. Нярэдка мы больш вынослівыя і скрупулёзныя.

— А ці ёсць ва ўрачоў Вашай спецыяльнасці прафесійныя дэфармацыі?

— Цяжка аб гэтым самой меркаваць. За чвэрць стагоддзя ў прафесіі праз мае рукі прайшлі тысячы пацыентаў, і ў мяне ўзнікла дзіўнае адчуванне, быццам я ўсіх ужо ў Беларусі ведаю. Ці дэфармацыя гэта? Хутчэй, пабочны эфект.

— Вы не толькі аперыруеце, але яшчэ і кіруеце аддзяленнем. Бывае, жанчыны-кіраўнікі так «уваходзяць у ролю», што і дома ўсіх па звычцы «строяць». А Вы, вяртаючыся з працы, «выключаеце» кіраўніка?

— Лёгка. Ніколі не «строіла» ні сыноў, ні тым больш — мужа. Мяне вельмі задавальняе сітуацыя, калі галава сям’і — мужчына, а я магу хаця б дома расслабіцца, адчуць сябе жанчынай, жонкай, мамай. Дарэчы, менавіта муж увесь час падахвочваў мяне да развіцця ў прафесіі, да таго, каб я расла як спецыяліст.

— Ці ёсць у Вашай сям’і яшчэ медыкі, акрамя Вас?

— Мая мама, Вольга Леанідаўна Ліс, шмат гадоў прапрацавала медсястрой у дзіцячых кансультацыях Капыля і Клецка. Цяпер на пенсіі. Малодшы сын Мікіта вучыцца ў медуніверсітэце, плануе стаць хірургам-анколагам.

— Вы не пярэчылі, каб сын працягнуў медыцынскую дынастыю?

— Не. І старэйшы Сяргей, і малодшы самі выбіралі, куды паступаць. Калі сыны былі маленькія, а мяне выклікалі ноччу да экстраннага пацыента, я будзіла іх і брала з сабой у клініку, паколькі баялася пакінуць дома адных (муж па службе часта бываў у камандзіроўках). Я аперыравала, а дзеці драмалі ў кабінеце. Здавалася б, такія начныя пад’ёмы павінны былі адбіць усякую цікавасць да медыцыны. Але вось, як ні дзіўна, з Мікітам гэтага не здарылася, ён вельмі захоплены будучай прафесіяй.

— Калі Вы стамляецеся, якому адпачынку аддаяце перавагу?

— Звычайна адпраўляюся падарожнічаць і цалкам пераключаюся. Дастаткова тыдня-другога паўнавартаснага адпачынку, каб зноў вярнуліся сілы і захацелася на работу.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Юліі РАМАНЬКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.